Музычны флігель
Будынак музычнай школы, або музычнага флігеля, пабудаваны ў 70—80-х гадах XVIII ст.— помнік архітэктуры позняга барока. Будынак ўваходзіў у ансамбль Гарадніцы Антонія Тызенгаўза. Ўяўляе сабой двухпавярховы цагляны крывалінейны ў плане будынак са складаным двух'ярусным дахам. У 1774—80 гг. у будынку працавала тэатральная школа Тызенгаўза.
Назва «крывая афіцына» будынак атрымаў з-за выгнутай формы. Такі план будынка быў па ўсёй верагоднасці прадыктаваны меркаваннямі пабудовы архітэктурнага ансамбля плошчы на Гарадніцы. Аднак ансамбль не быў завершаны і «крывая афіцына» не была кампазіцыйна падтрымана суседнімі пабудовамі.
Архітэктура будынка адрозніваецца дастатковай складанасцю: ўпрыгожана аркамі, пілястрамі, міжпавярховымі паясамі. Яшчэ больш ўзмацняе выразнасць будынка фігурны дах з заломам. У цэлым складаная архітэктура будынка поўнасцю адпавядае стылю барока.
У 1774—80 гг. у будынку працавала тэатральная школа Тызенгаўза. Акрамя навучальных мэтаў будынак таксама выкарыстоўваўся для канцэртаў з наведваннем публікі. На першым і другім паверхах школы размяшчаліся невялікія залы і класы для заняткаў, а інтэрнат для навучэнцаў і жылыя пакоі выкладчыкаў былі ў мансардзе.
Адрас: г. Гродна, пл. Тызенгаўза, 4.
Бібліяграфія:
1. Кавеліч, В. Флігель Тызенгаўза / В. Кавеліч // Гродзенская праўда. —2006. — 22 сак. — C. 8.
2. Былы музычны флігель ("Крывая афіцына") [у Гродна] // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад. : В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мінск, 2009. — C. 327.
3. Музычная школа // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору ; рэд. Кал. : С. В. Марцэлеў і інш. — Мінск : БелСэ, 1986. — С. 70—71.
4. Тызенгаўза № 4 // Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы / А. Вашкевіч і інш. — Гародня-Wroclaw : Гарадзенская бібліятэка, 2012. — С. 353—355.