Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла

На паўночнай ускраіне вёскі, на могілках. Пабудаваны ў 1674 г. цэглы і бутавага каменю. Перабудаваны ў 1827 г. па загаду сенатара Каралеўства Польскага Людзвіка Паца паводле праекта архітэктара Генрыка Марконі. Аднаўляўся ў 1924-25 гг. Перад касцёлам стаяла аркадная званіца, з левага боку – плябанія. Капітальна адрамантаваны і адкрыты ў 1990 г.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Аднанефавы крыжападобны ў плане храм з больш нізкімі пяціграннай апсідай і крыламі трансепта. Тарцы высокіх двухсхільных дахаў над нефам і крыламі трансепта закрыты ступеньчатымі шчытамі. Да паўднёва-заходняга вугла нефа прыбудавана трох’ярусная вежа (васьмярык на 2 чацверыках), накрытая васьмігранным спічастым шатром. Вуглы асноўнага аб'ёму ўмацаваны контрфорсамі і завершаны дэкаратыўнымі фіяламі. Бакавыя фасады прарэзаны стральчатымі аконнымі праёмамі з узорыстымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасада круглае акно-ружа, вышэй – арнаментальна-гафрыраваны фрыз і шчыт, крапаваны дробнай аркатурай з гербам па цэнтры. Уваход аформлены перспектыўным парталам, па баках якога стральчатыя экседры са скульптурамі святых апосталаў Пятра і Паўла (не захаваліся).

Унутраная прастора касцёла перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, крылы трансепта – крыжовымі. Апсіда і крылы трансепта раскрываюцца ў прастору нефа арачнымі прасветамі. Над уваходам на трохпралётнай стральчатай аркадзе ўзняты хоры, на якія вядзе вітая лесвіца ў таўшчыне сцяны. Сцены нефа расчлянёны пілястрамі і размаляваны ў верхняй частцы шматфігурнымі кампазіцыямі на біблейскія тэмы. На вуглавым пілоне апсіднай аркі навешаны амбон.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 71 ад 28.02.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Шчучынскі раён, в. Ражанка.

Бібліяграфія:

1. Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла //Хрысціянскія храмы на фотаздымках Яна Балзункевіча. Пачатак XX стагоддзя / [уклад. А. М. Кулагін, У. А. Герасімовіч]. – Мінск, 2001. – С.142.

2. Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла і капліца ў в. Ражанкка // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2001. – С. 485–487.

3. Кулагін, А. М. Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 311.

4. Кулагін, А. М. Касцёл Святых апосталаў Пятра і Паўла / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2000. – С. 131.

5. Кулагін, А. М. Петра-Паўлаўскі касцёл у в. Ражанка // А. М. Кулагін / Эклектыка: Архітэктура Беларусі другой паловы XIX – пачатку XX стагоддзя / А. М. Кулагін. – Мінск, 2000. – С.138.

6. Петрапаўлаўскі касцёл // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 438.

7. Петрапаўлаўскі касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 351–352.

8. Ражанкаўскі Петрапаўлаўскі касцёл // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 190.

9. Ражанкаўскі Петрапаўлаўскі касцёл // Беларуская энцыклапедыя: ў 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2001. − Т. 13. – С. 249.

10. Рожанковский костел Святых апостолов Петра и Павла // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 492.

11. Рожанковский костел святых апостолов Петра и Павла // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 333.

wwe wwe wwe