Свята-Раства-Багародзіцкая царква (крэпасць абарончага тыпу)

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1524 г. з цэглы. Значна пашкоджана ў 1656 г. у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай, праз некалькі гадоў адноўлена.

У 1817 г. і 1871-72 гг. да галоўнага фасада прыбудаваны бабінец, надбудаваны на адзін ярус заходнія вежы, паніжаны дах, разабраны лесвіцы ва ўсходніх вежах, нанава выкладзены вонкавыя карнізы сцен асноўнага аб'ёму, вежаў і апсіды, павялічаны вокны, закладзена частка байніц, атынкаваны шчыт галоўнага фасада, ніжнія і верхнія часткі бакавых сцен і апсіды. Да пачатку 19 ст. у царкве былі апускныя дзверы.

Царква складаецца з амаль прамавугольнага ў плане чатырохстаўповага асноўнага аб'ёму, фланкіраванага па вуглах круглымі шатровымі вежамі, вялікай паўцыркульнай апсіды на ўсю шырыню асноўнага аб'ёму і невялікага бабінца з дэкаратыўнымі вежачкамі на галоўным фасадзе. Пластыка фасадаў грунтуецца на выразным спалучэнні чырвоных цагляных сцен з атынкаванымі пабеленымі нішамі, праёмамі акон і байніц. Вуглавыя вежы фланкіруюць цэнтральную плоскасць галоўнага фасада, якая увенчана высокім франтонам і расчлянёна трыма вялікімі лучковымі нішамі. Цэнтральная ніша прарэзана круглым акном. Над нішамі два паясы байніц. Франтон ступеньчатага абрысу падзелены па гарызанталі на дзве часткі і члянёны нішамі рознай велічыні і формы. Бакавыя сцены, вежы і апсіда маюць адзінае з галоўным фасадам насычанае пластычнае афармленне. Тут выкарыстаны спараныя паўцыркульныя нішы. У ніжняй частцы сцен па ўсім перыметры храма праходзіць дэкаратыўны пояс.

Інтэр'ер храма мае кампактную прасторавую арганізацыю. Асноўнае памяшканне трохнефавае, добра асветлена высока размешчанымі ў паўцыркульных нішах з раструбамі вокнамі. Апсіда раскрываецца ў асноўнае памяшканне вялікім фігурным праёмам. Над уваходам хоры, якія апіраюцца на два (заходнія) слупы. Цэнтральны неф і апсіда перакрыты зорчатымі скляпеннямі з прафіляванымі дэкаратыўнымі нервюрамі, бакавыя – сотавымі. Скляпенні апіраюцца на васьмігранныя калоны з прафіляванымі базамі і капітэлямі. У цэнтры хра¬ма пад падлогай складское памяшкан¬не для захоўвання зброі, боепрыпасаў і царкоўных каштоўнасцей.

Царква – помнік абарончага дойлідства, мае стылявыя рысы беларускай готыкі.

Помнік 0 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 71 ад 28.02.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Шчучынскі раён, в. Мураванка.

Бібліяграфія:

1. Бибикова, А. Башни-великаны, венецианская арка, потайной ход / Алла Бибикова // Гродзенская праўда. – 2019. – 23 студз. – С. 33.

2. Грэчка, І. Часцінка неба на старадаўніх мурах / Ігар Грэчка // Настаўніцкая газета. – 2009. – 14 сак. – С. 11.

3. Каспер, А. В поисках путей сохранения храма-крепости / Анна Каспер // Дзянніца (Шчучынскі раён). – 2018. – 5 снеж. – С. 3.

4. Кулагін, А. М. Свята-Раства-Багародзіцкая царква / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2001. – С. 141–142.

5. Кулагін, А. М. Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 286–287.

6. Маламажэйкаўская царква // Замкі Беларусі / М. А. Ткачоў. – Минск, 1977. – С. 71–74.

7. Маломожейковская церковь // Архитектурные памятники Белоруссии / В. А. Чантурия. – Минск, 1982. – С. 152–153.

8. Маломожейковская церковь // Памятники архитектуры и градостроительства Белорусии / В. А. Чантурия. – Минск, 1986. – С. 154–155.

9. Мураванкаўская царква-крэпасць // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 354.

10. Мураванкаўская царква-крэпасць // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск, 1984. – Т. 1. – С. 64.

11. Мураванкаўская царква-крэпасць, Маламажэйкаўская царква-крэпасць // Беларуская энцыклапедыя: ў 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2000. − Т. 11. – С. 27.

12. Мурованковская Свято-Рождество-Богородицкая церковь // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 374.

13. Мурованковская Свято-Рождество-Богородицкая церковь // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 320.

14. Пастушенко, Т. Святая Богородица / Лилия Новицкая // Рэспубліка. – 2011. – 4 жн. – С. 8.

15. Свята-Раства-Багародзіцкая царква (крэпасць абарончага тыпу) // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 437.

16. Свята-Раства-Багародзіцкая царква ў в. Мураванка // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2001. – С. 474–476.

17. Смаглей, Н. Архітэкруны помнік старажытнасці / Н. Смаглей // Савецкая вёска. – 1970. – 12 лют. – С. 2.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe