Будынак былога рэальнага вучылішча

Вуліца сфарміравалася ў XVIII ст. як частка Гарадніцы, але да сярэдзіны XIX ст. назвы яна не мела. «Па левы бок Раскошы каля лютэранскай кірхі» — так яна называлася ў дакументах. З 1864 года вуліца стала называцца Кірачнай, Кірачным завулкам. Пасля Першай сусветнай вайны да 1925 года насіла назву Касцельная, а з 1925 года — Кірховая. А ў 1931 годзе атрымала сучасную назву — вуліца Акадэмічная.

Забудоўвалася ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стст. пераважна двух-трохпавярховымі будынкамі.

Былы будынак рэальнага вучылішча — самае буйное збудаванне Гродна пачатку XX ст. Яно было пабудавана ў 1913 годзе. У архітэктуры гэтага будынка злучыліся неакласіцызм і мадэрн. Калоны, аркі, карнізы выкарыстаны тут толькі для дэкарыравання сцен і шмат у чым страцілі свой тэктанічны сэнс.

З пачатку Першай сусветнай вайны вучылішча было эвакуіравана ў Калугу, будынак заняты пад ваенны лазарэт. Пасля 1917 года рэальнае вучылішча скасавана ў сувязі з рэформай народнай адукацыі. У 1920-я гады ў будынку размясцілася гімназія імя А. Міцкевіча.

Двух- і трохпавярховы з паўпадвалам атынкаваны будынак, у плане мае складаную блізкую да Г-падобнай форму. Выразная пластыка фасадаў дасягаецца спалучэннем розных па канфігурацыі аб’ёмаў, выкарыстаннем розных па прапорцыі і маштабу арачных і прамавугольных акон, буйнымі крапоўкамі, гладкай паверхняй сцен. Вуглавая частка акцэнтавана чатырохграннай трох’яруснай вежай. Да вежы прымыкае крыло, арыентаванае на вуліцу Акадэмічную. Фасад крыла па вуліцэ 1 Мая ўяўляе сабой амаль глухую сцяну, за выключэннем аднаго арачнага праёма на першым паверсе.

У цяперашні час гэта адзін з карпусоў Гродненскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта.

Адрас: 230023, г. Гродна, вул. Акадэмічная, 10.

Бібліяграфія:

1. Рябухина, И. В реальном училище изучали космографию,но готовили вполне земных специалистов / И. Рябухина // Гродзен. праўда.— 1998. — 1 верас. — С. 3.

2. Будынак былога рэальнага вучылішча [ў Гродна] // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. : В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск, 2009. — C. 319.

3. Качан, А. Невостребованное наследство / А. Качан // Гродзен. праўда. — 2003. — 22 сак. — C. 11.

4. Будынак рэальнага вучылішча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ; рэд. Кал. : С. В. Марцэлеў і інш. — Мінск : БелСэ, 1986. — С. 49.

5. 1-го мая № 3 // Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы / А. Вашкевіч і інш. — Гародня-Wroclaw : Гарадзенская бібліятэка, 2012. — С. 262—263.

wwe wwe wwe