Дом-музей Элізы Ажэшкі

У канцы XVIII ст. на вул. Садовай у Гродне быў пабудаваны старадаўні драўляны аднапавярховы дом, вядомы як “шэры дворык” пісьменніцы Элізы Ажэшкі. На вуліцу Садовую Эліза Ажэшка пераехала ў 1894 г. у дом да свайго мужа Станіслава Нагорскага, адваката, актыўнага грамадскага дзеяча. Домік быў абабіты дошкамі, з нізкім дахам, накрытым цынкавай бляхай. З фасаду — балкон і дзве мансарды пафарбаваны ў шэра-блакітны колер, на якім выдзяляліся дзверы, вокны і аканіцы.

Уваход у домік — з вуліцы па невысокіх сходах. Дзверы з левага боку вялі ў салонік з мармуровым камінам, справа знаходзіўся вялікі салон з трыма вокнамі. Гасцёўні і службовыя пакоі размяшчаліся ў правым крыле дома і на другім паверсе. Насупраць уваходных дзвярэй — сталовая, адкуль быў выхад на ганак: вялікі, вясковы, на чатырох слупах.

У гэтым сціплым доме часта можна было сустрэць вядомых вучоных і грамадскіх дзеячаў, сярод іх — Ф. Багушэвіч, М. Канапніцкая, У. Рэймант, Я. Карловіч і іншыя. Штогод на Каляды гаспадыня доміка ладзіла святы вакол елкі для дзяцей-сірот. Яна праводзіла літаратурныя вечары, арганізоўвала масавыя чытанні.

У гэтым доме Эліза Ажэшка жыла да канца сваіх дзён. 18 мая 1910 года яе не стала. Пасля смерці пісьменніцы дом перайшоў да яе спадкаемцаў Максіміліяна і Марыі Абрэмскіх. У 1911 г. ён быў перададзены гродзенскаму таварыству апекі над дзецьмі. У 1920-я гг. дом знаходзіўся пад кіраваннем Польскай мацежы школьнай.

Акрамя згаданага таварыства апекі над дзецьмі, у ім размясцілася гандлёвая школа. У 1940 г. у доме адчынілася музычная школа. У 1945 г. працавала гродзенская кантора “Аблпраект” і станцыя па пераліванню крыві, трохі пазней — Дом піянераў.

У 1953 г. на доме ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар Э. Ажэшкі.

У 1958 годзе ў доме пісьменніцы адкрыта чытальная зала імя Э. Ажэшкі, у красавіку 1965 года — юнацкі філіял, у 1966 — аддзел літаратуры на замежных мовах Гродзенскай абласной бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага.

З 1965 да 2000 года тут знаходзілася гродзенскае аддзяленне Саюза пісьменнікаў БССР. Па рашэнні Гродзенскага аблвыканкама 18 чэрвеня 2001 года да 160-годдзя з дня нараджэння Э. Ажэшкі ў “шэрым доміку” адчынены мемарыяльны пакой, прысвечаны жыццю і творчасці пісьменніцы. Тут захаваліся: мармуровы камін, драўляны тамбур, упрыгожаны разьбой, і балконная агароджа. Для гарадзенцаў і гасцей Гродна праводзяцца экскурсіі на беларускай, рускай, польскай, англійскай і нямецкай мовах.

У 2009 годзе зроблены капітальны рамонт і мадэрнізацыя будынка.

Бібліяграфія:

1. Ажэшкі № 17 — Дом Элізы Ажэшкі // Біяграфія гарадзенскіх вуліц: ад Фартоў да Каложы / аўт.: А. Вашкевіч [і інш.]. – Гародня, 2012. – С. 19−20.

2. Вишневская, Т. Домик Ожешко закрыт на капитальный ремонт / Т. Вишневская // Перспектива (Гродненский район). − 2008. − 17 апр. − C. 4.

3. Гродненский дом Элизы Ожешко // Туристская энциклопедия Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 157−158.

4. Гродненский дом-музей Элизы Ожешко // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 290.

5. Домік Элізы Ажешкі / Гродзен. абл. навук. б-ка імя Я. Ф. Карскага. − Гродна, 2012. − 2 с.

6. Забудова вул. Ажэшкі // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск, 2009. – С. 306−307.

7. Забудова вуліцы Ажэшка / С. Г. Багласаў [і інш.] // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 55−57.

8. Саяпин, В. Городскими улицами [Гродно]: путешествуем по Ожешко / В. Саяпин // Гродно. − 2016. − № 2. − С. 34−39.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe