Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Пабудаваны ў 1809 г. з дрэва на месцы касцёла 1740 г. У 1928 г. адрамантаваны. Закрыты ў 1961 г., вернуты парафіянам у 1975 г. З 1994 г. – дыяцэзіяльны Марыйны санктуарый. На 1997 г. налічвалася 2500 парафіян. Побач з касцёлам пастаўлена драўляная двух’ярусная каркасная званіца.

Помнік народнага дойлідства з рысамі барока і класіцызму. Будынак складаецца з аднолькавых па вышыні прамавугольных зрубаў нартэкса, малітоўнай залы і апсіды з бакавымі нізкімі сакрысціямі, якія скампанаваны ў выцягнуты па падоўжнай восі манументальны аб’ём, накрыты агульным вальмавым дахам. Шатровы дах нартэкса завершаны цыбулепадобным купалам на гранёным барабане. Вертыкальна ашаляваныя фасады расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

Унутры зала перакрыта плоскай столлю, апсіда – цыліндрычным скляпеннем. Над уваходам хоры на чатырох калонках, на якіх устаноўлены арган з элементамі ракайльнага дэкору. Драўляны алтар выкананы ў стылі неабарока. Шануецца цудадзейны абраз “Маці Божая Тракельская” (вывезены з Вільні ў 1595 г.).

У кутку касцельнай агароджы ў пачатку 19 ст. з цэглы пабудавана капліца-пахавальня Б. Шукевіч. Помнік архітэктуры класіцызму. Вырашана васьміграннай ратондай пад шатровым дахам. Бакавыя грані прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, франтальная – уваходным.

Помнік 3 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 77 ад 13.11.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Воранаўскі раён, в. Тракелі.

Бібліяграфія:

1. Габрусь, Т. Тракелі / Т. Габрусь // Дыялог. – 2000. – № 6. – С. 24.

2. Касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 147.

3. Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 351.

4. Касцёл Наведвання Маці Божай Тракельскай у в. Тракелі // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Воранаўскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 458.

5. Кулагін, А. М. Касцёл Звеставання Найсвяцейшай Дзеве Марыі / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 352–353.

6. Тракеліцкі касцёл Маці Боскай // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 271.

wwe wwe wwe wwe wwe