Касцёл Святога Міхаіла Архангела

Касцёл Св. Міхаіла Архангела ў Гнезна – архітэктурны рарытэт беларускай позняй готыкі з элементамі рэнесансу. Пачатак будаўніцтва датуецца 1524 годам. Будаваўся ён на месцы невялікага старадаўняга драўлянага касцёла на сродкі ўладальнікаў маёнтка Яна Шамятовіча і яго жонкі Альжбеты. А, па некаторых звестках, на гэтым жа месцы, яшчэ да прыходу хрысціянства ў гэтыя землі, размяшчалася паганскае капішча, пра што сведчаць ахвярныя камяні, знойдзеныя на тэрыторыі каля касцёла падчас адной з рэстаўрацый ў XIX стагоддзі.

У 1555 г. маёнтак Гнезна купіў Геранім Хадкевіч − прадстаўнік аднаго з буйнейшых родаў Вялікага княства Літоўскага. Менавіта з ім звязана новая старонка ў гісторыі храма. Дакументы сведчаць, што ў 2-й палове XVI ст. ён быў пераўтвораны ў кальвінскі збор, а ў 1643 г. зноў стаў каталіцкім у сувязі з контррэфармацыяй.

Дадзены храм увабраў у сябе рысы позняй готыкі з элементамі рэнесансу, што ўжо праяўляліся ў тыя часы. У архітэктурным плане, вельмі незвычайна для Беларусі выглядае васьмігранная вежа, якая ўпрыгожвае галоўны фасад будынка. Вельмі цікавай і характэрнай асаблівасцю касцёла з'яўляецца памер цэнтральных ўваходных дзвярэй. Яны настолькі малыя, што любому чалавеку прыйдзецца нават прыгінацца, каб патрапіць унутр.

Крыніцы XVI ст. даюць сціслыя звесткі пра вонкавы і ўнутраны выгляд касцёла. Так, інвентар касцёла 1679 г. упамінае “пулап” - так на старажытнапольскай мове называлася плоская драўляная столь. Гэтае ўпамінанне – адно з самых ранніх сведчанняў аб адсутнасці ў гнезнаўскім касцёле мураваных скляпенняў.

У інвентары 1679 г. адзначана, што ўнутры храм быў перакрыты плоскай драўлянай столлю на 12 слупах. Інтэр’ер упрыгожвалі 4 алтары: св. Міхаіла, св. Яўстафія, Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, св. Ганны.

Ваенныя падзеі на працягу XVII-XIX ст. пакідалі свае сляды на храме, але яго рамантавалі пасля кожнага чарговага разбурэння. Гнезнаўскі касцёл быў моцна пашкоджаны ў час Паўночнай вайны. У час Айчыннай вайны 1812 г. згарэлі дах касцёла, плябанія і іншыя будынкі. У 1839 г. у час пажару згарэлі ўсе драўляныя канструкцыі і інтэр’ер храма, пасля чаго ён быў капітальна адрамантаваны на сродкі мясцовага памешчыка Г. Тарасовіча. У час рамонту адбудавалі вежу, якая мела каля 20 м вышыні.

У 90-я гады ХІХ ст. у касцёле зноў правялі рамонт. Пабудавалі новы галоўны алтар, паклалі тэракотавую падлогу і замуравалі другі ўваход у падзямелле, з паўднёвага боку да нефа была прыбудавана сакрысція, пазней яшчэ адна. У 1930-1932 гадах, паводле праекта архітэктара Т. Плюцынскага, была праведзена глабальная рэстаўрацыя будынка − фасада вежы, рызніцы. У асноўным з такімі зменамі гнезнаўскі касцёл захаваў свой выгляд да нашага часу.

Сцены касцёла таўшчынёй 1 м узведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі з цэглы-пальчаткі памерам 28х13,5х7 см. Заходняя сцяна касцёла стаіць на падмурку з валуноў. Падмуркі вежы і астатніх фасадаў касцёла зробленыя ў тэхніцы змешанай муроўкі з цэглы-пальчаткі і камянёў. У заходняй частцы над уваходам размешчаны хоры. Злева ад уваходу ў тоўшчы заходняй сцяны ёсць нешырокая лесвіца, якая вядзе на хоры і ў вежу.

Гнезнаўскі касцёл – адзін з помнікаў беларускай гатычнай архітэктуры, дзе шырока ўжыта для аздаблення фасадаў фасонная цэгла. Гатычныя касцёлы аналагічнага тыпу ў канцы XV – XVI ст. былі распаўсюджаны ў асноўным на тэрыторыі Польшчы (Мазовія), а ў Беларусі і ў Літве ён адзіны.

Падзямелле касцёла доўгі час выкарыстоўвалася для пахавання ўладальнікаў Гнезна і іншых знакамітых асоб. З часам гэты некропаль перастаў пашырацца і ў пачатку XX стагоддзя яго замуравалі.

Пасля Другой сусветнай вайны, у 1968 годзе касцёл быў зачынены і перададзены мясцоваму сельскагаспадарчаму прадпрыемству пад склад. У 1989 годзе храм вярнулі Каталіцкай царкве, яго паўторнае асвячэнне адбылося ў 1990 годзе. Пасля гэтага была распачата рэстаўрацыя і аднаўленне касцёла. Гэтыя працы працягваліся дастаткова доўга, але на сённяшні дзень у асноўным завершаны. Касцёл знаходзіцца ў выдатным стане, а яго дзверы адчыненыя для наведвальнікаў і вернікаў. Нягледзячы на шматлікія аднаўленчыя працы, якія праводзіліся ў розныя часы, касцёл у агульных рысах захаваў сваё першапачатковае аблічча.

Касцёл у вёсцы Гнезна з'яўляецца ўнікальным аб'ектам беларускай гістарычнай спадчыны.

Бібліяграфія:

1. Гаранович, И. Оценка современного состояния старинных парков Беларуси / Игорь Гаранович // Наука и инновации. – 2011. − № 5. – С. 71.

2. Гнезна [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://vedaj.by/index.php/garady/grodna/waukaw/vaukavysk. – Дата доступа: 27.09.2018.

3. Гнёзновский костёл святого Михаила Архангела // Туристские регионы Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 285.

4. Касцёл Св. Міхаіла Архангела // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. В. Я. Абламскі, Ў. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 345.

5. Касцёл Святога Міхаіла Архангела ў в. Гнезна // Памяць : гіст.– дакум. хроніка Ваўкавыскага раёна / рэдкал.: Л. М. Драбовіч [і інш.]. – Мінск, 2004. – С.468–469.

6. Кулагін, А. М. Касцёл Святога Міхаіла Архангела / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 39.

7. Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Гродненщины / А. Т. Федорук. − Минск, 2014. – С.126−132.

8. Чантурия, В. А. Памятники и памятные места Беларуси / В. А. Чантурия, Ю. В. Чантурия. – Смоленск, 2007. – С. 247–248.

9. Чарняўская, Т. І. Міхайлаўскі касцёл / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 127–128.

10. Ярашэвіч, А. А. Гнезнаўскі касцёл Міхаіла Архангела / А. А. Ярашэвіч // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А.А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 149–150.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe