Былы дом масонскай ложы

Пабудаваны ў 1783-1789 гг., верагодна архітэктарам Д. Сака ў якасці асабістай рэзідэнцыі. Першапачаткова будынак быў аднапавярховы, прамавугольны. У 1874 г. быў перабудаваны. Надбудаваны другі паверх, перароблены дах пад чорную бляху, перароблены ганак, дабудаваны аб’ём з тарцовага боку.

Фармальна дом не з’яўляецца помнікам архітэктуры, аднак застаецца адным з самых цікавых прыкладаў пабудаваных на тэрыторыі Беларусі невялікіх камерных рэзідэнцый амаль павільённага тыпу. Галоўны фасад будынка вылучаны ў цэнтры шырокім разалітам з высокім двухсхільным шчытам. Сцены крапаваны лапаткамі, карнізамі, авальнымі нішамі, філёнгамі. Прамавугольныя і арачныя аконныя праёмы дэкараваны прафіляванымі ліштвамі, на тарцовых фасадах – трохвугольнымі франтонамі. На другім паверсе дваровога фасада вокны гатычнай стральчатай формы з філёнгавым абрамленнем. Цокальны паверх мае самастойны ўваход з боку дваровага фасада. Планіроўка дома калідорная з цэнтральнай міжпаверхавай лесвіцай. Важным элементам планіроўкі ўчастка трэба лічыць уязную браму з боку Тэлеграфнага завулка.

У ліпені 1789 г. дом згадваецца як “дом уласны маёра Сака”. У гэтым будынку у канцы 18 ст. праходзілі пасяджэнні масонскай ложы “Шчаслівае вызваленне”, у якую ўваходзілі такія вядомыя асобы, як Ж. Жылібер, Якаў і Жан Бекю, Францішак Нарвойш, Джузэпэ Сака, Ян Вірыён.

Пасля 1802 г. дом паступіў у распараджэнне гродзенскіх дабрачынных уладаў. Пасля 1820 года будынак перайшоў ва ўласнасць ці арэнду Гродзенскага дабрачыннага таварыства, якім з 1820 г. кіраваў гродзенскі губернатар і масон Міхаіл Бутаўт Анджэйковіч. У пачатку 19 ст. (1871–1821 гг.) тут сустракаліся ўдзельнікі гродзенскай масонскай ложы “Сябры чалавечнасці”, сярод іх – гродзенскі губернатар М. Анжейковіч, Ян Ходзька, прэзідэнт Гродна Крэйбіх, Ігнат Эмануэль і Ігнат Ляхніцкі, Васіль Мусін-Пушкін і іншыя. У 1920-х гг. у доме дзейнічала дабрачыннае таварыства.

Пасля Другой сусветнай вайны ў будынку размяшчаўся дзіцячы дом № 1, туберкулезны дыспансер. Сёння тут знаходзіцца выдавецкі цэнтр ГрДзУ імя Я. Купалы. Будынак унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка–культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Адрас: Беларусь, г. Гродна, вул. Тэлеграфная, 15а.

Бібліяграфія:

1. [Былы дом масонскай ложы (архітэктар Дж. Сака)] // Дзяржаўны спіс гісторыка−культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. − Мінск, 2009. − С. 327.

2. Саяпин, В. Ю. 50 гродненских улиц. Прогулка по времени / В. Ю. Саяпин. − Гродно: ЮрСаПринт, 2015. − 326 с.

Из содерж.: [дом масонов]. С. 172.

3. Саяпин, В. Телеграфная: здесь печатались газеты и собирались масоны / Виктор Саяпин // Гродзенская праўда. − 2014. – 16 жніўня. – С. 10.

4. Тэлеграфны завулак № 15а // Біяграфія гарадзенскіх вуліц: ад Фартоў да Каложы / аўт.: А. Вашкевіч [і інш.]. – Гародня − Вроцлаў, 2012. − С. 347.

5. Швед, В. В. Браты масонскіх ложаў канца XVIII ст. // Швед В. В. Масоны і ложы на землях Беларусі (канец XVII – першая чвэрць XIX ст. / В. В. Швед. – Гродна, 2007. – С. 30–33.

wwe