Будынак былых гандлёвых радоў (Навагрудак, 1812 г.)

Помнік архітэктуры эпохі класіцызму. Пабудаваны ў 1812 г. з цэглы на Гандлёвай плошчы.

Гандлёвыя рады ўзведзены на пляцы, які належаў навагрудскім іезуітам па тыпавым праекце, складзеным у Санкт-Пецярбургу. Уяўлялі сабой у плане выцягнуты няправільны чатырохвугольнік-трапецыю. Галоўны фасад аформлены каланадай дарычнага ордэра і акцэнтаваны трохвугольным франтонам у цэнтры з паўцыркулярным аконным праёмам, аздобленым ліштвай з замковым каменем.

Каланада надае будынку выразны архітэктурны вобраз, які значна сапсаваны перабудовай помніка ў 1960-ых гадах: зменена ўнутраная планіроўка і форма даху, каланада абліцавана керамічнай пліткай. Раней будынак быў накрыты пакатым двухсхільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і ў сярэдзіне падоўжаных фасадаў.

На галоўным фасадзе былі ўваходныя дзверы ў крамы. Крамы асвятляліся аконнымі праёмамі на тыльным фасадзе. Будынак нязменна праіснаваў да 1953 г. У мэтах прыстасавання пад прамысловы магазін была зменена ўнутраная планіроўка, канструкцыя даху (паніжаны) і зняты ў цэнтры фасада трохвугольны франтон.

Будынак мае цэнтральны і 2 бакавыя ўваходы. Унутры – гандлёвая зала (займае большую частку аб’ёму будынка) і два невялікія складскія памяшканні (у заходнім тарцы).

У будынку знаходзяцца гандлёвыя прадпрыемствы.

Помнік рэспубліканскага значэння.

Бібліяграфія:

1. Будынак былых гандлёвых радоў, 1812 год // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [cклад. В. Я. Абламскі, Ў. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 397.

2. Навагрудскія гандлёвыя рады // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А.А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 360.

3. Новогрудские торговые ряды // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол..: В. В. Андриевич [и др.]. − Минск, 2014. – Т. 4, кн. 2. − С. 152.

4. Новогрудские торговые ряды // Туристские регионы Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 324.

5. Новогрудские торговые ряды // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол.: Г. П. Пашков [и др.] ; под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 397.

6. Памяць. Навагрудскі раён : гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Э. Н. Гнеўка, П. В. Мікульчык, А. Л. Петрашкевіч. – Мінск : Беларусь, 1996. – 559 с. Са зместу: [Гандлёвыя рады]. С. 155.

7. Чарняўская, Т. І. Гандлёвыя рады / Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 260−261.

wwe wwe