Архітэктурны ансамбль цэнтра г. Варняны

Да нашага часу ў Беларусі захаваліся цікавыя гісторыка-архітэктурныя ансамблі XVIII – сярэдзіны XIX ст. Адзін з іх – «узорны» комплекс у в. Варняны.

Узнікненне «ўзорнага» будаўніцтва было выклікана жаданнем аднавіць край пасля шэрагу спусташальных войнаў. «Узорныя» – а фактычна тыпавыя – паселішчы звычайна ствараліся намаганнямі асобных магнатаў і шляхты на аснове прыватных мануфактур. Падобныя прадпрыемствы павінны былі стымуляваць эканамічны ўздым, паляпшаць гандаль. Працавалі на іх прыгонныя сяляне і наёмныя рабочыя. Асабліва многа «ўзорных» паселішчаў было створана на тэрыторыі вялікай тады Гродзенскай эканоміі: Гарадніца ў Гродне, Ласосна, Паставы, Крынкі і інш. Прычым, эканамічнасці будаўніцтва надавалася вялікае значэнне.

У пісьме магната Эйсманта да старасты яго ў Краснаполлі чытаем: «...на абраным месцы, распланаваўшы вуліцы, пазначыўшы рынак, падзяліўшы ўчасткі... будаваць добрыя дамы ў вулічным парадку...»

У сярэдзіне і трэцяй чвэрці XVIII ст. панаваў архітэктурны стыль барока. У канцы стагоддзя пачынаюць умацоўвацца тэндэнцыі класіцызму. Абодва гэтыя стылі па-свойму скупа і стрымана выявіліся ў тагачаснай ансамблевай забудове.

Цэнтральная плошча распланавана ўздоўж восі, на адным канцы якой размяшчаліся касцёл з плябаніяй, на другім – панская сядзіба. Местачковая плошча з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам плана. Асноўнае будаўніцтва вялося ўздоўж магістралі Астравец – Вільня. Паабапал падоўжных бакоў плошчы было збудавана 16 тыпавых аднапавярховых дамоў, флангі гэтай лініі змацаваны двухпавярховымі зблакіраванымі будынкамі гасцініцы і карчмы. Кампазіцыйна такая забудова выглядала даволі прывабна: імклівую вертыкаль касцёла падтрымліваюць цагляныя будынкі пры ім, затым ідуць больш кампактныя двухпавярховыя дамы – карчма і гасцініца, далей – выцягнутая маса аднапавярховых жылых дамоў і, нарэшце, маёнтак з зялёным паркам над возерам.

Касцёл – двухвежавы, аднанефавы з трансептам, які надае плану форму крыжа. Архітэктурная пластыка і дэкор сканцэнтраваны на галоўным заходнім фасадзе.

3 варнянскіх інвентароў вядома, што некалі мураваная агароджа вакол касцёла, брама і веснічкі былі аздоблены скульптурамі, а інтэр’еры касцёла ўпрыгожвалі рэдкія абразы, выкананыя Чаховічам і яго вучнямі. Будынкі плябаніі, павернутыя пад вуглом да цэнтральнай плошчы, аздоблены плоскімі лапаткамі, флангавымі пілястрамі і міжпаверхавымі гарызантальнымі паясамі.

Варнянскі комплекс – увасабленне барочнага стылю, але максімальна спрошчанага. Прамежкі паміж суседнімі будынкамі запоўнены агароджамі з аркамі-праездамі. Гэты кампазіцыйны прыём таксама спрыяў больш кампактнаму ўспрыманню забудовы. Вулічныя фасады дамоў строгія – гладкая сцяна з дзвярамі пасярэдзіне і чатырма вокнамі паабапал. Прычым, ні ганкаў, ні прыступак ля дзвярэй не было – таксама адметная асаблівасць «узорных» будынкаў. 3 вулічнага боку сцены будынкаў выкладаліся з цэглы і атынкоўваліся. Гэтак жа як і агароджа з аркамі. Астатнія тры сцяны складваліся з бярвення «з рэштаю». У некаторых дамах захаваліся чарапічныя дахі, што крыху навісалі над сцяною з уваходам. Кожны дом меў дадатковы выхад – з кухні ў двор.

План тыпавога дома (740x1580 см) складаецца з трох частак: пасярэдзіне сенцы і кухня, а па баках – па два аднолькавыя пакоі. Такая планіроўка, відаць, улічвала падзел дома на жылую і вытворчую часткі. Папярочная капітальная сцяна была таксама цагляная, праз яе праходзілі дымаходы печак, з дапамогаю якіх абаграваліся пакоі.

Уздоўж тылавой лініі забудовы ідуць аднолькавыя невялікія агароды, а ў канцы кожнага з іх стаяць дваровыя і гаспадарчыя будынкі.

У адрозненне ад жылых дамоў, у карчме і гасцініцы дрэва і цэгла спалучаюцца трохі інакш: першыя паверхі цагляныя, другія – з бярвення. Карчма, гасцініца і гандлёвыя рады аздоблены закругленымі нішамі, якія быццам працягваюць сістэму арачнай сувязі паміж жылымі дамамі. Строгія формы касцёла нібы падкрэсліваюць яго манументальнасць, а паўкруглая запрашальная каланада вызначае яго дамінуючае становішча ва ўсім ансамблі.

Своеасаблівы элемент варнянскага ансамбля – незвычайнае для беларускіх паселішчаў размяшчэнне гандлёвых радоў у адным шэрагу з жылымі дамамі. Сістэма арачных сувязей цягнецца і ўздоўж гандлёвых радоў. Праз праёмы ў іх можна трапіць у малы двор перад дзвюма невялікімі крамамі, роўнымі памерам аднаму жылому дому. Крамы збудаваны з цэглы і аздоблены нішамі, што адпавядаюць разбіўцы ўнутраных памяшканняў. Гандаль можна было весці і з боку плошчы праз шырокія дзверы з прылаўкамі ў нішах. Такое рацыянальнае размяшчэнне гандлёвых радоў дазваляла вызваліць ад лішняй забудовы плошчу, абсадзіўшы яе роўнай таполевай прысадай. Наогул, прадуманае ўключэнне зялёных масіваў звяртае тут на сябе ўвагу. Выразная лінія таполевай алеі скіравана да прыгожа выгнутай уздоўж маёнткавай агароджы паласы дэкаратыўных кустоў, якія паступова зліваюцца з зелянінай вакол возера. На астраўку пасярод зарослага чаротам возера – вежа, што імітуе сярэдневяковыя крапасныя збудаванні.

Варнянскі ансамбль цалкам не захаваўся да нашага часу. Згарэла двухпавярховая драўляная сядзіба з двума флігелямі. Няма ўжо і драўляных службовых будынкаў, затое захаваліся парк, вежа-павільён.

Унікальны помнік гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі варнянскі ансамбль цікавы для нас тым, што быў выкананы ў даволі буйных маштабах паводле прынцыпу «ўзорнай» забудовы з выкарыстаннем эканамічнай маламетражнай тыпавой забудовы.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Адрас: Гродзенская вобласць, Астравецкі раён, в. Варняны.

Бібліяграфія:

1. Архітэктурны ансамбль // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 86–87.

2. Архітэктурны ансамбль цэнтра г. Варняны // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 332–333.

3. Варнянскі архітэктурны ансамбль // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 105–106.

4. Варнянскі архітэктурны ансамбль // Беларуская энцыклапедыя: ў 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1996. − Т. 4. – С. 10–11.

5. Варнянскі архітэктурны ансамбль // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск, 1984. – Т. 1. – С. 577.

6. Ворнянский архитектурный ансамбль // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 115.

7. Ворнянский архитектурный ансамбль // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 283.

8. Ворняны // Памятники архитектуры и градостроительства Белорусии / В. А. Чантурия. – Минск, 1986. – С. 178–180.

9. Сядзіба ў Варнянах // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Астравецкага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 498−501.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe