Дзмітрыеўская царква з брамай і домам старасты (в. Шчорсы)

Першыя звесткі пра існаванне ў мястэчку Шчорсы праваслаўнай царквы дайшлі да нас з часоў ранняга сярэднявечча. На рызе храмавай іконы святога вялікамучаніка Дзмітрыя Салунскага мелася дата – 1386 год. Гэта старажытная ікона шанавалася мясцовымі жыхарамі як цудатворная. Яе памер складаў 1 аршын 12 вяршкоў. Ікону, напісаную на палатне, упрыгожвала сярэбраная рыза.

Як сведчыць паданне, храм быў пабудаваны па абету, які даў пачынальнік магнацкага роду Храптовічаў у знак падзякі святому вялікамучаніку Дзмітрыю за вызваленне ад пагібелі пад час бітвы з татарамі. Магчыма, з гэтай падзеі і пачалася гісторыя Шчорсаўскай Свята-Дзмітрыеўскай Царквы. Верагодна, што храм і ікона з’явіліся ў Шчорсах адначасова. Па звестках 1488, 1549 гг. царква ў Шчорсах была праваслаўнай. У 1680 годзе гэта быў ўжо ўніяцкі парафіяльны храм, у прыход якога ўваходзіла 323 чалавека. У 1758 годзе старая, драўляная Свята-Дзмітрыеўская царква згарэла.

У 1770−1776 гадах на месцы старой царквы шчорсаўскі памешчык, граф Іаахім Літавор Храптовіч, паставіў новы мураваны храм. Царква была пабудавана ў выглядзе карабля па праекту італьянскіх архітэктараў Дж. Сака і К. Скампані, кіраваў пабудовай французкі архітэктар Якуб Габрыель. Пасля 1812 года ў Свята-Дзмітрыеўскай царкве знаходзіўся цудатворны спісак Ціхвінскай іконы Божай Маці. У 1930 гады царква вельмі пацярпела ад пажару, але была адбудавана. У гады ганенняў, у канцы 1950-х гадоў, храм быў зачынены, перабудаваны ў спартыўны зал, а затым у зернесховішча. У 1988 годзе быў вернуты Праваслаўнай царкве і адноўлены.

Архітэктура храма спалучае рысы барока і класіцызму. Ёй уласцівы важкая манументальнасць і стрыманасць дэкаратыўных сродкаў. Прамавугольны ў плане аб'ём пад пакатым двухсхільным дахам уключае ў сябе ўсе тры асноўныя часткі храма: уваходную (нартэкс з хорамі над ім), малітоўную залу і алтарную апсіду з сакрыстыямі па баках. Такая лапідарнасць і спрошчанасць кампазіцыі, як і магутны аркадны «паладыянскі» порцік (далучаны да галоўнага фасада), характэрныя для класіцызму. У той жа час вытанчанасць прапорцый, двух'яруснае чляненне бакавых фасадаў (накшталт базілікі) шырокім поясам антаблемента, вырашэнне галоўнага фасада ў выглядзе самастойнай сценкі-кулісы, якая выступае па баках за межы нефа, — усё гэта архітэктурныя прыёмы барока. Прастора інтэр’ера перакрыта цыліндрычным скляпеннем па распалубках і падпружных арках. Над уваходам – хоры. Сцены дэкарыраваны прафіляваным карнізам, нішамі, падвойнымі піліястрамі карынфскага ордэра.

Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

Бібліяграфія:

1. Габрусь, Т. В. Мураваныя харалы: сакральная архiтэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. − Мінск : Ураджай, 2001. − 287с. Са зместу: [Шчорсаўская Дзмітрыеўская царква]. С. 198.

2. Кулагін, А. М. Шчорсаўская Дзмітрыеўская царква / А. М. Кулагін // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. М. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 491.

3. Новогрудской епархии – 690 / Свято-Успенский Жировичский ставропигиальный мужской монастырь. – Жировичи, 2007. – 240 с.Из содерж.: [Щорсовская Дмитриевская церковь]. С. 24− 25.

4. Кулагін, А. М. Свята-Дзмітрыеўская царква / А. М. Кулагін // Праваслаўныя храмы на Беларусі : энцыкл.давед. / А. М. Кулагін. – Мінск, 2001. – С. 210.

5. Щорсовская Дмитриевская церковь // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 2. – С. 474.

6. Щорсовская Свято-Дмитриевская церковь // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 621.

7. Щорсовская Свято-Дмитриевская церковь // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 347./p>

8. Шчорсаўская Дзмітрыеўская царква // Жывая даўніна : інфарм.-краязн. бюл. / Навагруд. цэнтрал. раён. б-ка. – 2-е выд., перапр. і дап. – Навагрудак, 2012. – Вып. 2. – С. 13–14.

wwe wwe wwe wwe wwe