Дом купца Мураўёва

Будынак былой абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага (да 1995 года) які размешчаны ў гістарычным цэнтры Гродна на былой Рыначнай плошчы, якая сфарміравалася ў XIV—XV стст. Будаўніцтва завяршылася прыкладна ў 1888 годзе.

Будынак трохпавярховы. Г-падобны ў плане. Галоўны фасад неатынкаваны. Кампазіцыя галоўнага фасада сіметрычная. Цэнтральную яго частку на другім паверсе займае вялікі на тры праёмы балкон з літай фігурнай агароджай. На трэцім паверсе крайнія арачныя праёмы з невялікімі балконамі. Плоскасць фасада крапавана цілястрамі з чыгуннымі вензелямі ў завяршэнні, да ўзроўню другога паверха руставаная. Бакавыя рызаліты завершаны цыркульнымі франтонамі. Дэкор будынка насычаны, выкананы цаглянай кладкай. У абрысах акон, франтонаў, афармленні бакавых частак галоўнага фасада прасочваюцца рысы стылю мадэрн. Паўкалонкі ў нішах, ліштвы аконных праёмаў, арнамент карнізаў вырашаны ў псеўдарускім стылі.

У двары з паўночнага боку да бакавога крыла будынка прымыкае двухпавярховы Г-падобны ў плане флігель. Галоўны (дваровы) фасад флігеля атынкаваны, падзелены міжпаверхавымі цягамі. На першым паверсе прамавугольныя аконныя і дзвярныя праёмы. На другім — лучковыя вокны ў прафіляваных ліўтвах падкрэслены падаконнай цягай і нішамі. Цэнтральная частка паўднёва-заходняга фасада флігеля вылучана мезанінам. Завершаным джвухсхільным шчытом з круглай люкарнай у абрамленні.

У доме Мураўёвых мясціліся Гродзенскае аддзяленне Беластоцкага камерцыйнага банка і магазін змешаных мануфактурных тавараў (пад фірмай “Франк Ш. А., удава і сын”). Самі ж Мураўёвы ў суседнім доме здымалі памяшканні для магазіна (“Ренсковый погреб” з продажам бакалеі і каланіяльных тавараў).

Адрас: г. Гродна, пл. Савецкая, 2.

Бібліяграфія:

1. Синевич, А. Дом купца Муравьева открывает тайны / А. Синевич // Вечерний Гродно.— 2009. — 11 нояб. — С. 9.

2. Синевич, А. Дом купца Муравьёва не нашёл хозяина / А. Синевич // Вечерний Гродно. — 2004. — 20 окт. — C. 3.

3. Былы дом купца Мураўёва [ў Гродна] // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. : В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск, 2009. — C. 322.

4. Жылы дом // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ; рэд. Кал. : С. В. Марцэлеў і інш. — Мінск : БелСэ, 1986. — С. 52—55.

5. Савецкая плошча № 2 // Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы / А. Вашкевіч і інш. — Гародня-Wroclaw : Гарадзенская бібліятэка, 2012. — С. 304—308.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe