Касцёл святой Ганны

Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Пабудаваны ў 1782 г. з цэглы. У 1895 г. фундаментальна перабудаваны з бутавага каменю акрамя апсіды.

Понік архітэктуры неакласіцызму. Прамавугольны ў плане аб’ём пад 2-схільным дахам з 5-граннай апсідай. Архітэктурныя дэталі (ліштвы, карнізы, акантоўка лапатак) пабелены і графічна вылучаны на паліхромным фоне бутавай муроўкі. Складаную трактоўку атрымаў трохвугольны франтон галоўнага фасада, у які ўкампаваны плоскі ўтрыраваны пілястравы порцік з самастойным франтонам. Уваход вылучаны лучковым парталам і арачным аконным праёмам хораў над ім.

Выцягнутая па падоўжнай восі малітоўная зала падзелена высокімі драўлянымі слупамі (размалёўка імітуе мармуровыя калоны) на 3 нефы. Цэнтральны з іх перакрыты драўляным цыліндрычным скляпеннем і аб’яднаны ім з конхавай апсідай. Спалучэннем з плоскай столлю бакавых нефаў у 4-сценным аб’ёме створана развітая прастора, арганізацыя якой нагадвае старадаўнія каталіцкія базілікі. Ускладняюць інтэр’ер галерэі бакавых сакрысцій і хораў. Мастацкае афармленне дапаўняе размалёўка арнаментальнага фрыза з поясам аб’яднаных гірляндамі медальёнаў, падпружных арак, плафонных разетак. У інтэр’еры 7 драўляных неагатычных разных алтароў. Абразы XIX ст. у стылі акадэмічнага класіцызму “Архангел Міхаіл”, “Маці Божая Вастрабрамская”, “Маці Божая Адзігітрыя”.

Помнік 3 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 77 ад 13.11.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Мастоўскі раён, в. Лунна.

Бібліяграфія:

1. Карповіч, Л. Касцёл Святой Ганны / Л. Карповіч // Тэлескоп (Ліда). – 2005. – 20 студз. – С. 4.

2. Комплекс касцёла Св. Ганны // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 390.

3. Кулагін, А. М. Касцёл святой Ганны / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 201.

4. Луннаўскі касцёл // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 267.

5. Лунненский костёл святой Анны // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 304.

6. Цеслюкевіч, Я. Праз церні да Бога / Я. Цеслюкевіч // Зара над Нёманам (Мастоўскі раён). – 2013. – 5 кастр. – С. 9.

7. Шыдлоўскі, А. Касцёл св. Ганны / Антон Шыдлоўскі // Слова Жыцця (Гродна). – 2012. – 19 лют. – С. 2.

wwe wwe wwe wwe wwe