Ансамбль былога палаца Агінскіх

Сядзіба звязана з імем знакамітага кампазітара і грамадскага дзеяча Міхаіла Клефаса Агінскага. Перад вяртаннем пляменніка з васьмігадовай эміграцыі пасля паўстання 1794 г., яго дзядзька граф Францішак Ксаверый Агінскі перадаў яму адзін са сваіх маёнткаў у Ашмянскім павеце — Залессе, ад якога захаваліся да нашых дзён сажалка і фрагменты ліпавых алей. Агінскі меркаваў пасяліцца ў Залессі назаўжды, таму адразу па прыездзе пачаў рамонт і перабудовы ў сядзібе.

У комплекс уваходзілі 2 часткі — старая сядзіба 1-й пал. XVIII ст. ў стылі барока і новы палацава-паркавы ансамбль у стылі класіцызму, узведзены для М. К. Агінскага ў пач. XIX ст. Сядзіба XVIII ст. складалася з сядзібнага дома, невялікага парку, гаспадарчага двара і пладовага сада. Сядзібны дом – 1-павярховы прамавугольны ў плане з 4 алькежамі па вуглах драўляны будынак, накрыты высокім вальмавым дахам. Цэнтральная частка дома была выдзелена 2-павярховым аб’ёмам. З боку галоўнага фасада знаходзіўся парадны ганак, з боку дваровага — галерэя. У доме былі жылыя пакоі, спальні, капліца, кабінет, вялікая зала. З аднаго боку побач з домам знаходзіўся парк у выглядзе зялёнага партэра, абкружанага алеямі, з другога — 2-павярховая драўляная брама вяла ў гаспадарчы двор, па перыметры якога размяшчаліся кухня, 2-павярховы свіран, лядоўня. На тэрыторыі за ім — гаспадарчыя пабудовы і сад. З пабудоў старога маёнтка XVIII cт. амаль нічога не захавалася, за выключэннем падмуркаў старажытных будынкаў.

Значныя страты сядзібе прынесла Першая сусветная вайна. Недалёка ад маёнтка праходзіла лінія фронту, і Залессе, акупаванае немцамі, не раз падвяргалася артылерыйскім абстрэлам. Менавіта яны цалкам знішчылі барочны комплекс XVIII ст. і сур’ёзна пашкодзілі парк.

Новы палацава-паркавы ансамбль быў узведзены ў 1802−1805 г. паводле праекту дойліда М. Шульца з удзелам дойліда I. Пусэ і садоўніка Пеўзнера. Палац уяўляў сабой адна−двухпавярховы мураваны Г-падобны будынак. Галоўны прамавугольны ў плане корпус мае сіметрычна-восевую кампазіцыю з двухпавярховымі бакавымі павільёнамі і цэнтральнай мансардавай часткай, вылучанай чатырохкалонным дарычным порцікам і вежачкай з гадзіннікам, якая мела завяршэнне ў выглядзе шара з гадзіннікавым звонам. У інтэр'еры вестыбюля зберагліся арнаментальны фрэскавы роспіс і кафляныя грубкі. Заходняе крыло галоўнага фасада завяршалася двухпавярховым павільёнам, да якога прымыкалі две аранжарэі. Фасад першай быў расчлянёны паўкалонамі і высокімі арачнымі вокнамі. Другая аранжарэя, т. зв. «амерыканская», размяшчалася перпендыкулярна першай і мела на адным з фасадаў суцэльныя нахіленыя вокны. Паміж аранжарэямі ўтвараўся невялікі сад. Каля става быў узведзены новы двухпавярховы млын, які злучаўся з аранжарэяй драўлянай агароджай на мураваных слупах (не захаваўся, аднаўляецца).

Побач з палацамі была ўзведзеная васьмігранная капліца з шатровым дахам і драўлянай вежачкай. Інтэр'еры капліцы былі багата аздоблены жывапісам.

Пейзажны парк у рамантычным стылі быў разбіты на абалонах ракі, за прагулачным звярынцам. Там былі ўстаноўлены памятныя камяні ў гонар Т. Касцюшкі і першага гувернёра Агінскага. Парк значна пашкоджаны ў гады Першай сусветнай вайны. За ракой знаходзіўся абкружаны магутнай драўлянай агароджай звярынец з дзікімі звярыма.

Ад новай сядзібы, пабудаванай у XIX cт., будынкаў захавалася больш, але і яны значна змянілі сваё аблічча: у 20−30-я гг. XX ст. новымі ўладальнікамі былі зроблены немалыя перабудовы, што прыкметна сказілі выгляд пабудоў, якія захаваліся. Ансамбль страціў адну з аранжарэй, дом садоўніка, другі паверх той часткі палаца, дзе знаходзілася бібліятэка кампазітара, вежу з гадзіннікам над цэнтральным аб’ёмам, шматлікія іншыя архітэктурныя дэталі. Памянялася планіроўка пакояў палаца, страчаны інтэр’ер. Ад двухпавярховага вадзянога млына і паўкруглай мураванай альтанкі захаваліся толькі падмуркі.

У 1953 г. палац і парк былі ўзяты пад ахову дзяржавы. У канцы 1970-х гг. было вырашана пачаць працы па рэстаўрацыі і кансервацыі унікальнай мемарыяльнай сядзібы — помніка архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XVIII−XX стст.

Бібліяграфія:

1. Ансамбль былога палаца Агінскіх // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 428−429..

2. Залессе // Гарады і вёскі Беларусі : энцыкл. / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 2017. – Т. 9, кн. 3. − С. 497−500.

3. Залесский дворцово-парковый комплекс // Регионы Беларуси : энцикл.: в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 1. – С. 350−351.

4. Залесский дворцово-парковый ансамбль // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 210.

5. Залесский дворцово-парковый ансамбль // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 303.

6. Іванова, Л. В. Залескі палацава-паркавы комплекс / Л. В. Іванова // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 218−219.

7. Iшчанка, С. Нядзельнiк у “Паўночных Афiнах” / С. Ішчанка // Культура. − 2002. − 11−17 мая. − C. 4.

8. Кулагін, А. М. Сядзіба Агінскіх / А. М. Кулагін, А. І. Мальдзіс // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 326−327.

9. Мотевич, Е. В парке у дворца : в усадьбе Огинского на Сморгонщине ведутся ландшафтные работы / Екатерина Мотевич // Гродзенская праўда. − 2017. — 8 лістап. – С. 4.

10. Смолік, А. І. Паўночныя Афіны / А. І. Смолік // Народная асвета. − 2014. — № 8. — С. 80−82.

11. Сядзіба Агінскіх у Залессі [Электронны рэсурс]. − Рэжым доступу : http://pawet.net/library/history/bel_history/trusau. – Дата доступу : 19.06.2019.

12. Туристическая мозаика Беларуси / А. И. Локотко [и др.]. – Минск : Беларус. навука, 2011. − 640 с.: ил. Из содерж.: [Усадебный комплекс Огинского]. С. 412−414.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe wwe