Былая сядзіба Міцкевічаў [г. Навагрудак]

Домік паэта стаіць амаль у цэнтры Навагрудка, непадалёку ад гарад-ской плошчы, на маляўнічым узгорку. Пляц для пабудовы дома купіў за 50 рублёў асігнацыямі ў 1803 годзе бацька паэта − Мікалай Міцкевіч − тады мінскі каморнік. Акт куплі зафіксафаны ў кнізе земскага суда ў 1806 годзе. Тут ужо былі скляпы і падмуркі дома, які калісьці належаў былому навагрудскаму бурмістру і згарэў падчас пажару ў Наваградку ў 1751 годзе. Спачатку Мікалай Міцкевіч пабудаваў на пляцы сціплы драўляны дом. У 1806−1807 годзе драўляны дом згарэў і на гэтым месцы быў пабудаваны новы, мураваны дом, які, паводле слоў Ігнація Дамейкі, быў "найлепшым ва ўсім мястэчку, дзе мураванымі былі толькі касцёлы і кляштары”. Вядома таксама, што дом гэты “хаця і не ўбогі, заможным таксама не быў”.

У новым будынку сям'я Міцкевічаў жыла ад 1807 да 1812 года − да смерці бацькі паэта. У доме гэтым, магчыма, спыняўся брат Напалеона – кароль Геранім, а больш праўдападобна – дырэктар французскай палявой пошты спадар дэ Лявалет. Хутка сям'я пакідае гэты дом − не было сродкаў яго ўтрымліваць − і пераходзіць жыць у флігель, які стаяў на пляцы.

Пасля смерці ў1820 годзе маці − Барбары Міцкевіч, дом атрымалі ў спадчыну чаты-ры браты: Францішак, Адам, Аляксандр і Ежы Міцкевічы. Гаспадаром дома стаў Францішак, які ў 1824 г. атрымаў афіцыйныя паўна-моцтвы, што дазвалялі яму афармленне ўсіх маёмасных спраў. Браты Францішка раз'ехаліся: Аляксандр меў юрыдычную практыку ў Кіеве, а пазней – у Харкаве, Ежы − медык, знаходзіўся на Валыні, Адам быў сасланы ў Расію. Францішак жыў у Навагрудку да выбуху лістападаўскага паўстання 1830 года. Ён удзельнічаў у паўстанні, служыў падапручнікам у 3-м палку ўланаў. Потым пад Варшавай быў паранены, атрымаў вайсковую ўзнагароду і разам з нямногімі паўстанцамі трапіў у Прусію.

У 1833 г. Гродзенская ліквідацыйная камісія секвестравала маёмасць Францішка. Аднак у сувязі з тым, што сядзіба была малая і ў бядотным стане, двор не падлягаў канфіскацыі, і ў 1838 г. яго купіў за 2285 рублёў навагрудскі адвакат Юліян Біёлт, які адрамантаваў дом і здаў яго ў арэнду. Пэўны час у ім жыў вядомы польскі паэт Юльян Корсак (вучыўся калісьці з Адамам у Віленскім універсітэце), якому прынёс славу пераклад “Боскай камедыі” Дантэ. Корсак памёр у Навагрудку ў 1855 г. Пасля яго смерці ў гэтым доме пражывала сям’я Маркевічаў. У 1863 годзе дашчэнту згарэў драўляны флігель, а ў выніку вялікага гарадскога пажару 1881 года быў знішчаны і сам дом. Ацалелі толькі падмурак і скляпы.

У 1886 годзе Навагрудак наведаў сябар Адама Міцкевіча, адзін з апошніх застаўшыхся ў жывых філаматаў Ігнат Дамейка. Яго моцна ўразілі руіны былога дома Міцкевічаў, выгляд якога ён памятаў са свайго далекага юнацтва. Ігнат Дамейка паставіў у друку пытанне аб неабходнасці аднаўлення згарэўшага дома. У 1887 годзе будынак быў адноўлены з захаваннем ранейшага размяшчэння пакояў. Дом зноў быў здадзены ў арэнду. Пражывалі ў ім пераважна павятовыя прадвадзіцелі дваранства. Апошні з іх пакінуў дом ў 1913 годзе. У час Першай Сусветнай вайны ў ім кватаравалі па чарзе ваенныя штабы: нямецкі, польскі і бальшавіцкі.

