Будынак былой Навагрудскай беларускай гімназіі (пач. ХХ ст.)

Навагрудская беларуская гімназія — сярэдняя навучальная ўстанова ў Заходняй Беларусі. Існавала ў 1919−1934 гг. Трохпавярховы мураваны будынак, накрыты вальмавым дахам. Па перыметры будынка праходзіць карніз. Цэнтральная частка фасада вылучана рызалітам, які завершаны прамым атыкам. У рызаліце на трэцім паверсе аконныя праёмы паўцыркульнага абрысу, астатнія аконныя праёмы прамавугольныя без ліштваў. Уваход аформлены парталам з прамым сандрыкам.

Тэрмін навучання ў гімназіі быў 8 гадоў. Утрымлівалася яна на сродкі бацькоў, ахвяраванні розных грамадскіх арганізацый. Акрамя беларусаў тут вучыліся рускія, яўрэі і татары. Арганізатарам і першым дырэктарам, абраным бацькамі дзяцей, быў Ян Цеханоўскі. Адукацыйная праграма гімназіі дастасоўвалася да традыцыйнай практыкі і такога тыпу навучальных устаноў. На пачатку, пакуль гімназія не стала цалкам беларускамоўнай, кіраўніцтва прытрымлівалася гуманітарнага напрамку, калі асноўная ўвага ўдзялялася вывучэнню моў — апроч беларускай і польскай мовы як дзяржаўнай, у праграму ўводзіліся французская і нямецкая мовы, лацінская мова вывучалася факультатыўна. Паступова кіраўніцтва гімназіі схілялася да патрэбаў сялянскай гаспадаркі, быў узяты кірунак на матэматычна-прыродазнаўчы тып навучальнай установы. Шмат месца адводзілася выхаваўчаму працэсу. Пасля ад'езду Я. Цеханоўскага за мяжу на заробкі в.а. дырэктара — П. Скрабец.

Пры гімназіі дзейнічалі мастацкія гурткі розных напрамкаў, у т.л. беларусазнаўстве, прыродазнаўстве, сусветнай літаратуры. Для паглыблення ведаў беларускай мовы вучні складалі слоўнікі, збіралі фальклор. Вучні займаліся зборам, распрацоўкай тэрміналогіі мясцовай флоры і фаўны, выдавалі рукапісны часопіс «Жаваранак». Асаблівую папулярнасць меў харавы і музычны гурткі, якімі кіраваў А. Валынчык. Гімназісцкі хор і аркестр набыў вядомасць і па-за межамі Навагрудка.

У чэрвені 1934 г. гімназія была закрыта польскімі ўладамі. Беларускім гімназістам, хто не скончыў вучобы, было прапанавана перавесціся ў мясцовую Польскую гімназію імя А. Міцкевіча. Аднак пераважная большасць (каля 80%) гімназістаў працягнула вучобу ў Віленскай беларускай гімназіі. Пераезд гімназістаў у Вільню наладзіў прыехаўшы адтуль Барыс Кіт. Навагрудскіх гімназістаў размясцілі ў інтэрнаце і накіравалі ў адпаведныя класы.

Бібліяграфія:

1. Анішчык А. Наваградская беларуская гімназія / А. Анішчык // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і [інш.]. – Мінск, 1999. – Т. 5. – С. 257−258.

2. Будынак былой Навагрудскай беларускай гімназіі, пачатак ХХ стагоддзя // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, Ў. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 399.

3. Вабішчэвіч, А. М. Беларуская гімназія ў Навагрудку / А. М. Вабішчэвіч // Навагрудскія чытанні : гіст.-археал. даследаванні Навагрудка. – Мінск, 1996. – Вып. 4. – С. 72−75.

4. Кіт, Б. Успаміны з майго жыцця, звязаных з беларускай гімназіяй у Навагрудку: 1926−1940 гг. / Б. Кіт // Навагрудскія чытанні : гіст.-археал. даследаванні Навагрудка. – Мінск, 1993. – Вып. 2. – С. 72−74.

5. Навагрудская беларуская гімназія [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki/. – Дата доступу: 30.06.2019.

6. Татаринов, Ю. А. Белорусская гимназия / Ю. А. Татаринов // Города Беларуси. Гродненщина / Ю. Татаринов. – Минск, 2009. – С. 169.

7. Чэмер, А. (Аляксей Анішчык). Навагрудская Беларуская гімназія : манагр. / А. Чэмер. – Вільнюс, 1997. – 133 с.

wwe wwe wwe wwe