Касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Гісторыя пабудовы і існавання касцёлаў і цэркваў Бераставіччыны, якія захаваліся да нашых дзён, вядома ў агульных рысах. Старэйшым сярод іх з’яўляецца касцёл, які ўзвышаецца на цэнтральнай плошчы ў Вялікай Бераставіцы і названы ў гонар Прасвятой Дзевы Марыі. Касцёл пабудаваны віленскім кашталянам Геранімам Хадкевічам у 1615 г. Матэрыялам для пабудовы служыла цэгла. Часткова перабудаваны ў сярэдзіне XVIII ст. На ўтрыманне ксяндза, 4 вікарыяў, бакалаўра, служачага канцылярыі, арганіста, 3 слуг і 3 касцёльных прыслужнікаў Геранім Хадкевіч падараваў дом у Бераставіцы, Мосенскі фальварак, вёскі Машны, Сямёнаўшчына і Бурцаўшчына, якія ўжо і раней належалі касёлу. Апошняе сведчыць аб тым, што захаваны да нашых дзён касцёл быў, відаць, не першай касцёльнай пабудовай у Вялікай Бераставіцы. Хутчэй за ўсё намнога раней тут быў пабудаваны драўляны касцёл. Паводле даследаванняў польскіх вучоных, у 1621 г. тут быў пахаваны гетман ВКЛ Ян Кароль Хадкевіч.

У сярэдзіне ХVIII ст. касцёл быў часткова перароблены. У канцы ХVІІІ ст. — першай палове ХІХ ст. пры касцёле існавала школа для дзяцей прыхаджан, якую ў 1781 г. наведвала 10 вучняў. Прыхаджан было 750 чалавек. У 1828 г. школу наведвала 16 вучняў. Пры касцёле доўгі час існаваў прытулак для хворых і ўбогіх. У адпаведнасці з даравльнай граматай, выдадзенай Юзафам і Амэліяй Мнішкамі ў 1741 г., штогод на карысць убогіх і хворых у Вялікай Бераставіцы выдавалася 1,5 бочкі жыта і бочка ячменю, столькі ж грэчкі і аўса, а таксама грашыма 68 злотых і 10 грошаў.

Як сцвярджае беларускі даследчык Генадзь Кісялёў, у 1862 годзе ў скляпеннях касцёла друкаваліся першыя нумары “Мужыцкай праўды” Кастуся Каліноўскага. У 1865 годзе пасля задушэння паўстання пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага, будынак касцёла аддадзены царскімі ўладамі пад праваслаўную царкву. Паколкі касцёл Прасвятой Дзевы Марыі быў у 1866 г. пераўтвораны ў праваслаўную царкву, пасля першай рускай рэвалюцыі католікі дабіліся дазволу царскіх улад пабудаваць новы касцёл. Касцёл быў узведзены ў 1910 г. на сродкі прыхаджан з дапамогай графа Касакоўскага.

У 60-я гады касцёл рашэннем савецкіх улад быў зачынены і выкарыстоўваўся як склад. У 1990 г. вернуты вернікам.

У 1991 годзе ў выніку пажару згарэў дах, сцены разбураюцца.

Касцёл — помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны паводле канона трохнефавай базілікі з трансептам, паўкруглай апсідай і дзвумя нізкімі сакрысціямі па баках. Плоскасны галоўны фасад расчлянёны пілястрамі на тры часткі і завершаны прамавугольным атыкам з трохвугольным франтонам. Шматпланавую кампазіцыю атрымалі бакавыя фасады: нізкія бакавыя нефы і сакрысціі кантрастуюць з двух'ярусным цэнтральным нефам і крыламі трансепта пад вальмавым дахам. Пілястравая крапоўка прасценкаў лучковых аконных праёмаў выкарыстана і на астатніх фасадах храма, апяразаных раскрапаваным антаблементам.

Унутраная прастора расчлянёна чатырмя масіўнымі слупамі на тры нефы. Цэнтральны неф павышаны, перакрыты цыліндрычным скляпеннем на распалубках і конхай у алтарнай частцы. Бакавыя нефы адкрываюцца ў цэнтральны арачнымі прасветамі і перакрыты крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Сцены крапаваны плоскімі пілястрамі, апяразаны тонкапрафіляванымі карнізам і паяском. Над нартэксам размешчана арганная галерэя, да якой вядуць дзве вітыя лесвіцы ў тоўшчы сцяны. Пад будынкам крыпта — дзевяць скляпоў, злучаных пераходамі.

Рэліквіяй касцёла быў абраз анёлаў-ахоўнікаў работы мастака Ф. Смуглевіча (1797-1807). Пад будынкам крыпта (пахавальня) – 9 памяшканняў, злучаных пераходамі.

Падобны касцёл ёсць у Кракаве. Апошнія навуковыя даследаванні сведчаць, што ён ніколі не належаў ордэну кармелітаў, а быў прыхадскім.

Рэшткі касцёла Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Бібліяграфія:

1. Берестовицкий костел Визитации Пресвятой Девы Марии // Туристские регионы Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 278–279.

2. Втарушын, А. "Жывы сведка з касцельных муроў" / Андрэй Втарушын // Бераставiцкая газета. − 2011. −30 крас. − C. 6.

3. Втарушын, А. Жывы сведка з касцёльных муроў : да 270-годдзя з часу аднаўлення Касцёла Прасвятой Дзевы Марыі ў Вялікай Бераставіцы / Андрэй Втарушын ; Берастав. раён. цэнтр. б-ка імя В.М.Кавалеўскага. − Вялікая Бераставіца, 2011. – 19 с.

4. Габрусь, Т. В. Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. – Мінск: Ураджай, 2001. – 287 с.

Са зместу: [Касцёл у мястэчку В. Бераставіца]. С. 222-223.

5. Крук, Т. В. Бераставіцкі касцёл Візітацыі Дзевы Марыі / Т. В. Крук, Т. Т. Маліноўская // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [ і інш.]. – Мінск, 1996. − Т. 2. – С. 107.

6. Койта, К. З гісторыі архітэктурных помнікаў Бераставіччыны / К. Койта // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. – Мінск, 1999. – С. 558–559.

7. Кулагін, А. М. Касцёл Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі: энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. − 2-е выд. − Мінск, 2008. − С. 31.

8. Лушчык, С. Апошні прытулак гетмана Хадкевіча? / Сяргей Лушчык // Бераставiцкая газета. − 2010. − 17 жн. − C. 7.

9. Пацэнка, М. Храм пад буслінымі крыламі / М. Пацэнка // Звязда. − 2006. − 13 чэрв. − C.2.

10. Пацэнка, М. Апошняе прыстанішча Яна Кароля Хадкевіча / Мікалай Пацэнка // Бераставiцкая газета. − 2009. − 30 чэрв. − C. 6.

11. Попко, И. В поисках утраченного / И. Попко // Беларусь сегодня. − 2008. − 23 мая. − C. 16.

12. Рэшткі касцёла Візітацыі Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 342.

13. Татаринов, Ю. Костел Пресвятой Девы Марии, или сердце великого воителя / Юрий Татаринов // Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях. Гродненщина. – Минск, 2009. − С. 7−9.

14. Черкес, Т. Золото подземелья, или Что скрывает костёл Пресвятой Девы Марии / Татьяна Черкес // Вечерний Гродно. − 2007. − 5 дек. − C. 7.

wwe wwe wwe