Касцёл Святога архангела Міхаіла і кляштар дамініканцаў (г. Навагрудак)

Касцёл – помнік архітэктуры барока. У 1624 г. віленскі ваявода Крыштоф Хадкевіч даў манахам-дамініканцам пляц, дом, пабудаваў драўляны касцёл, які праз нейкі час згарэў. На месцы старога драўлянага касцёла дамініканцы самі змуравалі новы храм у стылі сталага барока – велічную трохнефавую базіліку без трансепта з двухвежавым фасадам-нартэксам. Гэта адбылося каля 1724 г. – дата кансекрацыі касцёла ў гонар Міхаіла Архангела. У 1751 г. касцёл пацярпеў ад пажару, але хутка быў адноўлены. 3 паўднёвага боку ад касцёла ў 1829 г. была ўзведзена мураваная двух'ярусная званіца, якую можна бачыць на старых літаграфіях. Да нашага часу яна захавалася. У 1831 г. зноў гарэў і пасля рамонту набыў рысы позняга класіцызму: больш пакаты двухсхільны дах са спрошчаным трохвугольным франтонам на галоўным фасадзе. Па гарызанталі галоўны фасад падзелены на два ярусы антаблементам на ўзроўні карнізаў бакавых нефаў, што надае яму візуальную важкасць і прысадзістасць. Вертыкальныя ордэрныя чляненні фасада не адпавядаюць структуры базілікі, што падкрэслівае яго кампазіцыйную самастойнасць. Сціпласць і сухаватасць малюнка моцна змененага фасада кантрастуюць з брутальнай барочнай сакавітасцю пластыкі інтэр'ера. Асаблівасцю архітэктонікі касцёла з'яўляецца надзвычай выцягнуты прэсбітэрый з паўкруглым алтарным завяршэннем, па даўжыні амаль роўны базіліцы, ад якой аддзелены спаранымі падпружнымі аркамі і ўзмоцненымі апорнымі слупамі. Прастора цэнтральнага нефа перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі на адзінкавых падпружных арках, дэкарыраваных ляпнымі кесонамі і паліхромнымі роспісамі, якія захаваліся часткова.

У інвентары касцёла ад 23.12.1804 г. даецца апісанне шыкоўнай аздобы інтэр'ера святыні: разьбяных алтароў, стукавай лепкі, падлогі з мармуровых плітак. У інтэр’еры існавалі дзевяць мураваных алтароў і адзін драўляны. Галоўны алтар двух’ярусны, дэкарыраваны каланадай, гіпсавымі фігурамі і ляпнінай. Паміж калонамі з двух бакоў стаялі чатыры гіпсавыя статуі, над каланадай знаходзіліся ляпныя херувімы і анёлы. Перад клірасам вялікага алтара вісела на ланцугу бронзавая жырандоль з пазалотай на 24 падсвечнікі і ўпрыгожаная прызмачкамі ўральскага шкла. У алтарах значная колькасць жывапісных работ выканана настаўнікам навагрудскай гімназіі Эдуардам Паўловічам. На хорах былі адмысловыя арганы з 11 галасамі і 3 мяхамі. Па баках вімы прэсбітэрыя знаходзяцца вялікія памяшканні сакрыстый.

3 поўначы да касцёла прылягаў двухпавярховы П-падобны кляштарны корпус. Пры ім у 1797–1831 гг. дзейнічала дамініканская школа, што славілася ў краі высокім выхаваўчым узроўнем і ў якой вучыліся Адам Міцкевіч і Ян Чачот (зачынена пасля паўстання 1831). Увесь комплекс быў абнесены мураванай агароджай.

У 1853 г. дамініканскі кляштар быў скасаваны. Касцёл быў значна перабудаваны і з 1857 г. стаў фарным (прыходскім). У 1898 г. у ім была ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар А. Міцкевіча.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны храм быў зачынены, выкарыстоўваўся пад склад і паступова разбураўся. У 1976 г. пацярпеў ад пажару. У 1993 г. адрэстаўрыраваны і вернуты парафіянам.

Жылы корпус (захаваліся сутарэнні) уяўляе сабой двухпавярховы П-падобны ў плане будынак, які далучаўся да касцёла з заходнягя боку. Зараз у стане аднаўлення.

Бібліяграфія:

1. Аляксееў, Л. В. Навагрудак і ваколіцы / Л. В. Аляксееў // Гродна і помнікі Панямоння. – Мінск, 1996. – С. 97–114.

2. Габрусь, Т. В. Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл дамініканцаў / Т. В. Габрусь // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 359−360.

3. Габрусь, Т. В. У промнях ад Вільні / Т. В. Габрусь // Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока. – Мінск, 2001. – С. 213.

4. Кавальчук, Г. Касцёл святога Міхаіла ў пасляваенны час і яго роля ў рэлігійным жыцці Навагрудка / Г. Кавальчук // Навагрудчына ў гістарычна-культурнай спадчыне Еўропы: да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. – Мінск, 2010. – С. 185−188.

5. Казакова, І. В. Навагрудак / І. В. Казакова // Каменны пояс Беларусі / І. В. Казакова. – Мінск, 2009.– С. 20−28.

6. Касцёл Святога Міхаіла Архангела ў Навагрудку [Электронны рэсурс]. − Режим доступу: https://radzima.org/be/novogrudok/1660.html. – Дата доступа: 23.05.2019.

7. Кулагін, А. М. Касцёл святога архангела Міхаіла і кляштар дамініканцаў / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 251−252.

8. Міхайлаўскі касцёл былога кляштара дамініканцаў // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я.Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 398.

9. Новогрудский костёл и монастырь доминиканцев // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т./ редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 2. – С. 156−157.

10. Новогрудский костел Святого Михаила Архангела // Туристская энциклопедия Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 398.

11. Новогрудский костёл святого Михаила архангела и монастырь доминиканцев // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 325.

12. Татаринов, Ю. А. Костел и школа доминиканцев / Ю. А. Татаринов // Города Беларуси в некоторых интересных исторических сведениях: города-музеи. – Минск, 2016. – С. 292−293.

13. Чарняўская, Т. І. Міхайлаўскі касцёл / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 265.

wwe wwe wwe wwe wwe