Царква ў імя святога архангела Міхаіла

Размешчана на паўночнай ускраіне вёскі. Пабудавана ў канцы XV-пачатку XVI ст. з цэглы. Падчас рамонту ў 1880-1881 гг. быў заменены дах і пабудаваны купал над апсідай, разабраны купал над цэнтральнай часткай храма. У 1926 г. царква стала філіялам навіцыята езуіцкай місіі ў Альбярціне (Слонім) і цэнтрам прыхода ўсходнеславянскага абраду.

Царква – помнік культава-абарончай познагатычна-рэнесанснай архітэктуры.

Трохнефавы чатырохстоўпны трохапсідны храм зальнага тыпу (у плане – перакошаны прамавугольнік) фланкіраваны па вуглах 4 баявымі вежамі (заходнія гранёныя, усходнія круглыя) з цяглянымі вітымі лесвіцамі ўнутры. Мае пояс машыкуляў па версе сцен, накрыты высокім двухсхільным дахам з вострымі тарцовымі шчытамі. Шчыт на галоўным фасадзе аздоблены ярусамі розных па форме плоскіх атынкаваных нішаў. Знадворку апсіды аб’яднаны ўверсе ў адну і накрыты агульным высокім дахам. У інтэр’еры 4 васьмігранныя слупы дзеляць прастору на роўныя пралёты, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі з дэкаратыўнымі нервюрамі. Цэнтральная і паўночная апсіды таксама перакрыты крыжовымі скляпеннямі, паўднёвая – зорчатым. Сцены ў інтэр’еры атынкаваны і расчлянёны прамавугольнымі лапаткамі, якія аб’яднаны за слупамі падпружнымі аркамі.

Помнік 0 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 64 ад 27.03.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Зэльвенскі раён, в. Сынковічы.

Бібліяграфія:

1. Духовная святыня // Гродзенская праўда. – 2013. – 5 верас. – С. 8.

2. Кречко, К. Сынковичский храм / Клавдия Кречко, Тереза Ковалевич // Праца (Зэльвенскі раён). – 2012. – 14 верас. – С. 1, 2.

3. Кулагін, А. М. Царква ў імя святога архангела Міхаіла / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 389.

4. Махнач, О. Тайны Сынковичской церкви / Ольга Махнач // Милицейский вестник (Гродно). – 2017. – 27 апр. – С. 8.

5. Сынковичский храм-крепость; д. Сынковичи Зельвенского района Гродненской области // Беларусь замковая = Belarus – the land of castles / [сост.: О. Д. Баженова, Т. В. Белова]. – Минск, 2015. – С. 132–147.

6. Царква абарончага тыпу // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 374.

7. Цвірка, У. Сынкавічы / Уладзімір Цвірка // Літаратура і мастацтва. – 2018. – 21 верас. – С. 16.

wwe wwe wwe wwe wwe