Свята-Петрапаўлаўская царква са званіцай,(1736 г., в. Валеўка, Навагрудскі р-н)

Помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока. Пабудавана ў 1736 г. з дрэва як Троіцкі касцёл кляштара дамініканцаў па фундацыі брэсцкага ваяводы Стэфана Курча. У 1830-я гг. касцёл ператвораны ў праваслаўную царкву.

У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца драўляная Свята-Петрапаўлаўская царква, перабудаваная ў 1830 годзе з рыма-каталіцкага касцёла. Драўляны іканастас быў пафарбаваны ў перламутравы колер, з пафарбаванымі карнізамі і рамамі, складаўся з 5 абразоў размешчаных ў адзін рад. На званіцы, размешчанай асобна, было пяць званоў вагою ад 5 пудоў да 10 фунтаў.

Царква складаецца з асноўнага прамавугольнага ў плане аб’ёму, да якога ў паўднёвай частцы дабудавана пяцісценная апсіда, у паўночнай – трох’ярусная званіца (1930-я гг.). Да апсіды з захаду на ўсю вышыню асноўнага зруба далучана капліца, з усходу — невысокая рызніца. Асноўны аб’ём накрыты двухсхільным дахам. Бакавая капліца мае двухсхільны дах, апсіда — трохсхільны. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі і ўмацаваны вертыкальнымі сцяжкамі. Па ўсім перыметры храма праходзіць шырокі прафіляваны карніз. Сцены прарэзаны высока размешчанымі лучковымі аконнымі праёмамі.

Галоўны фасад несіметрычны. Яго фланкіруюць два аб’ёмы (ніжні ярус былых вежаў, верхнія зняты ў 1840-я гг.). Фасад завершаны трохвугольным ламаным франтонам, цэнтральная частка якога вылучана гарзантальнай шалёўкай. Званіца складаецца з трох чацверыковых ярусаў: першы — глухі, другі і трэці прарэзаны на ўсю вышыню паўцыркульнымі праёмамі. Над цэнтральнай часткай асноўнага аб’ёму ў 1870-я гг. пастаўлена невысокая галоўка на васьмігранным барабане. У інтэр’еры вылучаецца цэнтральнае зальнае памяшканне з бэлечным перакрыццем. Алтарная частка аддзелена металічнай агароджай. Іканастас драўляны, двух’ярусны, дэкарыраваны накладной драўлянай разьбой з пазалотай. Над уваходам — хоры.

У храме знаходзіцца некалькі старадаўніх ікон, а двухярусны іканастас аздоблены разьбой з пазалотай. Уладзімір Караткевіч пісаў, што тут былі іконы працы вядомага раскага мастака Віктара Васняцова.

У кнізе «Зямля пад белымі крыламі» Уладзімір Караткевіч піша: «Валеўка. Гэта вёска сучасная, але і тут ёсць старажытнасць — трохсотгадовая драўляная царква (раней яна была касцёлам, і гэта ў ёй згодна паданню, вянчаўся з Зосяю Міцкевічаў пан Тадэвуш), а ў ёй іконы работы В. М. Васняцова. Так-так, вывезеныя калісьці з Варшавы ў Баранавічы і ў некалькі вёсак. У прыватнасці, у Валеўку».

Царква дзейнічае.

Бібліяграфія:

1. Валевская Свято-Петро-Павловская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 80−81.

2. Валевская Свято-Петро-Павловская церковь // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 280.

3. Габрусь, Т. В. Валеўская Петрапаўлаўская царква / Т. В. Габрусь // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А.А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 103.

4. Кулагін, А. М. Свята−Петра−Паўлаўская царква / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск, 2001. − С. 33.

5. Лободенко, Г. Самые старые "драўляныя будынкі" Беларуси / Г. Лободенко // Комсомольская правда в Белоруссии. − 2007. − 13 янв. − C. 14−15.

6. Памяць. Навагрудскі раён : гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Э. Н. Гнеўка, П. В. Мікульчык, А. Л. Петрашкевіч. – Мінск : Беларусь, 1996. – 559 с. Са зместу: [Валеўская Свята-Петрапаўлаўская царква]. С. 158.

7. Свята-Петрапаўлаўская царква са званіцай, 1736 год, 1840−1870-я гады, 1930-я гады, в. Валеўка // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, У. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 400.

8. Свята-Петра-Паўлаўская царква // Жывая даўніна : інфарм.-краязн. бюл. / Навагруд. цэнтрал. раён. б-ка. – 2-е выд., перапр. і дап. – Навагрудак, 2012. – Вып. 2. – С. 6−9.

9. Сураго, Т. Святое дело / Т. Сураго // Гродзенская праўда. − 2012. − 14 ліп. − С. 6.

10. Чарняўская, Т. І. Петрапаўлаўская царква / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 268−269.

11. Свята-Петра-Паўлаўская царква (Валеўка) [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://www.radzima.org/be/object/1679.html. − Дата доступу: 30.052019.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe