Былая сядзіба

На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудаваны ў пачатку 20 ст. з цэглы. Цяпер у будынку знаходзіцца школа-інтэрнат. Дом Г-падобны ў плане, асіметрычнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Складаецца з адна- і двухпавярховых аб'ёмаў рознай велічыні, накрытых высокімі чарапічнымі дахамі. У дэкоры выкарыстаны фігурныя люкарны, спічастыя шчыты, пінаклі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Да паўднёва-заходняй бакавой сцяны прымыкае звязаная з калідорам тэраса. Дэкаратыўнае вырашэнне фасадаў заснавана на кантрастным спалучэнні чырвонага фону цаглянай муроўкі з атынкаванымі архітэктурнымі дэталямі – ліштвамі, карнізамі і рустоўкай. Гарызантальныя паясы, абрамленні праёмаў, дэкаратыўная рустоўка вуглоў ствараюць на плоскасці фасадаў складаны геаметрычны малюнак. У аздабленні фасадаў выкарыстаны таксама трохвугольныя дэкаратыўныя балкончыкі, металічныя каваныя рашоткі агароджаў балконаў і тэрасы, паліваная кафля з раслінным малюнкам у паўцыркульных нішах над вокнамі. Планіроўка дома калідорная. Сядзібны дом – помнік архітэктуры стылю «мадэрн».

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 71 ад 28.02.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Шчучынскі раён, в. Галавічполе.

Бібліяграфія:

1. Былая сядзіба // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 434.

2. Галавічпольская сядзіба // Беларуская энцыклапедыя: ў 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1996. − Т. 4. – С. 445.

3. Галавічпольская сядзіба // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск, 1984. – Т. 2. – С. 10–11.

4. Головичпольская усадьба // Республика Беларусь: энцикл.: в 6 т. – Минск, 2006. – Т. 3. – С. 69.

5. Головичпольский усадебный дом // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 133.

6. Головичпольский усадебный дом // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 286.

7. Сядзіба Галавічполе // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 182.

8. Сядзіба ў в. Галавічполе // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2001. – С. 468–469.

9. Сядзібны дом // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 342.

wwe wwe wwe wwe