Касцёл святога архангела Міхаіла

Пабудаваны ў 1900-1907 гг. на месцы папярэдняга драўлянага храма на высокім беразе р. Дзітва, у акружжы бутавай агароджы.

Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Манументальны храм збудаваны паводле канона трохнефавай дзвюхвежавай базілікі. Шматаб’ёмная прасторавая кампазіцыя дынамічна нарастае ад нізкіх сакрысцій, гранёнай апсіды, крылаў трансепта да яе вертыкальных дамінант – дзвюх вежаў пад спічастымі шпілямі. З імі канстрастуе партатыўная чатырохгранная шатровая сігнатурка ў канцы двухсхільнага даху. Уваход на фасадзе вылучаны перспектыўным арачным парталам, над якім чатырохпралётная аркада і акно-ружа, аб’яднаныя арачнай трохабломнай нішай. Такімі ж, але меньшімі парталамі вырашаны бакавыя ўваходы ў ніжнім ярусе вежаў. Усе аб’ёмы, ярусы вежаў, фасадны шчыт акаймаваны аркатурнымі фрызамі. Бакавыя фасады на першым ярусе расчлянёны арачнымі вокнамі-біфорыумамі, на другім – вокнамі-трыфорыумамі і лапаткамі-пілонамі ў прасценках. Крылы трансепта на тарцовых фасадах адзначаны вокнамі-ружамі ў плоскасці двухгранных шчытоў, завершаных масіўнымі крыжамі. Цаглянай муроўкай выкананы элементы архітэктурнага дэкору: лапаткі, ліштвы адзіночных і здвоеных арачных аконных праёмаў, рэльефныя крыжы, профілі і раскрапоўкі.

Унутраная прастора размежавана на нефы магутнымі аркадамі на чатырохгранных пілонах, перакрыта крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках і люнетах, упрыгожаных фрэскавай арнаментальна-арабескавай размалёўкай. Паўкруглая апсіда перакрыта конхай на распалубках, адмежавана арачны прасветам, над якім роспіс з выявай укленчаных архангелаў перад Святым Крыжом. У завяршэнні нефа – манументальны шматкалонны двух’ярусны алтар у неараманскім стылі. У яго цэнтры абраз “маці Божая Міласэрдная” (другая палавінва 17 ст.) – копія выявы Багародзіцы канца 15 ст. з Вострабрамскай капліцы ў касцёле св. Тэрэзы ў Вільні.

Адрас: Гродзенская вобласць, Лідскі раён, в. Белагруда.

Бібліяграфія:

1. Белогрудский костёл Святого Михаила Архангела // Туристическая энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 31.

2. Касцёл святога архангела Міхаіла // Памяць: гіст.-дак. хроніка Ліды і Лід. р-на.- Мінск, 2004.- С. 499.

3. Кулагін, А. М. Касцёл святога архангела Міхаіла / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 33-34.

4. Кулагін, А. М. Міхайлаўскі касцёл / А. М. Кулагін // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 237.

wwe wwe wwe