Будынак кінатэатра
Кінатэатр Манастырскага “Эдэн”, “Eden”, “Palac”, “Polonija”, “Pan”, “Красная звезда” (з 1939 года).
Пабудаваны, хутчэй за ўсё, у 1915 годзе. Элементы мадэрну. Самы стары будынак у Гродне, спецыяльна спраектаваны як кінатэатр і канцэртная зала. У 1907 годзе прыкладна на гэтым жа месцы стаяў дом Малабенскага. У 1903 годзе ў ім здымаў памяшканне прысяжны павераны Сільвястровіч. Прашэнне штабс-капітана ў адстаўцы Сяргея Манастырскага аб згодзе на пабудову “сінематографа” па вуліце Паштовай датавана 3 мая 1914 года.
Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Цэнтральная частка вылучана несапраўдным рэзалітам, завершаным фігурным франтонам. Плоскасць рызаліта члянёна дзвюма парамі высокіх вузкіх аконных праёмаў лесвічнай клеткі. Вуглавыя часткі фасада акцэнтаваны трохграннымі эркерамі, завершаны фігурнымі атыкамі. З паўднёвага боку атык дэкарыраваны ляпнымі гірляндамі. Аконныя праёмы эркераў падкрэслены металічнымі агароджамі (для вазонаў з кветкамі). Тыльны і тарцовыя фасады не тынкаваныя, прарэзаны аконнымі праёмамі з клінчатымі перамчкамі. Захаваліся ўваходныя філянговыя напалову зашклёныя дзверы з металічнымі пераплётамі, металічная агароджа лесвічнай клеткі.
Будавалі кінатэатр даволі хутка, негледзячы на тое, что пачалася Першая сусветная вайна. Усе пытанні далейшага будаўніцтва вырашала жонка Манастырскага. 7 жніўня 1915 года было пададзена прашэнне аб адкрыцці кінатэатра.
Згодна сямейнаму паданню Манастырскіх, на будаўніцтва “сінематографа” пайшлі сродкі, атрыманыя іх продкам у якасці кампенсацыі за раненне.
За гады існавання кінатэатр некалькі разоў збіраліся зачыніць і прыкладна столькі ж разоў — знесці. Пасля Другой сусветнай вайны кінатэатр быў зноў адчынены.
У 1961 годзе пачаў працаваць перадвіжны дзіцячы кінатэатр “Малютка”.
Адрас: г. Гродна, вул. Сацыялістычная, 4.
Час працы: Панядзелак-пятніца: 10.00-00.00; Субота-нядзеля: 10.00-02.00
Бібліяграфія:
1. Сазанавец, К. Першы гродзенскі кінатэатр [Чырвоная зорка] / К. Сазанавец // КваТerra (Гродна).— 2002.— №1. — С. 6.
2. Старейшина среди кинотеатров : [О гродн. Кинотеатре «Красная звезда» (создан в 1914 г.)] // Гродзенская праўда. — 2003. — 16 снеж. — С. 3.
3. Юсубова, Н. Бум кино под названием "Эдем" / Н. Юсубова // Перспектива (Гродненский район). — 2006. — 23 нояб. — C.18.
4. Островцова, И. Поцелуй в темноте / И. Островцова // Вечерний Гродно. — 2007. — 2 мая. — C. 3.
5. Никитина, Т. Кино вприкуску с коктейлем / Т. Никитина // Обозреватель. — 2007. — 18 мая. — C. 8.
6. Янчевская, Ж. "Звезда" пленительного счастья / Ж. Янчевская // Гродзенская праўда. — 2009. — 18 сак. — С. 1, 29.
7. Завиновская, Н. "Красная звезда" открылась / Н. Завиновская // Вечерний Гродно. — 2009. — 25 марта. — С. 2.
8. Янчевская, Ж. "Звездное притяжение" / Ж. Янчевская// Гродзенская праўда. — 2009. — 25 сак. — С. 24.
9. Сацыялістычная № 4 // Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы / А. Вашкевіч і інш. — Гародня-Wroclaw : Гарадзенская бібліятэка, 2012. — С. 320.