Міхайлаўскі касцёл

У цэнтры гарадскога пасёлка. Пабудаваны ў 1825-1828 гг. з цэглы і бутавага каменю, у акружэнні бутавай агароджы з брамай-званіцай. Помнік архітэктуры позняга класіцызму.

Прамавугольны ў плане будынак пакрыты 2-схільным дахам. Галоўны фасад завершаны 3-вугольным франтонам з галоўкай. Сцены з украпаваннямі бутавых камянёў. На іх маляўнічай паліхромнай паверхні кантрасна вылучаюцца атынкаваныя і пабеленыя пілястры, плоскія ліштвы прамавугольных аконных праёмаў, трыгліфны фрыз з карнізам на дэнтыкулах і франтон галоўнага фасада.

Унутры зала перакрыта плоскай драўлянай столлю. Уздоўж заходняй сцяны – балкон хораў. Спрошчаная архітэктура інтэр’ера ўпрыгожана разнымі алтарамі, кафедрай-амбонам, паліхромнай драўлянай скульптурай XVIII ст.

У надбрамнай званіцы – звон з сюжэтнай гравіроўкай, адліты ў 1749 г.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 88 ад 28.08.2003).

Адрас: Гродзенская вобласць, Свіслацкі раён, г. п. Поразава.

Бібліяграфія:

1. Костел Святого Михаила Архангела в г. п. Порозово [Электронный ресурс] // Планета Беларусь. – Режим доступа: https://planetabelarus.by/sights/kostel-svyatogo-mikhaila-arkhangela-v-g-p-porozovo/. – Дата доступа: 18.03.2019.

2. Кулагін, А. М. Касцёл святога архангела Міхаіла / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 300.

3. Міхайлаўскі касцёл // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 408.

4. Порозовский костел святого Михаила Архангела // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 461.

wwe wwe wwe wwe