Петрапаўлаўскі касцёл

Пабудаваны з цэглы ў цэнтры вёскі Жупраны ў 1854−75 гг. Першы драўляны касцёл пабудаваны каля 1550 г. Генрыкам Дукшай і Даўгердам у канцы 16 ст. Пачатае ў 1854 г. будаўніцтва мураванай каталіцкай святыні хутка было спынена і скончана толькі ў 1864 г. графам Адамам Чапскім — уладальнікам суседняга маёнтка Навасёлкі.

Помнік архітэктуры неаготыкі. Прамавугольны ў плане, трохнефавы храм накрыты двухсхільным дахам. Да галоўнага (паўднёва-ўсходняга) фасада прыбудавана трох’ярусная вежа, завершаная васьмігранным аб’ёмам са стральчатымі праёмамі і шатром. Сцяна абапал вежы завершана прамавугольным атыкам. Вуглы асноўнага аб’ёму і вежы дэкарыраваны лапаткамі з арачнымі стральчатымі нішамі, увянчаны дэкаратыўнымі вежачкамі. Сцены завершаны карнізам з фрызам (два рады ступеньчатых зубцоў). Плоскасці сцен дэкарыраваны шырокім аркатурным поясам, прарэзаны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі.

Інтэр’ер падзелены на тры нефы васьміграннымі філянговымі слупамі на высокіх пастаментах. Цэнтральны неф значна шырэйшы за бакавыя, заканчваецца алтарнай часткай. Над уваходам — хоры з арганам. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі. Скляпенні ўмацаваны падпружнымі аркамі і ўкрыты паліхромным роспісам з элементамі гатычнага арнаменту. У крапаваным антаблеменце алтара — выява Саваофа. Аркі нефаў упрыгожаны прамавугольнымі кесонамі з разеткамі, скляпеністыя пралёты цэнтральнага нефа — арнаментам і выявамі анёлаў. Роспіс выкананы ў чырвона-карычневых, бэжавых, зялёных і сініх танах. Злева ад увахода размешчана белая мармуровая пліта з надпісам: “Францішку Багушэвічу, 1840−1900, прыяцелі”, які пахаваны на могілках побач з касцёлам.

Бібліяграфія:

1. Алісейчык, У. В. Петрапаўлаўскі касцёл / У. В. Алісейчык, Л. Г. Лапцэвіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 105—106.

2. Жупранский костел святых апостолов Петра и Павла // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 302.

3. Жупранский костёл святых апостолов Петра и Павла // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 207—208.

4. Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла // Памяць: гіст.-дакум. хроні-ка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск, 2003. – С. 615.

5. Кулагін, А. М. Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 145.

6. Петрапаўлаўскі касцёл // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каш-тоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 340−341.

7. Юрша, В. Жупраны. Костел. Парафия / В. Юрша // Ошмянский край. Т. 2: Ксендзы и костелы. − Минск, 2016. − С. 264−289.