Фрагменты былой сядзібы

Комплекс збудаваны ў XIX ст. на землях, набытых Юльянам Эдуардавічам Талочкам, упершыню маёнтак пазначаны як маёмасць Талочкаў у 1817 г. Паколькі будынак не захаваўся, гістарычныя звесткі пра палац, даволі падрабязна выкладзеныя ў артыкуле гісторыка культуры Р. Афтаназы па ўспамінах С. Талочкі, трэба прыняць за аснову. Але ёсць некалькі ўдакладненняў. Адно з іх датычыцца аднапавярховага корпуса, які, па меркаванні Р. Афтаназы, быў збудаваны каля 1830 г. пасля выкарчоўкі лесу пад новую сядзібу. Між тым выяўлена, што ніякай выкарчоўкі не было, а здавён часу быў тут маёнтак Ю. Булгарына. Магчыма, і першы дом існаваў здаўна, з XVIII ст., а то і раней. Нават калі першы дом быў драўляны і не захаваўся, напэўна, новы быў пастаўлены на месцы старога – ва ўсёй сядзібе ёсць толькі адзінае, адпаведнае для будаўніцтва панскага дома месца. Рэльеф мясцовасці і размяшчэнне ставоў пацвярджаюць гэта.

Знешні выгляд яго добра вызначаецца па малюнку Н. Орды і фотаздымках пачатку XX ст.

Выгляд парку перад набыццём маёнтка Талочкамі дакументальна не пацверджаны. Мясцовыя жыхары сведчаць, што складзеная з пляскатага каменю агароджа вакол парку вельмі старая, яшчэ з XVIII ст. У сувязі з гэтым можна меркаваць аб існаванні тут рэгулярнага парку ў XVIII ст., ад якога застаўся кавалак ліпавай алеі. Відаць, межы тэрыторыі панскай сядзібы заставаліся нязменнымі на працягу двух апошніх стагоддзяў.

Аўтарам планіроўкі парку канца XIX ст. з’яўляецца Іван Капітонавіч Плотнікаў, аб чым сведчаць яго подпісы на чарцяжах праекта і на каштарысе.

Узнікненне капліцы звязана з перапахаваннем сына Ю.Э. Талочкі і жаданнем заснаваць у 1906 г. сямейную пахавальню. Аўтар капліцы таксама І.К. Плотнікаў. Яе архітэктура належыць да стылю мадэрн, што адпавядае таму часу, калі праект быў выкананы (1906 г.). Капліца захавалася да нашага часу, але значна пашкоджаная.

Першыя звесткі пра новаўвядзенні – заснаванне пры маёнтку спіртзавода. Хутчэй за ўсё, ён базіраваўся на старым бровары, які мог тут існаваць яшчэ пры Ю. Булгарыне. Існуюць дзве даты заснавання завода: 1840 г. падае «Вся Россия» за 1912 г. і 1847 г. называе «Указатель фабрик и заводов» за 1887 г. У дакументах самога завода дата яго заснавання не ўказана, аднак па некаторых даных можна прасачыць яго развіццё. Так, у 1862 г. галоўны вытворчы будынак быў аднапавярховы, мураваны. У 1905 г. з паўночна-ўсходняга боку да старога будынка прыбудоўваецца двухпавярховая частка. У такім выглядзе галоўны корпус завода захаваўся да нашых дзён. У тым жа 1905 г. тэрыторыя завода складала 1740 кв. саж. (0,8 га).

Варта спыніцца на архітэктурным абліччы прыбудоўкі да галоўнага корпуса спіртзавода. Яе велічны фасад з двума высокімі стрэльчатымі вокнамі і круглым зашклёным акном-ружай пад шчытом звернуты на паўночны ўсход і заўсёды застаецца ў ценю. Імпазантны фасад нагадвае знешнім выглядам велічны сабор. Спіртзавод быў для гаспадароў самым галоўным «карміцелем» і сімвалам усяго іх заможнага жыцця.

Паўночна-ўсходні фасад спіртзвода з’яўляецца унікальным па прыгажосці прыкладам прамысловай архітэктуры канца XIX - пачатку XX ст. Аўтар праекта нам дакладна не вядомы. Паводле ўскосных даных пры параўнанні архітэктуры завода і капліцы можна меркаваць, што ім быў І.К. Плотнікаў.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 67 ад 14.05.2007).

Адрас: Гродзенская вобласць, Свіслацкі раён, аг. Вердамічы.

Бібліяграфія:

1. Вердаміцкі парк // Архітэктура Беларусі. – Мінск, 1982. – С. 41–42.

2. Вердомичи: достопримечательности [Электронный ресурс] // Radzima.org: адметнасці Беларусі, Літвы і Падляшша. – Режим доступа: https://radzima.org/ru/miejsce/verdomichi.html. – Дата доступа: 14.03.2019.

3. Вердомичский парк, памятник садово-паркового искусства // Республика Беларусь : Энцикл. : В 6 т. Т. 2. – Минск, 2006. – С. 624.

4. д. Вердомичи [Электронный ресурс] // Vetliva: гид по Беларуси. – Режим доступа: https://vetliva.ru/belarus/about-country/cities/grodnenskaya-oblast/d-verdomichi/. – Дата доступа: 14.03.2019.

5. Палубінскі, А. Сядзіба Талочкаў у Вердамічах / А. Палубінскі // Свіслацкая газета. – 2000. – 3 чэрв. – С. 2.

6. Федорук, А. Т. Из истории усадебно-парковых ансамблей / А. Т. Федорук, Н. А. Федорук // Старонкі гісторыі Свіслацкага краю: матэрыялы навук.-практ. канф. – Гродна, 2001. – C. 114–129.

7. Фрагменты былой сядзібы // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 406.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe