Юр'еўскі касцёл

Пабудаваны ў 1749 г. (1792 г.) з дрэва на месцы храма 1670 г. Адноўлены ў 1880 г. Помнік драўлянага дойлідства.

Касцёл складаецца з прамавугольнага ў плане асноўнага аб’ёму, завершанага васьміграннай вежай, і пяціграннай апсіды з сакрысціямі. Асноўны аб’ём і апсіда накрыты агульным двухсхільным дахам з вальмамі. Сакрысціі маюць самастойныя вальмавыя дахі. Сцены прарэзаны лучковымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі і вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Франтон галоўнага фасада аддзелены ад плоскаці карнізам, гарызантальна ашаляваны.

У інтэр’еры асноўнае памяшканне выцягнута па падоўжанай восі. Плоскую столь падтрымліваюць шэсць слупоў, звязаных бэлькамі ў два падоўжаныя рады. Тры разныя алтары выкананы ў стылі ракако. Невысокі дэкарыраваны медальёнамі цокаль галоўнага алтара падтрымлівае асноўны ярус, расчлянёны чатырма круглымі калонамі. Наверша, аддзеленае ад асноўнага ярусаразным карнізам, аздоблена выявамі галовак херувімаў, кароны, ваз, картушам; у сярэдзіне – алтарны абраз “Багародзіца”. У дэкоры шырока выкарыстана скразная пазалочаная разьба па дрэве, у арнаментыцы якой валюты, ракайлі, лісце аканта. Бакавыя алтары кампазіцыйна паўтараюць галоўны, але дэкарыраваны больш сціпла. Устаноўлены на хорах арган упрыгожаны драўлянымі скульптурамі двух анёлаў, двух херувімаў і накладной залачонай разьбой у стылі ракако.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 88 ад 28.08.2003).

Адрас: Гродзенская вобласць, Шчучынскі раён, в. Новы Двор.

Бібліяграфія:

1. Касцёл Ушэсця Найсвяцейшай Дзевы Марыі і капліца ў в. Новы Двор // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Шчучынскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2001. – С. 485.

2. Кулагін, А. М. Касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 262.

3. Новодворский костел Вознесения Пресвятой Девы Марии // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 399.

4. Юр’еўскі касцёл // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 437–438.

5. Юр’еўскі касцёл // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 350.

wwe wwe wwe wwe wwe