Касцёл св. Міхаіла

Пабудаваны ў 1653 г. (архітэктар К. Пенс) на месцы папярэдняга драўлянага храма. Помнік архітэктуры ранняга барока.

Касцёл двухвежавы, аднанефавы. Да прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёму з паўночнага ўсходу прымыкае пяцігранная апсіда з дзвюма невысокімі сакрысціямі. Асноўны аб’ём накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над апсідай. Галоўны фасад падзелены на два ярусы простым карнізам, завершаны чацверыкамі вежаў з чатырохсхільнымі шатровымі дахамі і атыкавым франтонам паміж імі. Нязначны перапад вышынь зальнай часткі, апсіды і вежаў стварае ступеньчатасць сілуэта будынка. Пры ўваходзе невысокі паўкруглы аб’ём накрыты конусападобным дахам. Сцены прарэзаны вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі і раскрапаваны філянговымі нішамі.

У інтэр’еры асноўны аб’ём мае цыліндрычнае перакрыцце з распалубкамі на падпружных арках, якія пераходзяць у магутныя пілястры. Алтарная частка з паўцыркульнымі арачнымі праёмамі. Пад хорамі размешчаны два ўваходы ў ніжнія ярусы вежаў, дзе знаходзяцца капліцы. Сцены паўкруглага аб’ёму члянёны шасцю паўцыркульнымі нішамі для скульптур. У аздабленні інтэр’ера прымаў удзел італьянскі мастак П’етра Перці. У дэкаратыўным убранні, сканцэнтраваным на паверхні сцен цэнтральнага аб’ёму, дамінуюць бела-блакітныя стукавыя барэльефы з выявамі святых і пышны раслінны арнамент, які аб’ядноўвае ўвесь дэкор у адзінае пластычнае цэлае. Асаблівым багаццем вылучаецца аздоба двух’яруснага галоўнага алтара з вітымі калонкамі. Па карнізе першага трохчасткавага яруса фігуры ўкленчаных епіскапаў, у цэнтры фігуры двух анёлаў. У навершы алтара рэльеф “Новазапаветная Тройца”. Галоўны алтар, як і восем іншых, абрамлены акантам, з завіткоў якога нібы вырастаюць галовы дракона, сірэн і іншых фантастычных істот. На шырокіх сценавых пілонах гарэльефы 12 апосталаў. Пастаўленыя на квадратныя кансолі з маскаронамі розных тыпаў і памераў, яны амаль поўнасцю аддзелены ад сцен і ствараюць эфект руху. У прасценках паміж пілонамі знаходзяцца стукавыя алтары ў пышных барочных абрамленнях. Два бакавыя алтары з вітымі калонкамі і пілястрамі, якія падтрымліваюць падпружную арку. У ляпных рамах алтарныя карціны: “Святая Сям’я” ў сярэбраным з пазалотай абкладзе (пачатак XVIII ст.), “Маці Божая Ружанцавая” (пачатак XIX ст.). Побач з карцінамі сюжэтныя барэльефы. Амбон, упрыгожаны пазалочаным раслінным арнаментам, падтрымліваецца ўнізе разным арлом, які трымае ў кіпцюрах картуш з гербам Бжастоўскіх. Балдахін драўляны, разны, у выглядзе кароны.

Каваная жалезная агароджа ў капліцах Св. Іосіфа (XVIII ст.) і Хрыста (XIX ст.).

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 79 ад 04.12.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Астравецкі раён, в. Міхалішкі.

Бібліяграфія:

1. Барока ў Міхалішках // Культура. – 2001. – 13–19 кастр. – С. 14.

2. Казакова, І. В. Міхалішкі / І. В. Казакова // Казакова, І. В. Каменны пояс Беларусі. / І. В. Казакова. – Мінск, 2009. С. 104–105.

3. Касцёл св. Міхаіла // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 335.

4. Касцёл св. Міхаіла Архангела ў в. Міхалішкі // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Астравецкага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 468–472.

5. Костел августинцев в д. Михалишки // Архитектурные памятники Белоруссии / В. А. Чантурия. – Минск, 1982. – С. 178.

6. Кулагін, А. М. Касцёл святога архангела Міхаіла і кляштар аўгусцінцаў / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 237–238.

7. Михалишки // Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии / В. А. Чантурия. – Минск, 1986. – С. 180.

8. Михалишковский костел святого Михаила архангела // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 345.

9. Михалишковский костел святого Михаила архангела // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 318.

10. Міхайлаўскі касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 91.

11. Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 348.

12. Міхалішскі касцёл аўгусцінцаў // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. – Мінск, 1986. – Т. 3. – С. 648.

13. Міхалішскі касцёл і кляштар аўгусцінцаў // Беларуская энцыклапедыя: ў 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2000. − Т. 10. – С. 484.

14. Тылевіч, С. Помнік барока ў Міхалішках / С. Тылевіч, Ю. Чантурыя // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. – 1970. – № 4. – С. 18–21.

15. Усціменка, І. Міхалішкаўскі кляштар аўгустынцаў / Ігар Усціменка // Астравецкая праўда. – 2004. – 21 лют. – С. 6; 28 лют. – С. 6.

16. Чухоньскі, Л. Міхалішкі: юбілей жамчужыны барока / Леанід Чухоньскі // Слова Жыцця (Гродна). – 2003. – 5 кастр. – С. 9.

17. Юркойць, А. Міхалішкі / Алесь Юркойць // Астравецкая праўда. – 2007. – 20 кастр. – С. 7.

wwe wwe wwe wwe