Царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы

Помнік праваслаўнай архітэктуры ХVIII стагоддзя, знаходзіцца на заходняй ускраіне вёскі. Дабравешчанская прыхадская царква ў паселішчы Жытомля Гродзенскага павета ўзведзена ў 1743 годзе з дрэва ордэнам манахаў камедулаў, якім належаў у той час і сам маёнтак. У прыход царквы ўваходзілі вёскі Жытомля, Завадзічы, Саволеўка, Абухава, Закрэўшчына, Талочкі, Машталеры, Быльчыцы, Старадворцы. Па 1900 год царква ўваходзіла ў склад Гродзенскага благачыння, з 1901 года – у Скідзельскае дабрачынне.

Помнік народнага дойлідства. Пачатковы яе выгляд змяніўся пасля аднаўлення ў 1864 г. – храм быў гарызантальна ашаляваны, накрыты агульным 2-схільным дахам, на званіцы надбудаваны шацёр з макаўкай, устаноўлены новы іканастас. Але захавалася выцягнутая па падоўжнай восі 3-зрубная прасторавая кампазіцыя – асноўны зруб мае з усходняга боку працяглы прыруб прамавугольнай апсіды з утульнымі бакавымі рызніцамі, а з заходняга – 2-ярусную шатровую званіцу (васьмярык на чацверыку). Галоўны ўваход у храм аформлены сціплым ганкам пад 2- схільным дахам на 2 слупах з падкосамі. Фасады рытмічна расчлянёны вертыкальнымі брусамі-сцяжкамі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі, апяразаны разным падкарнізным фрызам.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Адрас: Гродзенская вобласць, Гродзенскі раён, в. Жытомля, вул. Цэнтральная, 1в.

Бібліяграфія:

1. Афанасьева, Т. Ю. История житомлянской церкви / Т. Ю. Афанасьефа // Гродненские епархиальные ведомости. – 2008. – № 12. – С. 13.

2. Кулагін, А. М. Свята-Дабравешчанская царква / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2001. – С. 85.

3. Кулагін, А. М. Царква ў гонар Благавешчання Прасвятой Багародзіцы / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2007. – С. 167–168.

4. Свята-Дабравешчанская царква // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 363.

5. Храм Благовещения Пресвятой Богородицы д. Житомля [Электронный ресурс] // Гродненская епархия Белорусской Православной Церкви. – Режим доступа: http://orthos.org/eparhiya/blagochiniya-i-hramy/skidelskoe/zhitomlya. – Дата доступа: 29.11.2018.

wwe wwe wwe wwe