Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі

Храм пабудаваны ў 1700 г. з дрэва на месцы касцёла,заснаванага ў 1601 г. польскім каралём Жыгімонтам III (парафія заснавана ў 1490). Першы інвентарны вопіс касцёла складзены ў 1782 г. У 1808 г. пры касцёле пастаўлена новая драўляная плябанія. Да сярэдзіны 19 ст. храм прыйшоў у аварыйны стан. У 1887 і 1898 гг. адноўлены без страты першапачатковага архітэктурна-стылёвага вобліку. На 1886 г. налічвалася 1242 парафіяніны, на 1895 г. — 841, на 1997 г. — 1930. Адноўлены ў 1898 г. — нанава ашаляваны без парушэння барочнай стылёвай першаасновы. У 1992 г. капітальна адрамантаваны.

Помнік манументальнага народнага дойлідства з рысамі стылю барока. Узведзены па канону трохнефавай базілікі. У аснове будынка — прадаўгаваты і высокі прамавугольны зруб цэнтральнага нефа з пяцісценнай апсідай, накрыты вальмавым дахам з ківорыем (шатром) фігурнай барочнай формы. Яруснае нарастанне ствараецца больш нізкімі бакавымі нефамі і кароткімі крыламі трансепта пад аднасхільнымі дахамі. Іх дынамічны рух узмацняецца вертыкальнай шалёўкай і брусамі-сцяжкамі па баках высока ўзнятых арачных вокнаў-біфорыумаў.

Унутраная прастора, падзеленая дзвюма пяціслуповымі аркадамі на тры нефы, мае глыбінна развітую, падоўжана выцягнутую кампазіцыю. Ансамбль з пяці драўляных алтароў — магутны мастацка-дэкаратыўны акорд у лапідарнай па архітэктуры малітоўнай зале. Архітэктоніку двухярусных алтароў утвараюць карынфская каланада, разарваныя антаблементы, прафіляваныя карнізы, якія арганічна спалучаюцца з круглай драўлянай скульптурай і ажурнай арнаментальнай разьбой. Ёй акаймаваны шырокафарматныя алтарныя абразы. На сценах залы навешаны 12 стацый з цыкла «Крыжовы шлях Хрыста» (гіпсатура, 19 ст.). На выступаючай і адкрытай у залу вялікай аркай трохграннай галерэі хораў устаноўлены арган, дэкарыраваны барочным франтонам. На левым слупе прэсбітэрыя навешаны гранёны амбон.

У канцы 19 ст. касцёл абкружаны бутавай агаро джай з брамай у выглядзе гатычнай трохпралётнай стральчатай аркады. Каля яе ў 1877 г. ўзведзена мураваная званіца, трактаваная ў суровых крапасных формах: глухія сцены чатырохграннай вежы пад нізкім шатровым дахам толькі ў верхнім ярусе-звоне прарэзаны лучковымі праёмамі. Побач з храмам надмагілле са скульптурай Хрыста.

Адрас: Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён, в. Адэльск.

Бібліяграфія:

1. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В.Я.Абламскі, І.М.Чарняўскі, Ю.А.Барысюк. 2009. - C.361.

2. Кулагін, А. М. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 8—9.

3. Одельский костёл Вознесения Пресвятой Девы Марии // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И.И. Пирожника. – 2007 . – С. 404.

4. Одельский костел Вознесения, памятник деревянного зодчества с чертами борокко в д. Одельск Гродненского р-на // Республика Беларусь: энциклопедия. – Минск, 2007. – Т. 5. – С. 529.

5. Шыдлоўскі, А. Касцёл Унебаўзяцця ў Адэльску / Антон Шыдлоўскі // Слова Жыцця (Гродна). – 2011. – 6 сак. – C. 2.

6. Янчэўская, Ж. Драўляны цуд гродзенскай Камчаткі / Жанна Янчэўская // Гродзенская праўда. – 2006. – 13 крас. – C. 4.

wwe wwe