Касцёл Св. Міхаіла Архангела

Найважнейшым архітэктурным здабыткам горада Смаргоні лічыцца касцёл Найсвяцейшага Міхаіла Архангела, які быў узведзены ў першай палове ХVІІ стагоддзя. Гэты касцёл з'яўляецца кальвінісцкім саборам, які ўзнік на месцы старадаўняй пратэстанцкай драўлянай царквы ХVІ стагоддзя. Кальвінісцкае свяцілішча было выбудавана на грашовыя сродкі дзяржаўнага дзеяча, ваяводы Вялікага княства Літоўскага Крыштафа Зяновіча ў 1553 г. з цэглы. Зяновіч жадаў, каб пасля ўласнага скону яго пахавалі ў пабудаванай ім святыні паводле звычаяў кальвінізму, сціпла і без цырымоній.

Пасля смерці К. Зяновіча (у 1621 г.) яго сястра Сафія перадала збор каталікам пад Троіцкі касцёл, які праіснаваў аж да 1866 года, пакуль не быў аддадзены праваслаўным і не стаў Міхайлаўскай царквой. На працягу паўстагоддзя гэтая святыня з'яўлялася праваслаўным храмам, аднак ў 1921 годзе царкву зноў асвяцілі ў касцёл, які ў 1947 годзе быў зачынены.

Пасля рэканструкцыі ў 1970 годзе ў будынку былога храма была размешчана выставачная зала. І, у рэшце рэшт, у 1990 годзе былы Смаргонскі сабор зноў стаў функцыянаваць як касцёл Святога Міхаіла Архангела. Такім чынам, за чатыры сотні гадоў будынак храма паспяхова адслужыў кальвіністам і каталікам, праваслаўным і атэістам. Тым не менш, у шматлікіх гістарычных пісаннях гэты касцёл значыцца як былы кальвінісцкі сабор.

Будынак касцёла Святога Міхаіла Архангела вылучаецца строгай сціпласцю і адзінствам кампазіцыі. Сцены гэтай святыні даходзяць да трох метраў у таўшчыню. Вокны храма досыць высока прыўзнятыя над зямлёй, што, безумоўна, надае яму адценне ваяўнічасці. Адзінай жамчужынай знешняга выгляду дадзенага свяцілішча лічыцца атык, мерна дэкараваны адзінкавымі паўцыркульнымі паглыбленнямі са своеасаблівымі звіслымі гіркамі. Менавіта такое аздабленне лічыцца тыповым для архітэктуры эпохі Адраджэння. Галоўны і адзіны ўваход у касцёл знаходзіцца пад аховай велічнай вежы-званіцы, якая першапачаткова была чатырох'яруснай. Ярусы гэтай вежы аб'ядноўваліся вінтавой лесвіцай, схаванай у круглай вежцы, размешчанай у непасрэднай блізкасці ад званіцы. Пры рэарганізацыі касцёла ў царкву ў ХIХ стагоддзі вежа была паменшаная на два ярусы.

Касцёл быў пабудаваны ў адпаведнасці з усімі правіламі і звычаямі кальвінісцкага набажэнства, без акцэнтавання ўвагі на алтарнай долі. Па знешнім выглядзе храм ўяўляе ледзь выцягнуты па долевай восі васьміграннік, з боку галоўнага ўваходу якога размяшчаецца вежа-званіца. Унутранае ўбранне касцёла Архангела Міхаіла ўяўляе сабой прасторную круглую залу, перакрытую шаравым, распісаным фрэскавым арнаментам купалам.

Касцёл Святога Міхаіла Архангела ў Смаргоні прыцягвае вялікую колькасць як паломнікаў, так і звычайных падарожнікаў, бо гэта не толькі дзеючая святыня, але і выдатны архітэктурны манумент XVII стагоддзя.

Бібліяграфія:

1. Габрусь Т. В. Па слядах пратэстанцкіх збораў / Т. В. Габрусь // Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. – Мінск, 2001. – С. 84−86.

2. Габрусь, Т. В. Саборы помняць усё: готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі / Т. В. Габрусь. – Мінск: Беларусь, 2007. – 165 с. Са зместу: [Былы кальвінскі збор (Троіцкі касцёл)]. С. 137−140.

3. Габрусь, Т. В. Смаргонскі кальвінскі збор / Т. В. Габрусь, // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 452−453.

4. Казакова, І. В. Смаргонь / І. В. Казакова // Каменны пояс Беларусі / І. В. Казакова. − Мінск, 2009. − С. 101−104.

5. Касцёл Святога Міхаіла Архангела ў горадзе Смаргонь [Электронны рэсурс]. − Рэжым доступу : https://vetliva.by/tourism/what-to-see/kostel-svyatogo-mikhaila-arkhangela-v-smorgoni/. – Дата доступу : 11.06.2019.

6. Касцёл Св. Міхаіла Архангела (былы кальвінскі збор) // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 426.

7. Кулагін, А. М. Касцёл Святога Міхаіла Архангела / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыкл. давед. / А. М. Кулагін ; маст. І. І. Бокі. – Мінск, 2000. – С. 146.

8. Маркава, Н. Е. Смаргонскі кальвінскі збор / Н. Е. Маркава, А. А. Міцянін // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2002. – Т. 15. – С. 50.

9. Сморгонский кальвинский сбор // Республика Беларусь : энцикл. : в 7 т. / редкол.: Г. П. Пашков (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2008. – Т. 6. – С. 740−741.

10. Сморгонский костел святого Михаила архангела // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 533.

11. Сморгонский костел святого Михаила архангела // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 341.

12. Татаринов, Ю. А. Кальвинский сбор / Ю. А. Татаринов // Города Беларуси. Гродненщина : в некоторых интересных исторических сведениях / Ю. А. Татаринов. − Минск, 2009. − С. 87−88.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe