Дом-крэпасць

Аўтар праекта, будаўнік і першы ўладальнік “замачка” ў Гайцюнішках Пётр Нонхарт быў галандцам па паходжанні, які пакінуў радзіму ў другой палове XVI ст. і пасяліўся ў Вільні. Таленавіты галандзец удзельнічаў у аднаўленні віленскага замка пасля пажару 1610 г.

У пачатку XVII ст. П. Нонхарту перайшоў маентак Гайцюнішкі, у якім на месцы ранейшага драўлянага дома новы ўладальнік у 1611-1612 гг. узвёў мураваны сядзібны дом абарончага тыпу. Пасля смерці Нонхарта ў 1633 г. яго дачка Сюзанна Храптовіч, выконваючы волю бацькі, пабудавала паблізу дома-крэпасці евангелічную капліцу-кірху, дзе былі пахаваны П. Нонхарт і яго жонка Марыя Шэметава, а таксама наступныя ўладальнікі, якія ўсе, акрамя Эдуарда Рымшы (валодаў Гайцюнішкамі ў 30-я гг. XX ст.), былі кальвіністамі.

Вядома, што падчас Паўночнай вайны 1700-1721 гг. гайцюнішскі замак паспяхова вытрымаў асаду саксонскага войска Аўгуста II, якое спрабавала выбіць адтуль шведаў.

Некаторае ўяўленне аб стане і выглядзе гайцюнішскага дома дае нам інвентар 1844 г. і малюнак Н. Орды 1877 г. У архіўным дакуменце будынак характарызаваўся як “дом мураваны двухпавярховы, будынак стары ў гатычным стылі, зараз знаходзіцца ў эканамічным ужыванні, пад ім маюцца чатыры мураваныя скляпы. На двары знаходзіліся шматлікія гаспадарчыя пабудовы: кухня, стайня, свіран з прускага муру, вінакурня, кузня, млын вадзяны, сукнавальня і інш.”

Унутраная планіроўка дома была значна зменена ў 1950-я гг. Вонкавы выгляд значна не змяніўся. Замак уяўляе сабой сіметрычны прамавугольны ў плане двухпавярховы дом пад вальмавым дахам. Вуглы будынка аформлены ў выглядзе круглых вежаў, накрытых шатрамі. На ўваходзе трох’ярусная вежа-рызаліт. Фасады пазбаўлены дэкору. Руставанае абрамленне мае толькі галоўны ўваход. Ярусы цэнтральнай вежы вылучаны карнізнымі паясамі.

Да пазнейшых пераробак, якія змянілі выгляд дома-крэпасці, адносяцца прыбудова на галоўным фасадзе “ганка” з тэрасай, злучэнне трэцяга яруса вежы з дахам асноўнага аб’ёму і прыбудова ў сярэдзіне 1970-х гг. да тыльнага фасада аднапавярховага будынка.

Гайцюнішскі дом-крэпасць – унікальнае збудаванне, якое не мае прамых аналагаў у нашай краіне і за яе межамі. Уяўляе сабой рэдуцыраваны замак, пабудаваны па абагульненай схеме сярэдневяковых крэпасцей, прамавугольных у плане з вуглавымі і цэнтральнай вежамі. У той жа час па вонкаваму выгляду і ўнутранай прасторы адпавядае традыцыйным сядзібным дамам у Вялікім княстве Літоўскім і Польшчы ў ХІV-ХVІ стст. Строгасць вонкавага выгляду і адсутнасць дэкору на фасадах адпавядала як мясцовым архітэктурным традыцыям, так і нідэрландскай архітэктуры. Гайцюнішскі дом-крэпасць арганічна спалучыў перадавыя дасягненні заходнееўрапейскага дойлідства (галоўным чынам абарончага) ХІV-ХVІ стст. з мясцовымі традыцыямі.

Помнік 2 катэгорыі каштоўнасці, унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей (пратакол Навукова-метадычнай Рады № 71 ад 28.02.2002).

Адрас: Гродзенская вобласць, Воранаўскі раён, в. Гайцюнішкі.

Бібліяграфія:

1. Гайтюнишки, Гродненской области. Дом-крепость 1633 г. // Атлас памятников архитектуры и мемориальных комплексов Белоруссии / В. А. Чантурия. – Минск, 1983. – С. 61–62.

2. Гайтюнишский дом-крепость // Туристская энциклопедия Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 123–124.

3. Гайтюнишский дом-крепость // Туристские регионы Беларуси / под общ. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 285.

4. Гайцюнішкі // Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII-XVIII стст. / М. А. Ткачоў. – Мінск, 1978. – С. 99–101.

5. Гайцюнішскі дом-крэпасць // Архітэктура Беларусі: энцыкл. давед. / [рэдкал. А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 140–141.

6. Гайцюнішскі дом-крэпасць // Беларуская энцыклапедыя: ў 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1997. − Т. 4. – С. 441.

7. Гайцюнішкскі дом-крэпасць // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: ў 5 т. – Мінск, 1985. – Т. 2. – С. 9.

8. Глухов, И. Дом-крепость в Гайтюнишках / И. Глухов // Гродненская правда. – 1972. – 19 авг. – С. 2.

9. Дом-крепость // Памятники архитектуры и градостроительства Белоруссии / В. А. Чантурия. – Минск, 1986. – С. 171–172.

10. Дом-крепость в Гайтюнишках // История архитектуры Белоруссии / В. А. Чантурия. – Минск, 1985. – Т. 1. – С. 80–85.

11. Дом-крэпасць // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 349–350.

12. Дом-крэпасць // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць. – Мінск, 1986. – С. 141–142.

13. Замок в Гайтюнишках // Замки Белоруссии / М. А. Ткачев. – Минск, 1987. – С. 192–194.

14. Івуць, Н. Гайцюнішскі замак / Наталля Івуць // Воранаўская газета. – 2005. – 20 крас. – С. 3.

15. Схаваны шэдэўр // “Дрэмле памятка дзён…”: краязн. нарысы / Л. Пракопчык. – Мінск, 1991. – С. 47–51.

16. Сядзіба ў в. Гайцюнішкі // Памяць: гіст.-дакум. хроніка Воранаўскага раёна / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 2004. – С. 452.

17. Ткачоў, М. А. Замак ў вёсцы Гайцюнішкі / М. А. Ткачоў // З гісторыі краю і лёсаў людзей Воранаўшчыны: матэрыялы навук.-краязн. канф. (г. п. Радунь, 11 снеж. 2004 г.) / рэдкал.: Д. С. Аляшкевіч [і інш.]. – Ліда, 2006. – С. 267.

wwe wwe wwe wwe wwe