Царква Аляксандра Неўскага
Царква пабудавана ў 1843-1854 гг. з цэглы паводле праекта архітэктара Я.М. Фардона ў былым уладанні памешчыцы Свечынай на месцы струхнелага драўлянага храма. Асвечана 12 верасня 1854 г. Пры царкве была адкрыта царкоўнапрыходская школа, для якой у 1864 г. пабудавалі мураваны будынак.
Помнік архітэктуры стылю ампір. Прамавугольны ў плане асноўны аб'ём накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад аформлены шасцікалонным порцікам з трохвугольным франтонам над ім.
Стылявую цэласнасць кампазіцыі парушае ўзведзеная пазней драўляная аднаярусная чацверыковая званіца, завершаная васьмігранным шатром з цыбулепадобнай галоўкай.
Плоскасныя сцены храма прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, дэкары раванымі прафіляванымі ліштвамі і сандрыкамі, акантаваны прафіляваным карнізам і цягай. Алтарная сцяна прарэзана па цэнтры арачным аконным праёмам і бакавым уваходам у рызніцы, якія вылучаюць з прасторы залы апсіду, адмежаваную драўляным іканастасам.
У 1930-я гг. былі спробы разбурыць царкву. Прыхаджане абаранілі храм, знесена была толькі званіца. Аднак яе ў хуткім часе адбудавалі за ўласны кошт.
У апошнія гады праведзены рамонт: сцены афарбаванызвонку і ўнутры, дах накрыты ацынкаванай бляхай, рэстаўрыраваны іканас. У інтэр’еры ёсць абразы XIX ст. Адзін з іх «Прарок Ілья» падаравалі храму жыхары в. Рыдзялі Ілья і Наталля Главацкія ў 1893 г.
Каля царквы знаходзіцца мураваны помнік на месцы пахавання ў 1891г. святара Івана Пятровіча Гашуніна.
Адрас: Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён, в. Верцялішкі
Бібліяграфія:
1. З архітэктурнай спадчыны // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Гродзенскага раёна / [рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 33–47.
2. Кулагін, А. М. Царква ў імя святога дабравернага князя Аляксандра Неўскага / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 77.
3. Ласмане, И. Судьба святыни / Инга Ласмане // Перспектива (Гродненский район). – 2014. – 29 окт. – С. 26. /
4. Царква Аляксандра Неўскага // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – C. 362.