Рэшткі замка XV-XVI ст.(в. Геранёны, Іўеўскі р-н)

Геранёнскі замак — помнік палацава-замкавай архітэктуры. Паселішча Геранёны згадваецца ў пісьмовых крыніцах пачынаючы з 1-й паловы ХV cт. У 1433 г. Жігімонт Кейстутавіч, вялікі князь літоўскі, падараваў Геранёны разам з Дзевянішкамі, Меднікамі і Тыкоцінам Яну Гаштольду. У 1493 г. вялікі князь Аляксандр пацвердзіў прывілеі на права валодаць Геранёнамі Войцаху Гаштольду, тагачаснаму канцлеру Вялікага княства Літоўскага і віленскаму ваяводзе. Мяркуецца, што на мяжы XV − пачатку XVI ст. і быў пабудаваны мураваны замак. Гаштольды валодалі замкам да 1542 г. Потым ён перайшоў да караля Жыгімонта I, а ад яго − да Жыгімонта Аўгуста. У XVII ст. Геранёны − ва ўладанні Пацаў. Пад час руска-польскай вайны 1654−1667 гг. замак быў разбураны, але, відаць,неўзабаве яго зноў аднавілі. У пачатку XIX ст. замак пуставаў, а потым, у сярэдзіне стагоддзя, яго пачалі разбураць.

Замак быў пабудаваны з каменю на вапнавым растворы, на штучнай земляной выспе. Падмурак вышынёй да 1 м з вялікіх камянёў на вапне. Сцены таўшчынёй 1,4 м утваралі квадратнае ў плане збудаванне (27x27 м) з цыліндрычнымі вежамі (дыяметр 8 м) па вуглах. Вежы і сцены складзеныя з каменю, звонку абліцаваныя цэглай. Паміж двума ніжнімі ярусамі вежаў было скляпеністае перакрыцце. Байніцы стральчатага абрысу вышынёй 1 м і шырынёй 0,6 м. Як мяркуюць, у канцы XVI ст. да паўднёвай сцяны замка быў прыбудаваны двухпавярховы мураваны палац (у 1565 г. быў яшчэ драўляны), які з боку дзядзінца меў 12 акон, спічасты дах з флюгерам у выглядзе бусла ў цэнтры і бляшанымі зоркамі па вуглах. На 1-м паверсе палаца размяшчаліся службовыя памяшканні, была печ, абліцаваная зялёнай кафляй, на 2-м − жылыя памяшканні. Шатровы дах замкавых вежаў, дах над баявым ходам сцен і ў палацы накрывала чарапіца-дахоўка. На дзядзінцы перад палацам знаходзілася студня, пякарня, вяндлярная і інш. гаспадарчыя пабудовы.

Замак быў абкружаны абарончым валам (вышыня 9−10 м, шырыня ў аснове 15 м), умацаваным з унутранага боку мураванай сцяной (таўшчыня 1,25 м, вышыня 4,5 м). Праезд у замак размяшчаўся ў ніжнім ярусе паўднёва-ўсходняй вежы – брамы са сценамі таўшчынёй каля 2,2 м. Трапіць да брамы можна было па лёгкім драўляным мосце, перакінутым цераз роў. Магчыма, частка моста перад брамай падымалася. Акрамя таго, справа ад брамы вал меў бастыёнападобны выступ, стратэгічнае прызначэнне якога несумненнае: ён фланкіраваў агнём і мост, і блізкія подступы да брамы.

Не выпадковае, вядома, і размяшчэнне Геранёнскага мураванага касцёла, узведзенага ў 1519 г. Абнесены мураванай сцяной, ён непасрэдна прымыкаў да абарончага рова перад брамай і, такім чынам, з’яўляўся дадатковай перашкодай на шляху да замка. Геранёнскі замак – яркі ўзор замкавага будаўніцтва ў Беларусі на мяжы XV – XVI стст. Хоць тут і ёсць асобныя элементы еўрапейскай фартыфікацыі, усё больш ярка і выразна вылучаюцца мясцовыя ваенна-будаўнічыя традыцыі. Аб гэтым сведчаць і будаўнічыя матэрыялы і прынцып узвядзення валоў, і мураваны замак з чатырма вежамі, размешчаны на штучнай выспе, што было найбольш характэрна для беларускага ваеннага і царкоўна-цытадэльнага дойлідства тых часоў. Замак стаў як бы сувязным звяном паміж старымі мясцовымі прыёмамі фартыфікацыі і бастыённай сістэмай умацаванняў, якая неўзабаве набыла шырокае распаўсюджанне.

Бібліяграфія:

1. Геранёнский замок // Города, местечки и замки Великого княжества Литовского : энцикл. / ред. сов.: Т. В. Белова [и др]. − Минск, 2009. − С. 110−111.

2. Геранёнский замок // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 125.

3. Геранёнский замок // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 285.

4. Геранёнский замок; д.Геранёны Ивьевского района Гродненской области // Беларусь замковая = Belarus ― the land of castles : фотоальбом / сост.: О. Д. Баженова, Т. В. Белова ; редкол.: Е. С. Аксенова (гл. ред.) [и др.]. − Минск, 2015 − С. 336−343.

5. Коўкель, І. І. Замак у Гераненах / І. І. Коўкель // З гістрыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю : матэрыялы навук.-практ. краязн. канф. − Гродна, 1999. − С. 164−168.

6. Руіны замка // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 200.

7. Рэшткі замка // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я.Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 376−377.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe