Ансамбль былога манастыра базыльян
Базыльянскі манастыр − помнік архітэктуры віленскага барока і ракако. Пабудаваны ў XVIII ст. ахітэктарам А. Асікевічам.
Храм пабудаваны у XVIII ст. у выглядзе трохнефавай двухвежавай (захавалася адна вежа) прамавугольнай у плане базілікі з паўкруглай апсідай. Пластычна вырашаны галоўны фасад, завершаны высокім фігурным франтонам з бакавымі валютамі. Уваходны партал арачны, фланкі-раваны канеліраванымі пілястрамі і завершаны фігурным франтонам. Вежа квадратная ў плане, трох’ярусная. Сцены храма расчлянёны пілястрамі, прарэзаны вялікімі нішамі, у верхняй частцы − лучковымі аконнымі праёмамі.
Ва ўнутранай прасторы цэнтральны неф вышэйшы і шырэйшы за бакавыя, перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Перакрыцце апрацавана шырокім прафіляваным карнізам і ўмацавана падпружнымі аркамі. Бакавыя нефы адкрываюцца ў цэнтральны арачнымі праёмамі і перакрыты крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. У паўднёвай частцы царквы размешчаны хоры, якія падтрымліваюцца аркадай. Па баках алтарнай часткі ў аб’ёмах бакавых нефаў вылучаны разніцы, перакрытыя цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі.
У інтэр’еры тры стукавыя алтары і амбон. Галоўны алтар двух’ярусны, на высокім цокалі. Першы ярус вырашаны ў выглядзе карынфскай каланады з “разарваным” складана прафіляваным антаблементам. Архітэктурныя формы другога яруса больш лёгкія і спрошчаныя. Усходні алтар нагадвае галоўны, заходні выкананы пазней, дэкарыраваны сціпла. Пяцігранны амбон зроблены ў стылі ракако, вылучаецца багатым афармленнем наверша.
У ансамбль з храмам уваходзяць вежа-званіца і агароджа з дзвюма брамамі. Званіца квадратная ў плане, двух’ярусная, завершана фігурнай галоўкай з люкарнамі. Грані дэкарыраваны пілястрамі. Часткі агароджы, якія прымыкаюць да царквы, расчлянёны лапаткамі і філёнгамі. Брамы арачныя, завершаны трохвугольнымі франтонамі з прафіляванымі карнізамі.
Капліца размешчана на плошчы перад царквой. Цэнтрычны двух’ярусны аб’ём (чацвярык на васьмерыку). Другі ярус — скразная вежачка з чатырма лучковымі праёмамі. Збудаванне завершана невя-лікай цыліндрычнай галоўкай. Вакол капліцы мураваная агароджа з брамай.
У пачатку XIX ст. тут працавала публічная шасцікласная школа базыльян.
Бібліяграфія:
1. Ансамбль былога манастыра базыльян // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 336−337.
2. Борунский косцел святых апостолов Петра и Павла и монастырь базилиан // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 280.
3. Вярцінскі, Р. Э. Помнікі гісторыі і культуры Ашмяншчыны – каштоў-ныя тварэнні рук нашых продкаў і сучаснікаў / Р. Э. Вярцінскі // Аш-мяншчына: гісторыя і сучаснасць: матэрыялы навук.-практ. краязн. канф. / рэдкал.: Ф. Э. Вярцінскі [і інш.]. − Гродна−Ашмяны, 1995. − С. 12−13.
4. Касцел святых апосталаў Пятра і Паўла і базыльянскі манастыр // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Ашмянскага раёна / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск, 2003. – С. 612−613.
5. Кулагін, А. М. Касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар базыльян / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 28.
6. Лапцэвіч, Л. Г. Манастыр базыльян / Л. Г. Лапцэвіч, А. І. Мальдзіс // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 99−101.