Царква ў імя святой велікамучаніцы Варвары (в. Райца, Карэліцкі р-н)

Храм пабудаваны ў 1817 годзе з цэглы і натуральнага камня на сродкі ўладальніка сядзібы Франца Раецкага. Ён мае вельмі незвычайны вонкавы выгляд, як маленькая сярэднявечная крэпасць. Хаця, відавочна, што ў пачатку 19-га стагоддзя ніякіх абарончых функцый пры будаўніцтве храма ўжо не закладалася. Відавочна, такі незвычайны для царквы знешні выгляд, тлумачыцца тым, што храм першапачаткова будаваўся як касцёл. Храм з плябаніяй адлюстраваны на акварэлі Н. Орды 1864−1867 гг.

У 1863 годзе, пасля паражэння паўстання, храм быў ператвораны ў Спаса-Праабражэнскую царкву. Падчас Першай сусветнай вайны царкоўныя званы і некаторыя іншыя каштоўнасці былі вывезены ў Расію. Падчас Другой сусветнай вайны ў царкву трапіў снарад. У канцы вайны храм падпалілі партызаны. У сярэдзіне 20-га стагоддзя савецкія ўлады прынялі рашэнне знесці паўразбураны будынак, які ўжо тады пуставаў без даху і перакрыццяў. У царкве было зроблена некалькі выбухаў, аднак масіўныя сцены з цэглы і натуральнага камня, якія дасягаюць метровай таўшчыні, выстаялі, а канчаткова разбіраць храм так і не сталі. Яго проста пакінулі пуставаць і ён пачаў разбурацца пад дзеяннем часу.

У 2000 годзе была распачата рэстаўрацыя царквы. У 2003 годзе яна была нанова асвячона ў імя Святой Варвары. У ходзе ўсіх рэстаўрацыйных работ царква нязначна перайначылася, у прыватнасці адсутнічае скульптура маці Божай, якая ўпрыгожвала салідную вежу на галоўным фасадзе, з той жа вежы зніклі куранты і званы, былі знішчаны контрфорсы, што ўмацоўвалі бакавыя фасады.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-гатычнага стылю. Прадаўгаваты прамавугольны ў плане будынак, на галоўным фасадзе якога ўзвышаецца магутная чатырохгранная вежа. Галоўны ўваход у выглядзе стральчатай аркі і такой жа формы акно хораў над ім аб’яднаны агульным высокім стральчатым парталам. Вышэй размешчаны акно-“ружа” і арачны праём яруса-звона, аформлены гатычнай аркай. Бакавыя фасады расчлянёны ступеньчатымі контрфорсамі. Зала храма перакрыта цагляным стральчатым скляпеннем, картэкс – цыліндрычным. Падлога выкладзена каменнымі плітамі. Пад храмам скляпеністая крыпта, у якой знаходзіліся пахаванні фундатара і членаў яго сям’і.

Побач з царквой размешчана плябанія (дом святара, царкоўная адміністрацыя і гаспадарчы двор) і дзве брамы, якія былі пабудаваныя ў 19-ым стагоддзі. Пасля вайны, калі царква была разбурана, будынак плябаніі быў пераабсталяваны ў храм, у якім праходзілі службы.

Царква з’яўляецца архітэктурным помнікам.

Бібліяграфія:

1. Кулагін, А. М. Царква ў імя святой велікамучаніцы Варвары / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 348.

2. Кучук, К. У юбілей царквы закладуць памятную алею : сёлета храм святой вялікапакутніцы Варвары агр. Райца святкуе сваё 200 - годдзе. / Караліна Кучук // Полымя. – 2017. – 29 красавіка (№ 33). – С. 7.

3. Мухіна, Т. Дакрануцца да крыніцы цудоўнай сілы : храм святой Варвары ў аграгарадку Райца / Таісія Мухіна // Полымя. - 2017. − 19 ліпеня (№ 55). − С.

4. Царква Святой Варвары (Райца) [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki/. – Дата доступу: 19.10.19.

wwe wwe wwe wwe wwe