Былы дом лясной адміністрацыі

Пабудаваны каля 1770 года па праекце І. Мёзера. Уваходзіў у архітэктурны комплекс Гарадніцы. Будынак двухпавярховы з мансардай, прамавугольны ў плане. Вальмавы дах з мансардамі на тарцовых фасадах з’яўляецца асноўным элементам кампазіцыі. Першы паверх аддзелены ад другога гарызантальным паяском. Цэнтральныя часткі падоўжных фасадаў вылучаны неглыбокімі рызалітамі. Сцены атынкаваныя, завершаныя карнізам. Паверхі падзелены цягай. Вокны прамавугольныя. Унутраная планіроўка калідорная, пакоі размешчаны па перыметры будынка. Прыклад архітэктуры барока.

Магчыма, у 1775—1780 гг. тут працавала акушэрская школа. У 1899 — 1915 гг. уваходзіў у комплекс акруговай бальніцы.

Цяпер выкарыстоўваецца пад жыллё.

Адрас: г. Гродна, пл. Тызенгаўза, 4б.

Бібліяграфія:

1. Счасная, Е. Разобрать, чтобы восстановить и сохранить / Е. Счасная // Гродзенская праўда. – 2007. — 23 мая. — C. 6.

2. Лашкевич, К. Зачистка продолжается / К. Лашкевич // Труд-7. — 2007. — 26 июля. — C. 11.

3. Былы дом лясной адміністрацыі [ў Гродна] // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. : В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск, 2009. — C. 327.

4. Дом лясной адміністрацыі // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ; рэд. Кал. : С. В. Марцэлеў і інш. — Мінск : БелСэ, 1986. — С. 53.

5. Тызенгаўза № 4б // Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы / А. Вашкевіч і інш. — Гародня-Wroclaw : Гарадзенская бібліятэка, 2012. — С. 355-356.

wwe wwe wwe wwe