Ансамбль кляштара францысканцаў

Гальшанскі кляштар францысканцаў, помнік архітэктуры 16−18 ст. Пасля смерці ў 1555 г. Паўла Гальшанскага маёнтак Гальшаны перайшоў у валоданне Сапегаў. У 1618 г. Павел Сапега пабудаваў касцёл з кляштарам для манахаў-францысканцаў.

Кляштар уяўляе сабой ансамбль, абнесены сценамі жылога двухпавярховага корпуса П-падобнай формы. Галоўным збудаваннем з’яўляецца касцёл Іаана Хрысціцеля, які прымыкае да жылых памяшканняў. Такім чынам, унутры кляштара ўтвораны двор, вакол якога размешчаны жылыя карпусы і касцёл. Гэтае збудаванне вельмі цікавае з пункту гледжання геніяльнасці архітэктурнай думкі тварцоў таго часу. Уваход ажыццяўляўся праз браму з надбудаванай званіцай. Званіца − помнік архітэктуры позняга класіцізму.

Будынак касцёла ў 1675 г. быў прамавугольны з выступаючай апсідай, завяршалася яна купалам у форме шлема, пакрыццё было гонтавае. Да асноўнага аб’ёму прымыкалі дзве капліцы. У бабінец касцёла вялі вялікія двухстворкавыя дзверы з брамкай і невялікім акенцам. З бабінца можна было патрапіць і на галерэю кляштарнага корпуса.

У 1675 г. у касцёле было сем алтароў. Галоўны алтар — Святога Яна Хрысціцеля — быў драўляны. Пасля перабудовы касцёла ў ім стала восем алтароў, шэсць з іх знаходзіліся каля слупоў, два пры сцяне. Галоўны алтар размешчаны ў алтарнай частцы цэнтральнага нефа. На плоскай сцяне алтарнай часткі намаляваны паўкруглы алтар. Ён з’яўляецца галоўным эмацыянальным акцэнтам усяго касцёла. У пачатку 1790-х гадоў касцёл быў распісаны. У інтэр’еры храма ў 3 шурфах знойдзены фрагменты фрэскавай размалёўкі 16 ст. У духу рэнесансу выканана мармуравае падмагілле Паўлу Сапегу і тром яго жонкам, пастаўленае ў касцёле.

Паводле царскага ўказа ад 19 ліпеня 1832 г. гальшанскі францысканскі кляштар быў скасаваны. Касцел стаў фарным, а будынак кляштара перайшоў у казённае ведамства. У 1950-я гг. касцел быў закрыты. У будынку кляштара доўгі час знаходзілася школа-інтэрнат, што было спалучана з пераробкамі планіроўкі будынка.

Цяпер гэтае ўнікальнае тварэння захоўваецца ў рэспубліканскім Музеі старажытнабеларускай культуры інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.

Бібліяграфія:

1. Алісейчык, У. В. Кляштар францысканцаў / У. В. Алісейчык, Л. Г. Лапцэвіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 101−102.

2. Ансамбль кляштара францысканцаў // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 337−338.

3. Вярцінскі, Р. Э. Помнікі гісторыі і культуры Ашмяншчыны − каштоўныя тварэнні рук нашых продкаў і сучаснікаў / Р. Э. Вярцінскі // Ашмяншчына: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы навук.-практ. краязн. канф. / рэдкал.: Ф. Э. Вярцінскі [і інш.]. − Гродна−Ашмяны, 1995. − С. 12−13.

4. Касцел святога Іаана Хрысціцеля і кляштар францысканцаў // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск, 2003. – С. 613−614.

5. Кулагін, А. М. Касцёл святога Яна Хрысціцеля і кляштар францысканцаў / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 83−84.

6. Кушнярэвіч, А. М. Гальшанскі кляштар францысканцаў / А. М. Кушнярэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Мінск,1996. – Т. 2 / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – С. 461.

7. Кушнярэвіч, А. Невядомыя помнікі гатычнага храмабудаўніцтва Беларусі / А. Кушнярэвіч // Беларускі гістарычны часопіс. − 2018. − № 6. − С. 3−10.