Жамыслаўская сядзіба (Іўеўскі р-н)

Сядзіба Умястоўскіх – помнік сядзібна-паркавай архітэктуры XIX стагоддзя, знаходзіцца на левым беразе р. Гаўя ў аграгарадку Жамыслаўль. Гэты шэдэўр будавалі 72 гады прадстаўнікі трох пакаленняў знакамітага шляхецкага роду. У 1807 годзе маёнтак Жамыслаўль набыў Якуб Умястоўскі. Н а працягу XIX стагоддзя Умястоўскія вялі будаўніцтва сядзібы. Сын Якуба Казімір у 1828 годзе па баках набытага аднапавярховага драўлянага сядзібнага дома, збудаванага ў стылі барока, ставіць дзве мураваныя афіцыны з калоннымі порцікамі ў стылі класіцызму, амбар-лядоўню, аранжарэю і манеж (аранжарэя і манеж не захаваліся). Яго жонка Юзэфа пабудавала палац (да 1877 г.) у стылі неакласіцызму, які існуе і цяпер. Захаваліся гаспадарчыя пабудовы і вінакурня (1885 г.). У гады Першай сусветнай вайны ў сядзібе немцы адчынілі санаторый для параненых салдат і афіцэраў кайзераўскай арміі. У міжваенны перыяд сядзіба была перададзена Віленскаму ўніверсітэту пад навуковую базу. У савецкі час у палацы размяшчалася праўленне саўгаса.

Планіровачнае ядро ансамбля — мураваны палац і два сіметрычна пастаўленыя флігелі, якія ўтвараюць парадны партэр з круглым газонам. Цэнтральную алею перад палацам замыкае мураваная альтанка са скульптурай маткі Боскай (1883 г.). Палац пабудаваны па аналогіі з варшаўскай каралеўскай рэзідэнцыяй 18 ст. “Лазенкі”. Т-падобны ў плане двухпавярховы будынак строга сіметрычнай кампазіцыі завершаны масіўным кубічным бельведэрам з шырокімі арачнымі вітражамі. У цэнтры галоўнага фасада лоджыя з каланадай і бакавымі антамі. Па баках лоджыі і галоўнага фасада прамавугольныя ўваходныя праёмы з балконамі над імі. У вырашэнні фасадаў выкарыстаны карынфскі ордэр, канеліраваныя пілястры якога крапуюць прасценкі прамавугольных аконных праёмаў у прафіляванных ліштвах.

Інтэр’еры мелі паркетную падлогу, мармуровыя каміны, сценавыя панелі. Палац быў абстаўлены мэбляй, створанай мясцовымі майстрамі. Пад будынкам скляпеністыя падвалы. З гаспадарчых пабудоў захаваліся мураваныя склеп, стайня, млын, свіран, пабудаваныя ў пач. 19 ст. ў традыцыях народнага дойлідства.

Парк пейзажнага тыпу высаджаны французскім садоўнікам Джэймсам, якога запрасілі з маёнтка Тышкевічаў у Верках з пад-Вільна. Паркавыя групы вакол палаца складаюцца з ліп, клёнаў і некаторых экзатычных відаў: хвоя сібірская, бяроза пасечаналістая, ліпа галандская, ясень пенсільванскі.

Зараз будынак знаходзіцца ў аварыйным стане, хаця і ўключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны. У 2012 годзе тут адбыўся пажар, а ў 2017 годзе сядзібу набылі новыя гаспадары, якія плануюць зрабіць рэканструкцыю.

Бібліяграфія:

1. Жемыславль (усадьба) [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://ru.wikipedia.org/wiki/. – Дата доступа: 27.05.2019.

2. Жемыславльская усадьба // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 201.

3. Жемыславльская усадьба // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 300−301.

4. Кулагін, А. М. Жамыслаўская сядзіба / А. А. Ярашэвіч, В. В. Церашчатава // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 211−212.

5. Кулагін, А. М. Сядзіба / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 201−202.

6. Субач, В. У. Жамыслаўль (маёнтак Жэмласлаў) / В. У. Субач // З гістрыі вякоў і пакаленняў Іўеўскага краю : матэрыялы навук.-практ. краязн. канф. − Гродна, 1999. − С. 169−178.

7. Сядзіба // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В.Я.Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю.А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 378.

8. Федорук, А. Т. Жемыславль / А. Т. Федорук // Старинные усадьбы Гродненщины / А. Т. Федорук. – Минск, 2014. – С. 482−496.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe