Касцёл Святога Казіміра (в. Ліпнішкі, Іўеўскі р-н)

Каталіцкі прыход у Ліпнішках быў заснаваны ў 1510 (1511) годзе каралём Жыгімонтам I Старым. Першапачаткова быў узведзены драўляны касцёл (па некаторых звестках гэта быў касцёл Св. Ганны), які які згарэў падчас паўночнай вайны са шведамі. У 1804 годзе пры фундацыі тагачаснага ўладальніка мястэчка Ліпнішкі графа Гальяша (Эльяша) Безбародка быў пабудаваны драўляны касцёл, таксама знішчаны пажарам у 1890 годзе. Цяпер на гэтым месцы стаіць капліца.

Будаўніцтва існуючага касцёла з граніта і цэглы пачалося ў 1900 г. пры дапамозе ўладальніка мястэчка А. Вольскага з удзелам французскіх архітэктараў і польскіх будаўнікоў. Будаўніцтва працягвалася з перапынкамі да 1927 г. Асвячоны касцёл святога Казіміра быў у 1928 г. архібіскупам Р. Ялбжыкоўскім.

Касцёл — помнік архітэктуры неаготыкі. Прамавугольны ў плане будынак з 3-граннай апсідай, сіметрычнымі бакавымі сакрысціямі, квадратным у плане нартэксам, над якім узвышаецца 3-ярусная вежа, завершаная спічастым шатром. Яго грані ў аснаванні прарэзаны люкарнамі ў высокіх 2-гранных ліштвах з фіяламі ў завяршэнні. Вуглавымі вытанчанымі фіяламі вылучаны і верхнія ярусы вежы. Архаічны суровы характар архітэктуры надае абліцоўка фасадаў гранітнымі глыбамі-квадрамі, якім выкладзены спрошчаныя вуглавыя прасценачныя лапаткі, стральчаты партал увахода, ліштвы аконных праёмаў, карнізы. Бакавыя фасады вылучаны па цэнтры высокімі стральчатымі ўваходнымі праёмамі, аформлены неглыбокім рызалітам з 2-гранным шчыпцом у завяршэнні. Першапачаткова дах быў накрыты чарапіцай і меў на каньку над прэсбітэрыем сігнатурку. Акаймаваны бутавай агароджай з 3-арачнай неагатычнай брамай.

Інтэр’ер расчлянёны слупамі на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Сцены атынкаваны і раскрапаваны падвойнымі пілястрамі, дэкарыраваны трафарэтнай арнаментыкай. У алтары абразы св. Казіміра, Марыі, Ісуса. Узжоўж сцен — скульптурныя пано на сюжэты Крыжовага шляху Хрыста. Над уваходам — хоры з неагатычным арганам. Касцёл дзейнічае.

Бібліяграфія:

1. Габрусь, Т. В. Казіміраўскі касцёл / Т. В. Габрусь // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 202.

2. Габрусь, Т. В. Ліпнішскі Казіміраўскі касцёл / Т. В. Габрусь // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 264.

3. Казіміраўскі касцёл // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 378.

4. Касцёл Святога Казіміра // Памяць : Іўеўскі раён : гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / [рэдкал.: Г. К. Кісялёў (гал. рэд.) і інш.]. – Мінск, 2002. – С. 381−382.

5. Кулагін, А. М. Касцёл святога Казіміра / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 196−197.

6. Кулагін, А. М. Касцёл Святога Казіміра / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыкл. давед. / маст. І. І. Бокі. – Мінск, 2000. – С. 87.

wwe wwe wwe wwe wwe