Ансамбль былога кляштара піяраў:
Свята-Міхайлаўская царква (былы Іосіфаўскі касцёл) кляштарны корпус 1797-1824 гады, 1863 год (праваслаўная царква)

Першы храм i кляштар піяраў у Лідзе былі пабудаваныя ў 1757-58 гады па фундацыі падстолiя ВКЛ Iгната Сцыпiёна дэ Кампа (1756).

У 1797-1825 гг. быў пабудованы сучасны мураваны храм. Святыня была асвячана ў гонар св. Язэпа Каласанта у 1820.

Пасля падаўлення паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863 г. касцёл зачынены, будынак перададзены пад праваслаўную царкву.У 1919-1939 гг. у кляштарных будынках размяшчаецца гандлёвая школа. Пiяры вярнуліся ў Лiду ў 1922. 11.10.1939 касцёл зачынены савецкай уладай. Падчас Другой сусветнай вайны касцёл зноў дзейнічаў. У 1948 г. правялi рамонт будынкаў касцёлу i кляштару.

У 1958 у будынках была размешчана спартовая зала, потым музей i планетарый. У 1971 знесена мурананая брама. У 1995 будынак касцёл быў перададзены праваслаўным і асвечаны ў гонар архангела Міхаіла.

Помнік архітэктуры класіцызму з выкарыстаннем дарычнага ордэра. Класічны храм-ратонда перакрыты паўсферычным купалам з 8-гранным ліхтаром. Да круглага аб'ёму па восі ўсход—захад далучаюцца больш нізкія прамавугольныя прытворы з 4-калонным порцікам і 2-павярховыя сакрысціі, з поўдня і поўначы — невялікія рызаліты. Порцік і рызаліты завершаны 3-вугольнымі франтонамі, сцены прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі.

Унутры па перыметры залы размешчана 8 пар дарычныхкалон, якія нясуць спрошчаны антаблемент. Па папярочнай восі храма — бакавыя ўваходныя парталы. Столь размалявана ў тэхніцы грызайль з імітацыяй кесонаў і разетак. Пры ўваходзе ў храм знаходзіцца мемарыяльная пліта з партрэтным медальёнам і надпісам.

Побач з храмам размешчаны мураваныя 1-павярховы кляштарны корпус і званіца.

Адрас: Гродзенская вобласць, г. Ліда, вул. Савецкая, 20.

Бібліяграфія:

1. Ансамбль былога кляштара піяраў // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурныхкаштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 386.

2. Кулагін, А. М. Кафедральны сабор у імя святога архангела Міхаіла / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 226.

3. Лидская Свято-Михайловская церковь // Туристическая энциклопедия Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 288.

4. Лидская Свято-Михайловская церковь // Туристские регионы Беларуси / под.ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 311.

5. Самусік, А. Ф. Лідскі піярскі калегіум / А. Ф. Самусік // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. – Мінск, 1999. – Т. 9 – С. 252.

wwe wwe wwe