Касцёл Святога Яна Хрысціцеля ў в. Воўпа

Помнік народнага драўлянага дойлідства з рысамі архітэктуры позняга барока Знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне вёскі, каля могілак. Пабудаваны ў 1773 г. з дрэва на месцы касцёла 16 ст. па фундацыі Яна Непамука Касакоўскага. У 1889 г. рэстаўрыраваны. Уяўляе сабой падоўжаны 4-сценны зруб, да бакоў якога далучаны 5-гранныя прыбудовы крылаў трансепта. У асноўны аб’ём з боку галоўнага фасада ўбудаваны 4-гранныя 2-ярусныя вежы з фігурнымі шпілямі, паміж якімі ўздымаецца 3-х вугольны франтон з невялікай галоўкай на чацверыку. Бакавыя гарызальтальна ашаляваныя фасады ўмацаваны вертыкальнымі брусамі і прарэзаны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі.

Просты і аскетычны звонку, касцёл вельмі ўрачысты і святочны ў інтэр’еры. Падшыўная балечная столь пафарбавана ў блакітны колер і дэкарыравана маляванымі кесонамі з разеткамі, размалёўка сцен імітуе чырвона-цагляную муроўку. У глыбіні нефа знаходзіцца перанесены з папярэдняга храма драўляны разны алтар – твор манументальна-дэкаратыўнага мастацтва 1-й палавіны XVII ст. (паміж 1633 і 1639), які спалучае рысы маньерызму і ранняга барока.

Алтар багата дэкарыраваны накладной і скразной разьбой ў выглядзе арабескавых паясоў, ракавін, картушаў, галовак херувімаў. У інтэркалумнах размешчаны карціна “Распяцце” і драўляныя, таніраваныя пад золата, вялікія (вышынёю 2,5 м) скульптуры Св. Казіміра і Яна Хрысціцеля. Геральдычны картуш, што захаваўся на цокальнай панелі алтара – герб падканцлера ВКЛ Казіміра Леона Сапегі – сына Льва Сапегі. Калоны пазалочаныя, абвітыя спіралямі вінаграднай лазы.

У храме абразы “Дабравешчанне” (сярэдзіна ХVII ст.), “Маці Божая Чанстахоўская” (ХVII ст.), “Маці Божая с дзіцём і святымі Дамінікам і Кацярынай Сіенскай”(ХVIII ст.)

Помнік рэспубліканскага значэння.

Бібліяграфія:

1. Быхаўцаў, М. Воўпенскі касцёл / Мікалай Быхаўцаў // Гісторыя Касцёла на Ваўкавышчыне. − Мінск, 2017. − С. 298−321.

2. Волповский костёл Іоанна Крестителя // Регионы Беларуси: энцикл.: в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 1. – С. 126.

3. Волповский костёл святого Иоанна Крестителя // Туристская энциклопедия Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 115.

4. Волповский костёл святого Иоанна Крестителя // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 283.

5. [Касцёл Яна Хрысціцеля в. Волпа] // Дзяржаўны спіс гісторыка- культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 343−344.

6. Касцёл святога Іаана Хрысціцеля ў в. Воўпа // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ваўкавыскага раёна / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 466−467.

7. Кулагін, А. М. Касцёл святога Яна Хрысціцеля / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 68−70.

8. Якімовіч, Ю. А. Воўпаўскі касцёл Іаана Хрысціцеля / Ю. А. Якімовіч, А. А. Ярашэвіч // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / рэдкал.: А. М. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 135.

wwe wwe wwe