Уселюб (комплекс былой сядзібы: сядзібны дом, парк, касцёл св. Казіміра, капліца-пахавальня, XV-XIX стст.) (Навагрудскі р-н)

Першы пісьмовы ўспамін пра Уселюб датуецца 1422 годам і змяш- чаецца на пячатцы Яна Няміры. У 1433 годзе вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч пацвердзіў наданне маёнтку роду Неміровічаў. У XV ст. тут заснавалі касцёл. У першай палове XVI ст. маёнткам супольна валодалі Неміровічы і іх родзічы Шчыты, пазней — ваявода полацкі С. Давойна. Пасля смерці С. Давойны ў 1571 маёнтак перайшоў да яго ўдавы Б. Саламярэцкай, якая ў 1576 прадала яго Мікалаю Радзівілу “Рудому”. З 1713 г. Уселюб знаходзіўся ва ўладанні А. Навасельскага, потым — М. Ф. Радзівіла, у 1746 перайшоў да яго сына Альбрэхта, а ў 1790-я — да А. М. Пацея.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Уселюб апынуўся ў складзе Расійскай імперыі. У пачатку ХІХ стагоддзя маёнтак перайшоў ва ўладанне графаў О'Руркаў, карані якіх паходзілі ад ірландскага роду ад караля Рурка. О'Руркі з'явіліся на тэрыторыі Расійскай імперыі пры Кацярыне ІІ. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай яны набываюць землі на тэрыторыі Беларусі, ў тым ліку і Уселюб.

У другой палове XIX стагоддзя Іосіф О’Рурк пабудаваў ва Уселюбе сядзібу з выглядам на раку Плісу. Яна адпавядала традыцыям позняга класіцызму. Асаблівасцю яе сталі прыгожыя каміны з кафлі. З усходняга боку да сядзібы вяла пад’язная алея, з процілеглага – знаходзілася капліца. З паўднёвага боку размяшчаўся парк плошчай каля 11 га, які перасякалі шматлікія прагулачныя алеі і дарожкі. Ён складаецца з дзвюх частак: больш старажытнай – “французскай” (рэгулярнай) і навейшай – “англійскай” (пейзажнай). Цэнтрам першай быў дом уладальніка сядзібы, пабудаваны ў яе паўночнай палове за дарогай. Парк прымыкаў да яго з усходу. Панскі дом не захаваўся, засталося толькі некалькі гаспадарчых пабудоў. У 1861 Уселюб стаў цэнтрам воласці і зрабіўся адным з асяродкаў «галандскага» (і «швейцарскага») сыраварства ў Наваградскім павеце. У1884 тут пабудавалі царкву. На 1886 г. у мястэчку было 108 двароў, існавалі 2 царквы, 2 капліцы, касцёл, сінагога, 2 крамы, 2 заезныя дамы і валасная ўправа. Апошнім уладальнікам сядзібы быў граф Карл Мар’ян Аляксандр О’Рурк (1864-1946 гг.). Мясцовыя жыхары называлі яго граф Караль. Ён быў жанаты на графіні Марыі Тышкевіч, якая памерла ў Варшаве ў 1926 годзе. У шлюбе дзяцей не было. Карл быў узведзены ў сан камергера. У 1911 годзе цалкам выкупіў маёнтак Уселюб з залога ахоўнай казны ў Пецярбурзе. Развіваў лесатэхнічную галіну ў сваёй гаспадарцы. Быў патронам царквы і бальніцы, для якой прадаставіў верхні паверх радавога маёнтка. Граф Карл валодаў радавымі землямі Уселюб да 1939 года.

Пасля Другой сусветнай вайны і да сярэдзіны 1990-х гадоў у сядзібе размяшчалася медыцынская ўстанова. У 2012 годзе яна згарэла.

Адметнасцю Уселюба з’яўляецца касцёл. Бібліяграфічныя крыніцы дазваляюць выказаць дастаткова абгрунтаваную гіпотэзу пра будаўніцтва мураванага касцёла ва Уселюбе ў першай чвэрці XV ст. уладальнікам мястэчка Янам Нямірам. У некаторых дакументах названа дата 1433 г. У 1576 г. касцёл пераўтварылі ў кальвінскі збор, а ў 1642 г. зноў вярнулі католікам. З гэтага часу ён вядомы пад назваю храма св. Казіміра. Аднак храм быў значна перабудаваны ў XVIII і ХІХ стагоддзях.

Касцёл — помнік архітэктуры готыкі. У сваёй аўтэнтычнай аснове з’яўляецца найбольш раннім узорам готыкі з вядомых на тэрыторыі Беларусі помнікаў мураванага каталіцкага храмабудаўніцтва. Аднанёфавая з адной апсідай пабудова, блізкая да квадрата. З паўночнага і паўднёвага бакоў да абсіды прымыкаюць дзве сакрысціі. Сцены выкладзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі з цэглы, якая мае гладкую паверхню. Наяўнасць контрфорсаў, падмурка апорнага слупа, слядоў скляпенняў на сценах касцёла, нервюрнай цэглы ў культурным слоі дае магчымасць сцвярджаць, што першапачаткова касцёл быў перакрыты мураванымі скляпеннямі. У другой палове XVI – першай палове XVII ст. яны абваліліся і былі заменены плоскай драўлянай столю на бэльках. Мураваныя скляпенні былі адноўлены толькі ў апсідзе. Тады ўпершыню фасады касцёла былі атынкаваны. На даху ўзвялі невялікую драўляную вежачку-званіцу. Тэрыторыя вакол касцёла была абнесена драўляным парканам.

Вопісы касцёла сведчаць, што асноўныя перабудовы адносяцца да 1721 г. (прыбудаваны новы бабінец, зроблена новая падлога, алтары, перакрыты гонтай дах), 1790−1810 гг. Верагодна, у той час была дабудавана і паўднёвая сакрыстыя. Хоры над уваходам абапіраліся на дзве калоны, там быў усталяваны арган на 10 галасоў. У1898 г. Карл О’ Рурк на ўласныя сродкі прыбудаваў да галоўнага фасада храма трох’ярусную вежу-званіцу, якая, нягледзячы на тое, што амаль на 500 гадоў маладзейшая за асноўную частку, цалкам гарманічна спалучаецца з ёй. У 1930 годзе касцёл св. Казіміра рэканструявалі на сродкі графа О’Рурка, дах быў пакрыты бляхай. Касцёльны ўчастак быў абнесены бутавай агароджай з трохпралётнай уваходнай брамай перад фронтам касцёла. Злева ад святыні стаяла драўляная васьмігранная барокавая званіца.

У гады савецкай улады старажытны касцёл быў зачынены і з часам ператварыўся ў руіны. У 1980-я гады былі праведзены архітэктурныя і археалагічныя даследаванні помніка. У 1986 годзе касцёл моцна пацярпеў ад пажару, быў адноўлены ў 1988 − 1991 гг. Паўторнае асвячэнне храма ў імя Святога Казіміра адбылося 14 верасня 1991 года. У 2003 годзе былі нанова створаны алтары касцёла, якія прысвячаліся: галоўны —Укрыжаванню, левы бакавы — Маці Божай, правы — св. Казіміру. Перад уваходам у касцёл у 2002 годзе была зроблена каплічка-грот з фігурай Маці Божай Лурдскай.

На могілках за касцёлам знаходзіцца капліца. Пабудавана ў 1837 г. (дата на фундаменце — 1839) апошнім уладальнікам мястэчка Ю. О’Рурке з цэглы як родавая пахавальня ўладальнікаў маёнтка О’Руркаў. Капліца з’яўляецца помнікам архітэктуры позняга класіцызму. Квадратны ў плане аб’ём пад 2-схільным дахам на галоўным фасадзе вырашаны тасканскім 4-калонным порцікам з трохвугольным франтонам, крапаваным паўкалонкамі. Уваходны і бакавыя адзінарныя аконныя праёмы маюць лучковыя перамычкі. Гэты помнік готыкі не мае аналагаў не толькі ў Беларусі, але і Літве і Латвіі. Вядомы толькі адзін храм такога стылю – у Эстоніі.

Касцёл − помнік рэспубліканскага значэння.

Бібліяграфія:

1. Аляксееў, Л. В. Гродна і помнікі Панямоння / Л. В. Аляксееў. – Мінск : Бел. навука,1996. − 191с. Са зместу [Уселюб]. С. 111.

2. Вселюбский Казимировский костел // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 1. – С. 138.

3. Вселюбский костёл воздвижения Святого Креста // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 118−119.

4. Вселюбский костёл Воздвижения Святого Креста // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 284.

5. Габрусь, Т. В. Саборы помняць усё: готыка і рэнесанс у сакральным дойлідстве Беларусі / Т. В. Габрусь. – Мінск : Беларусь, 2007. – 165 с.Са зместу: [Касцёл Яна Хрысціцеля ва Уселюбе]. С. 29−32.

6. Касцёл Святога Казіміра (Уселюб) [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki/. – Дата доступу: 25.06.2019.

7. Комплекс былой сядзібы: сядзібны дом, парк, касцёл, капліца-пахавальня // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 403./p>

8. Кулагін, А. М. Касцёл Узвышэння Святога Крыжа / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 360−361.

9. Кушнярэвіч, А. М. Уселюбскі касцёл / А. М. Кушнярэвіч // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 473.

10. Уселюб // Слова Жыцця (Гродна).– 2013. – 13 кастр. – С. 2.

11. Уселюб [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: http://novgazeta.by/news/nashi-proekty/vyartanne-praz-stagoddzi-syadzibna-va-u. – Дата доступу: 25.06.2019.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe