Замкавы комплекс “Мір”.

Першае з летапісных упамінанняў пра Мір адносіцца да 1359 г., калі крыжакі на чале з магістрам Конрадам фон Юнгінгенам спустошылі яго і разрабавалі яго ваколіцы. Граматай вялікага князя Жыгімонта Кейстутавіча ў 1434 г. Мір быў перададзены будучаму віленскаму кашталяну Сеньку Гедыголдавічу.

З 1490 г. Мір належыць беларускім магнатам князям Іллінічам. Першы ўладальнік горада з гэтага роду − Юрый I Іллініч – і з’явіўся ініцыятарам будаўніцтва ў Міры мураванага замка. Дакладных звестак пра час узвядзення Мірскага замка няма. Першыя ўпамінанні аб ім адносяцца да 1531 г. Замак быў пабудаваны на раўніне каля рэчкі Міранка. Спачатку ён быў мураванай крэпасцю з унутраным дваром. Планіровачныя асаблівасці замка (вынясенне за знешні контур чатырох вуглавых абарончых сцен і адной брамнай вежаў), наяўнасць гарматных байніц, якія, дарэчы, размяшчаліся не толькі ў дзвюх абарончых сценах (паўднёвай і ўсходняй), але і на трэцім ярусе паўднёва-заходняй, “гарматнай” вежы, сведчыць аб тым, што будаваўся ён з улікам вынаходніцтва агнястрэльнай зброі і мог ўяўляць сабой адзін з лепшых узораў мясцовай фартэцыі свайго часу.

Сістэма блакіроўкі ўваходу ў замак была вельмі складанай. У яе ўваходзілі пад’ёмныя драўляныя, акутыя жалезам краты (герсы), двое дубовых варот і пад’ёмны мост, які перакідаўся з больш высокага, чым узровень глебы, брамнага праезду на размешчанае на пэўнай адлегласці ад вежы завяршэнне дарожнага насыпу, накшталт невялікага трампліну. На заходняй і паўночнай абарончых сценах існавалі галерэі верхняга бою. У саміх вежах было ўладкавана шмат накіраваных у розныя бакі байніц, прыстасаваных для выкарыстання больш лёгкай агнястрэльнай зброі. Сувязі паміж абарончымі вежамі на сценах і баявых галерэях былі арганізаваны так, каб заблытаць упершыню трапіўшага туды чужаніцу.

Кожная з вежаў мае свае асаблівасці. Больш за ўсё гэта датычыцца мас- тацкага аздаблення фасадаў. Брамная і паўночна-ўсходняя вежы былі скрозь укрыты вытанчаным арнаментам. Аздабленне гарматнай вежы ўжо не такое вытанчанае. У паўднёвай сцяне замуравана сімвалічная каменная “галава барана”. Паводле старажытнай легенды, пакуль існуе гэты “баран”, стаяць будзе і замак.

Архітэктура замка XVI ст. мае рысы позняй беларускай готыкі. У 1580-90 гады замак перабудоўвалі ў стылі рэнесансу пад загарадную княжацкую рэзідэнцыю. Да паўднёвай і ўсходняй сцен быў дабудаваны 3-павярховы палац – першапачаткова аднапавярховы корпус са скляпеністымі памяшканнямі і падваламі. Вежы былі прыстасаваныя пад жыллё, уздоўж заходняй і паўднёвай сцен пастаўлены гаспадарчыя пабудовы (кухня, стаўня). Да 1616 г. да палаца былі надбудаваны яшчэ два паверхі ў стылі рэнесансу. У яго сутарэннях на 1-м паверсе размяшчаліся гаспадарчыя памяшканні, на 2-м – службовыя, на 3-м княжацкія пакоі. Усяго палац меў каля 40 пакояў, аздобленых лепкай. Сцены і вежы былі звонку атынкаваны. Вокны, дзверы, ганкі ўпрыгожаны рознымі дэталямі. У вежы-браме размешчаны гадзіннік са званамі, перад уваходам пабудавана дадатковае паўкруглае умацаванне з асобнай брамай і рэнесансным разным парталам. Замак з’яўляўся адміністрацыйным цэнтрам Мірскага графства, тут знаходзіліся канцылярыя і астрог. Замак быў пашкоджаны ў выніку аблог 1655 і 1706 (вайна з Расіяй і Паўднёвая вайна). Адноўлены ён быў у 1730-ыя гады пры Міхаіле Казіміры Радзівіле, па празванню Рыбанька. Пры аднаўленні замка рэнесансныя дэталі зніклі. На той час пакоі замка былі багата аздоблены прадметамі раскошы, большасць з якіх выраблялася на радзівілаўскіх мануфактурах.

У 1794 годзе, у час паўстання Тадэвуша Касцюшкі, замак быў моцна разбураны, у канцы XVIII cт. зусім заняпаў. Пасля Пана Каханку, сына Радзівіла Рыбанькі, якога бацька за шалёны нораў адразу пасля жаніцьбы адправіў у Мір “з вачэй”, ён быў сімвалам сярэднявечча, вартаўніком усяго наваколля, пышнай магнацкай рэзідэнцыяй, вілай для ўцех. У 1812 годзе пад сценамі замка адбыўся бой паміж французскай кавалерыяй маршала Даву і ар’ергардам 2-й арміі — казацкай конніцай М. Платава. Была ўзарвана паўночна-усходняя вежа, палац разрабаваны, разбураны і спалены. У 1870-ыя гады былі праведзены першыя работы па захаванню замка як помніка старажытнасці.

У 1920 – 30 гады Мірскі замак быў часткова адноўлены. У выніку археалагічных даследванняў было ўстаноўлена, што ў былыя часы ўнутраныя пакоі замка ўпрыгожваліся рознай кафляй. З паліхромнай кафлі выкладваліся печы ў княжыцкіх пакоях, з паліванай тэракотавай і зялёнай кафлі – у службовых памяшканнях і жытлах прыслугі. Знойдзена вялікая колькасць шкляных, керамічных і металічных вырабаў (люлькі, посуд, келіхі і пляшкі, замкі і шпоры і інш.). Да 1938 г. былі адбудаваны частка ўсходняна палаца, гарматная і тынкаваная вежы.

У 1920 – 30 гады Мірскі замак быў часткова адноўлены. У выніку археалагічных даследванняў было ўстаноўлена, што ў былыя часы ўнутраныя пакоі замка ўпрыгожваліся рознай кафляй. З паліхромнай кафлі выкладваліся печы ў княжыцкіх пакоях, з паліванай тэракотавай і зялёнай кафлі – у службовых памяшканнях і жытлах прыслугі. Знойдзена вялікая колькасць шкляных, керамічных і металічных вырабаў (люлькі, посуд, келіхі і пляшкі, замкі і шпоры і інш.). Да 1938 г. былі адбудаваны частка ўсходняна палаца, гарматная і тынкаваная вежы.

Пад час гітлераўскай акупацыі ў Мірскім замку быў арганізаваны лагер для ваеннапалонных і гета. Пасля вайны, у сувязі з тым, што большая частка Міра была спалена, у прыдатных для жылля памяшканнях аж да 1956 г. жылі пагарэльцы. Практычныя работы па рэстаўрацыі Мірскага замка распачаты ў 1983 г.

У 2000 г. комплекс уключаны ў Спіс аб’ектаў Сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Бібліяграфія:

1. Бутэвіч, А. І. Мірскі замак / А. І. Бутэвіч. – Мінск : Кавалер Паблiшэрс, 2003. – 14 с.

2. Волкаў, М. А. Мірскі замак у XVI−XVIII стст.: гісторыя будаўніцтва і эвалюцыя функцыянальнага прызначэння / М. А. Волкаў // Беларускі гістарычны часопіс. − 2016. − № 9. − С. 29−45.

3. Жилевич, А. А. Старинные замки Гродненщины / А. А. Жилевич // Пазашкольнае выхаванне. − 2010. − № 3. − С. 17−25.

4. Замкавы комплекс “Мір” // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 379−381.

5. Калнин, В. В. Мирский замок / В. В. Калнин. – Минск : Полымя, 1978. – 51 с.

6. Казакова, І. В. Мір / І. В. Казакова // Каменны пояс Беларусі. − Мінск, 2009. − С. 15−20.

7. Мірскі замак [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki/. – Дата доступу: 19.10.19.

8. Мірскі замкава-паркавы комплекс / В. В. Калнін [і інш.] // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 347−348.

9. Мирский замково-парковый комплекс // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 317−318.

10. Мирский замково-парковый комплекс // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 344.

11. Палацава-замкавы комплекс / А. Я. Міцянін [і інш.] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 216−218.

12. Татаринов, Ю. А. Замок / Ю. А. Татаринов // Города Беларуси. Гродненщина / Ю. А. Татаринов. − Минск, 2009. − С. 143−145.

13. Ткачев, М. А. Мирский замок / М. А. Ткачев // Замки Беларуси / М. А. Ткачев. − Минск, 2005. − C.146−156.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe