Комплекс Барысаглебскага манастыра: Барысаглебская царква манастырскі корпус (г. Навагрудак, XVI−XIX стст.)

Барысаглебская царква пабудавана ў гатычным стылі на месцы храма першай паловы XII ст., сцены якога былі складзены з вапняковых туфавых блокаў і нязначных уставак плінфы як крыжовакупальны храм. У 1317 г. гэты храм атрымаў статус кафедры Літоўскай праваслаўнай мітраполіі. Будаўніцтва царквы вялося ў 1517−1519 гг. у тэхніцы гатычнай муроўкі з фундацыі князя Канстанціна Астрожскага і пры падтрымцы мітрапаліта Язэпа Солтана. Пазней вакол храма ўзведзена галерэя, зробленая з плінфы ў тэхніцы муроўкі «са схаваным радам», што характэрна для полацкай школы дойлідства XII ст. Храм быў размаляваны фрэскамі, меў прыгожую маёлікавую падлогу з разнастайных паліваных керамічных плітак (квадратных, прамавугольных і трохвугольных). Дах быў накрыты свінцовымі лістамі. Падчас яго пабудовы выкарыстаны галаснікі. З XIV ст. пры храме існаваў мужчынскі праваслаўны манастыр, з 1624 г. — жаночы, з 1628 г. — мужчынскі манастыр базыльян (Барысаглебскі манастыр), з 1839 г. — праваслаўная царква.

У пачатку XVI і асабліва ў першай чвэрці XVII ст. храм цалкам перабудаваны: знікла галерэя, значна павялічыліся яго памеры. Узведзены 3-нефавы зальны будынак з 5-граннай апсідай, зорчатымі скляпеннямі. Фасады падзелены шматлікімі радамі тонкіх вертыкальных калон-лапатак, якія ў верхняй частцы пераходзяць у пояс са спічастых арак. Вуглы будынка ўмацаваны 6-граннымі контрфорсамі. У яго абліччы з’явіліся рысы позняй готыкі, рэнесансу і сармацкага барока. У XVII ст. храм быў накрыты зялёнай і светла-карычневай дахоўкай.

У XIX ст. фасады храма цалкам перабудаваны. Архітэктурнае рашэнне было заснавана на традыцыйным для рэтраспектыўна-рускага стылю выкарыстанні формаў маскоўска-яраслаўскага дойлідства XVII ст. Адначасова быў створаны драўляны чатырохярусны іканастас у 30 абразоў. У верасні 1876 г. ў прысутнасці 10 тыс. вернікаў уладыка Аляксандр (Дабрынін) асвяціў перабудаваны храм.

У 1923−1924 гг. вялася рэстаўрацыя храма. У 1961−1995 гг. храм быў зачынены, у будынку размясціўся філіял дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці. У 1990-я гады ў выніку рэстаўрацыі аднавіўся гатычна-рэнесансны выгляд вежаў царквы. У 1996 г. храм вярнулі праваслаўнай царкве. З 2010 г. у храме вядуцца рэстаўрацыйныя работы.

Чатыры слупы пасярэдзіне падзяляюць інтэр’ер храма на дзевяць частак (травей). 3 іх тры сярэднія блізкія да квадрата, а астатнія прамавугольныя. Травеі паміж сабою падзелены падпружнымі аркамі і перакрыты крыжовымі нервюрнымі скляпеннямі. Пры гэтым рэбры нервюр не аддзяляюцца ад апор гарызантальнымі цягамі, што надае інтер'еру гатычную ўзнёсласць. Асабліва прыгожым зоркавым малюнкам нервюр вылучаецца перадалтарнае скляпенне. Цэнтральны неф завершаны мураваным іканастасам XVIII ст., першы ярус якога складаецца з масіўных слупоў; па цэнтры другога яруса — паўцыркульны праём для алтарнага абраза; трэці ярус аддзелены ад папярэдняга магутным антаблементам.

У храме знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Навагрудскай ў праваслаўнай рэдакцыі. У крыпце пад царквой пахаваны прадстаўнікі знатнага рода Храптовічаў.

Архітэктурна−мастацкія асаблівасці збудавання, характар муроўкі і дэкаратыўныя аздобы дазваляюць аднесці Барысаглебскую царкву ХІІ ст. у Наваградку да помнікаў Гродзенскай школы дойлідства, да якой належаць таксама Барысаглебская царква і Ніжняя царква на тэрыторыі Старога замка ў Гродна.

Барысаглебскі манастыр заснаваны ў першай чвэрці XVII ст. пры мітрапаліцкім Барысаглебскім саборы протаархімандрытам ордэна базыльян, пазней кіеўскім уніяцкім мітрапалітам І. В. Руцкім, які на ўтрыманне манахаў прызначыў частку прыбыткаў Лаўрышаўскага манастыра. Паводле меркаванняў некаторых гісторыкаў, манастыр пры Барысаглебскім саборы існаваў з XIV ст. як праваслаўны. На першай і другой кангрэгацыях базыльян (1617, 1623) Навагрудскі манастыр названы другім пасля Віленскага.

Манастырскі корпус — аднапавярховы прамавугольны ў плане з невялікай прыбудовай з боку таровага фасада будынак. Накрыты валмавым дахам. На тарцовым фасадзе два магутныя контрфорсы. Фасады вырашаны лаканічна. Сцены атынкаваныя, чляняцца прамавугольнымі аконнымі праёмамі без ліштваў. Па перыметры будынка праходзіць карніз.

Пэўны час пры манастыры дзейнічала школа для свецкіх асоб. У 1666 г. манахі пратэставалі супраць канкурэнцыі іезуітаў у галіне адукацыі.

Пасля руска-польскай вайны 1654−1667 гг. манастыр збяднеў і заняпаў, у 1671 г. у ім былі толькі два манахі. Скасаваны разам з Лаўрышаўскім манастыром пры ліквідацыі уніі ў 1839 г.

Комплекс Барысаглебскага кляштара: Барысаглебская царква, галоўны алтар, манастырскі корпус адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь першай катэгорыі.

Бібліяграфія:

1. Аляксееў, Л. В. Гродна і помнікі Панямоння / Л. В. Аляксееў. – Мінск : Бел. навука, 1996. – 191 с.Са зместу: [Барысаглебская царква]. С.101-103.

2. Габрусь, Т. В. Саборы помняць усё: готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі / Т.Габрусь. − Мінск : Беларусь, 2007. – 167 с.: іл.Са зместу: [Барысаглебская царква ў Навагрудку]. С. 42−45.

3. Гусева, Е. 900 лет из жизни Новогрудка / Е. Гусева // Планета. − 2015. − № 2. − С. 50−57.

4. Комплекс Барысаглебскага манастыра: Барысаглебская царква, галоўны алтар, манастырскі корпус, XVI− XIX стагоддзі // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, Ў. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 398.

5. Колосовская, А. Н. Новогрудская Борисоглебская церковь / А. Н. Колосовская // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич [и др.]. − Минск, 2014. – Т. 4, кн. 2. − С. 148.

6. Кулагін, А. М. Свята−Барыса−Глебская царква / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск, 2001. − С. 143.

7. Лукашевич, П. 450 лет постройки Свято-Борисо-Глебского собора в Новогрудке / Павел Лукашевич // Новогрудские епархиальные ведомости. − 2007. − № 7. − C. 8−9.

8. Навагрудак = Novogrudok = Nowogrodek : фотаальбом / аўт. тэксту Т. П. Царук ; фота І. М. Пешахонава-Міцкевіч. – Мінск : Беларусь, 2009. − [103] с.

9. Новогрудская Свято−Борисо−Глебская церковь // Туристские регионы Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 323−324.

10. Новогрудская Свято−Борисо−Глебская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 397.

11. Ярошевич, А. А. Новогрудский Борисоглебский монастырь // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич [ и др.]. − Минск, 2014. – Т. 4, кн. 2. − С. 152.

12. Свiрын, I. Дэталь у маштабе помніка. Быць або не? / І. Свiрын // Культура. − 2010. − 17−23 ліп. − C. 4.

13. Татаринов, Ю. А. История Борисоглебской церкви : по материалам доклада Ивана Сергеевича Гриня на 1-х Свято-Елисеевских образовательных чтениях в городе Новогрудке в 2003 г. / Ю. Татаринов // Города Беларуси. Гродненщина / Ю. Татаринов. – Минск, 2009. – С. 159−161.

14. Трусаў, А. А. Навагрудская Барысаглебская царква / А. А. Трусаў // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А.А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 358.

15. Чантурия, В. А. Архитектурные памятники Белоруссии / В. А. Чантурия. − Минск, 1982. – С. 159.

16. Чарняўская, Т. І. Барысаглебская царква / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 260.

wwe wwe wwe wwe