Касцёл св. Георгія

Пабудаваны з цэглы на паўночнай ускраіне вёскі. Напаўзруйнаваны ў 1943 г., адбудаваны ў 2002 г. Помнік архітэктуры барока.

Храм прамавугольны ў плане, накрыты высокім двухсхільным дахам. 3 паўночна-ўсходняга боку да касцёла прымыкае квадратная ў плане сакрысція (пабудавана ў канцы XIX – пачатку XX ст.). Галоўны фасад касцёла завершаны трох’ярусным атыкавым франтонам. Ніжні прамавугольны ярус з’яўляецца асновай фігурнага шчыта і вежачкі, якія ўзвышаюцца над вільчыкам даху. Плоскасць галоўнага фасада прарэзана лучковым уваходным праёмам і невялікім прамавугольным акном у ніжнім ярусе франтона. Бакавыя сцены расчлянёны пілонамі, вырашанымі накшталт контрфорсаў, вуглы будынка апрацаваны шырокімі пілястрамі. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. Сцены расчлянёны пілястрамі, над імі фрэскавыя выявы апосталаў. У алтарнай сцяне невялікая ніша і фрэскавая выява перспектыўнага алтара з калонамі іанічнага ордэра, антаблементам і конхай над ім. Роспіс столі імітуе купал. Пры ўваходзе – хоры. Драўляная агароджа хораў распісана (нішы з разеткамі).

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 79 ад 04.12.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Астравецкі раён, в. Варона.

Бібліяграфія:

1. Воронский костел Святого Георгия // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 117.

2. Варонскі Георгіеўскі касцёл // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 106–107.

3. Касцёл св. Георгія // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 333–334.

4. Георгіеўскі касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 88.

wwe wwe wwe