Касцёл святога Мікалая (г.п. Мір, Карэліцкі р-н)

Помнік архітэктуры барока з рысамі рэнесансу і элементамі абарончага дойлідства. Першы драўляны касцёл у Міры быў пабудаваны ў пачатку XVI ст. Іллінічамі. Затым на яго месцы Радзівілы пабудавалі ў 1585 г. новы драўляны касцёл св. Мікалая, асвячоны 18 кастрычніка 1587 г. У 1599 г. князь Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка пачаў будаўніцтва мураванага храма, які быў пабудаваны ў 1605 годзе. Аўтарства касцёла прыпісваюць архітэктару італьянцу Дж. М. Бернардоні.

У 1604−1609 гг. побач з касцёлам, злева ад уваходнай брамы, была пабудавана двухпавярховая плябанія. Паводле інвентароў 1719–1732 гг., на першым паверсе плябаніі знаходзіліся сенцы, падлога ў іх была цагляная, столь скляпеністая. Пад плябанскім домам меліся два скляпы, адзін на два закратаваныя акны з боку двара, другі — на адно. Уваходы ў скляпы былі з сеняў. Пры плябаніі была таксама мураваная ўваходная брама.

На працягу стагоддзя вонкавы выгляд касцёла не мяняўся. У 1710 г. па ініцыятыве князя Караля Станіслава Радзівіла касцёл быў капітальна адрамантаваны. Пры касцёле з XVIII ст. існавалі парафіяльная школа і шпіталь брацтва св. Шкаплера. У 1845 г. праведзены рамонт касцёла на ганарары, сабраныя ў выніку аб'яўленай у 1846 г. У. Сыракомлем агульнапольскай акцыі перакладу лацінскіх паэтаў на польскую мову.

Пра тагачасны выгляд касцёла сведчаць інвентары 1719, 1721, 1732 гг. Касцёл меў адну вежу на галоўным фасадзе. Да ўвахода ў касцёл вёўмураваны ганак. Уваходныя дзверы былі вялікія двайныя з “форткай”. Бабінец асвятляўся празь два акны. З бабінца ў касцёл вялі дзверы сталярскай работы. Падлога ў касцёле была цагляная, часткова выкладзена мармуровымі плітамі. Усіх акон налічвалася 13, верхнія вокны мелі алавяную аправу. З абодвух бакоў касцёла размяшчаліся капліцы. Пад апсідай была размешчана прасторная скляпеністая крыпта, у якой знаходзілася каля 30 пахаванняў (у 1866 г. крыпта закапана).

На ўваходзе на касцельныя могiлкi стаяла мураваная вялікая брама, крытая дахоўкай і ўвянчаная трыма купаламі і жалезнымі крыжамі. На браме меліся адзін вялікі звон і тры меншыя. З правага боку ад брамы стаяла драўляная званіца з бруса, на якой быў адзін вялікі звон.

Пасля паўстання 1863−1864 гг. касцёл быў закрыты, 7 кастрычніка 1865 г. пераасвячоны ў праваслаўную царкву св. Мікалая. У 1876 г. падчас рамонту перакрыты жалезам ніжні ярус храма. У 1888 г. заменены ўвесь астатні драўляны дах на жалезны, пры гэтым зменены яго выгляд адпаведна праваслаўнаму канону з уладкаваннем драўлянага купала над алтарнай часткай.

У 1921 г. храм быў вернуты католікам, дзейнічаў да 1940-х гг. За пасляваенны перыяд былі разбураны два верхнія ярусы вежы, дзве бакавыя круглыя вежачкі.

У 1990 г. касцёл зноў пачаў дзейнічаць, у 2001 г. пачаліся рэстаўрацыйныя работы.

Зараз касцёл уяўляе сабой мураваную трохнефную трохвежавую базіліку. Цэнтральны неф з паўкруглым прэсбітэрыем завяршаецца на галоўным фасадзе вялікай квадратнай у плане чатырох'яруснай вежай з шатровым дахам. Вежа падзялялася прафіляванымі карнізамі на ярусы, аздобленыя глыбокімі нішамі. Бакавыя нефы на галоўным фасадзе завершаны круглымі ў плане вежачкамі з вітымі ўсходамі, з боку алтарнай часткі закругленымі ў плане сакрысціямі, абапал якіх — больш высокія гранёныя аб'ёмы, што нагадваюць трансепт. Бакавыя фасады, пазбаўленыя дэкору, прарэзаныя высокімі аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Дзверы аздобленыя мастацкай акоўкай. Унутры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычным з распалубкай, бакавыя — крыжовымі скляпеннямі. На другім ярусе вежы — хоры для аргана.

Бібліяграфія:

1. Габрусь, Т. В. Мірскі Мікалаеўскі касцёл / Т. В. Габрусь // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993.– С. 348.

2. Габрусь, Т. В. Мураваныя харалы: сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. – Мінск : Ураджай, 2001. – 287 с. Са зместу: [Мікалаеўскі касцёл у Міры]. С. 77−78.

3. Габрусь, Т. В. Саборы помняць усё: готыка і рэненсанс у сакральным дойлідстве Беларусі / Т. В Габрусь. – Мінск : Беларусь, 2007. – 167 с. Са зместу: [Мірскі парафіяльны касцёл]. С. 104−107.

4. Комплекс Мікалаеўскага касцёла // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 382−383.

5. Кулагін, А. М. Касцёл святога біскупа Мікалая / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы Беларусі / А. М. Кулагін. – Мінск, 2008. – С. 236.

6. Кулагін, А. М. Касцёл святога Мікалая / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі : энцыкл. давед. / А. М. Кулагін. – Мінск, 2000. – С.101.

7. Мікалаеўскі касцёл (Мір) [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki/. – Дата доступу: 24.10.19.

8. Самбук, С. Ф. Мікалаеўскі касцёл / С. Ф. Самбук // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 216.

wwe wwe wwe wwe wwe