У маі 1922 года ў Навагрудку зноў пабываў і наведаў родны дом 86-гадовы Уладзіслаў Міцкевіч. У хуткім часе пасля гэтага візіту ў Навагрудку было створана добраахвотнае навуковае таварыства “Міцкевічаўскі камітэт”, які 10 мая 1930 г. вырашыў стварыць музей. У лістападзе 1936 г. “Міцкевічаўскі камітэт” заняў флігель і размясціў у ім бюро будучага музея.Адкрыццё музея адбылося 11 верасня 1938 года. У 1941 годзе будынак знішчыла фашысцкая бомба.

У юбілейны міцкевічаўскі 1955 год за кошт беларускай дзяржавы дом быў адбудаваны ў даваенным выглядзе, і на 100-годдзе з дня смерці паэта ў ім быў адкрыты Дом-музей Адама Міцкевіча. У 1989−1990 гг. рэканструяваны: будынку нададзены выгляд пачатку ХІХ ст., пабудаваны флігель, які злучаны з асноўным будынкам падземным пераходам, свіран, студня, альтанка. Урачыстае адкрыццё Дома−музея Адама Міцкевіча адбылося 12 верасня 1992.

Бібліяграфія:

1. Аляксееў, Л. В. Гродна і помнікі Панямоння / Л. В. Аляксееў. – Мінск : Бел. навука, 1996. – 191 с.Са зместу: [Дом Міцкевіча]. С. 103−105.

2. Анісімава, С. Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча / С. Анісімава // Новае жыццё (Навагруд. р-н). − 2018. − 6 ліст. − С. 5.

3. Былая сядзіба Міцкевічаў : [г. Навагрудак] // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь /[склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 395−396.

4. Гайба, М. Адам Міцкевіч у памяці нашчадкаў / М. Гайба // Новае жыццё (Навагруд. р-н). − 2018. − 22 снеж. − С. 8.

5. Гайба, М. Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча / М. Гайба // Новае жыццё (Навагруд. р-н). − 2018. − 29 верас. − С. 8.

6. Гайба, М. П. Дом-музей Адама Міцкевіча / М. П. Гайба // Гісторыя Навагрудка – з глыбінь вякоў да нашых дзён / рэдкал.: М. П. Касцюк (гал. рэд.). – Мінск, 2014. – С. 521−526.

7. Гайба, М. П. Міцкевіча Адама дом-музей / М. П. Гайба // Музеі Беларусі : давед. выд. / [рэд. савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа, М. Г. Нікіцін]. – Мінск, 2008. − С. 391−394.

8. Гайба, М. Сэрцу мілая айчына: вобразы радзімы ў жыцці і творчасці Адама Міцкевіча / Мікалай Гайба. – Баранавічы: БелАниГал, 2011. – 112 с. Са зместу: [З гісторыі стварэння Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку]. С. 81−84, 91− 99.

9. Гісторыя Дома-музея Адама Міцкевіча [Электронны рэсурс] // Рэжым доступа: http: //Mickiewicz.museum/by/be/node. − Дата доступа: 26.03.2019.

10. Гурина, Н. И. Дом-музей А. Мицкевича в Новогрудке / Н. И. Гурина, А. И. Киркевич. − Минск : Полымя, 1973. − 25, [5] с.

11. Дом-музей А. Міцкевіча // Памяць. Навагрудскі раён : гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі /рэдкал.: Э. Г. Гнеўка, П. В. Мікульчык, А. Л. Петрашкевіч. – Мінск, 1996. – С. 521.

12. Жасткова, А. Музей, што з’явіўся праз краўдфандынг / А. Жасткова // Культура. 2018. – 22 снеж. – С. 14.

13. Мірачыцкі, Л. Домік Адама Міцкевіча / Л. Мірачыцкі // Адам Міцкевіч і Беларусь / уклад. В. Грышкевіч ; навук. рэд. А. Мальдзіс, Т. Нягодзіш. − Мінск, 1997. – С. 124−129.

14. Мицкевича Адама дом-музей // Регионы Беларуси: энцикл.: в 7 т./ редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2015. – Т. 4, кн. 2. – С. 93−94.

15. Музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку = Muzeum Adama Mickiewicza w Nowogródku : інфарматар-праваднік / [тэкст Я. Хромы ; пер. на бел. мову З. Скібіньская ; фат. А. Кавальска [і інш.]. − Мінск : Выд.-палігр. цэнтр Мін. абл. аддз-ня Бел. фонда культуры. − Б.г.. − 29, [1] с.

16. Пісар, В. Дарогаю жыцця Адама Міцкевіча / В. Пісар // Новае жыццё (Навагруд. р-н). − 2018. − 22 верас. − С. 8.

wwe wwe wwe wwe wwe