Слонімскі касцёл Святога Андрэя

Помнік архітэктуры барока і ракако.

Першы драўляны касцёл Св. Андрэя Апостала і Марыі Магдалены быў заснаваны каля 1490 г. польскім каралём Казімірам IV Ягелончыкам і пабудаваны ў 1493 г. Новы будынак пабудаваны з цэглы ў 1775 г. Пасля Вялікай Айчыннай вайны не дзейнічаў. Перададзены вернікам у 1990-х гадах, рэстаўрыраваны (архітэктар В. Атас, фрэскавы жывапіс М. Залатуха, У. Ракіцкі).

Мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым галоўным фасадам. Неф, алтарная частка і бакавыя сакрыстыі прамавугольныя ў плане, маюць дэкаратыўнае аздабленне.

Галоўны фасад багата дэкарыраваны пілястрамі,фігурным франтонам, валютамі, глыбокімі нішамі і інш.

У інтэр’еры ілюзорна-перспектыўная фрэскавая размалёўка ў тэхніцы грызайль: пілястры,фігуры анёлаў, ваза. Пластычна-дэкаратыўны акцэнт –галоўны алтар у выглядзе порціка са здвоенымі карынфскімі калонамі, завершаны 3-вугольным франтонам з скульптурамі анёлаў. У алтары скульптура “Укрыжаванне” і абраз “Маці Божая Жыровіцкая”.

На бакавых сценах прэсбітэрыя фрэскавыя кампазіцыі на біблейскія тэмы.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 71 ад 28.02.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, г. Слонім, пл. Сапегі.

Бібліяграфія:

1. Ансамбль Андрэеўскага касцёла: касцёл, жылы корпус, брама з агароджай // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 411.

2. Кулагін, А. М. Касцёл святога Андрэя / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 337.

3. Слонимский костел святого Андрея // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И.И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 339–340.

4. Слонімскі Андрэеўскі касцёл // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 443.

5. Слонімскі касцёл Св. Андрэя // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 293.

6. Слонімскі касцёл Св. Андрэя // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. – Мінск, 1987. – Т. 5. – С. 59.

wwe wwe wwe