Фрагменты ансамбля былога палаца Храптовічаў: флігель, вяндлярня, парк, бібліятэка (в. Шчорсы, Навагрудскі р-н)

Палацава-паркавы комплекс Храптовічаў — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й паловы XVIII – пач. XIX ст. Уключаў палац, павільён бібліятэкі, два флігелі, службовыя і гаспадарчыя пабудовы (у т. л. вяндлярню), парк. У канцы XIX − пач. XX ст. належыў графу Буцянёву. Палацава-паркавы ансамбль у 1770-я гг. заснаваў вядомы беларускі магнат і дзяржаўны дзеяч Іахім Літавор Храптовіч (1729−1812). Праект быў заказаны італьянскаму архітэктару Джузепе Сака, інтэр'еры выконваў Карла Спампоні, будаўнічымі работамі кіраваў Якуб Габрыэль. Такім чынам, у перыяд 1770–1776 гг. у Шчорсах для Храптовіча працавала адна з самых моцных па творчаму патэнцыялу архітэктурных садружнасцей у Рэчы Паспалітай.

Галоўны, цэнтральны будынак комплесу – белакаменны, грацыёзны палац з квадратным вестыбюлем і круглай залай у цэнтры – сумяшчаў элементы позняга барока і класіцызму. Будынак вызначаўся вытанчанасцю дэкаратыўных форм: пілястры, лапаткі, замковыя камяні і інш. У афармленні інтэр'ераў удзельнічалі мастакі Манькоўскі і А. Смуглевіч, выкарыстаны карціны Ю. Карчэўскага.

Да палаца ў пачатку XIX ст. былі прыбудаваны два сіметрычна размешчаныя аднапавярховыя прамавугольныя ў плане флігелі, накрытыя высокімі чатырохсхільнымі дахамі з чарапічным пакрыццём і барочнымі мансарднымі вокнамі. Ва ўсходнім флігелі знаходзілася стайня, дзверы стойлаў для коней былі аформленыя як нішы, з боку палаца размяшчаўся дом конюха. У заходнім флігелі (захаваўся) размяшчаліся службовыя памяшканні, дзе жылі войт, чэлядзь, фурманы, майстры і інш. Сярод гаспадарчых пабудоў (кухня, майстэрні, вазоўня і інш.) вылучаўся будынак вяндлярні, узведзены на мяжы XIX—XX стагоддзяў з чырвонай цэглы. Круглая вежападобная пабудова з высокім гонтавым дахам, заломам на пакатым шатровым пакрыцці. На даху плаўнымі лініямі выступаюць пукатыя душнікі. Сцены аздобленыя лапаткамі, карнізамі простага профілю і лучковымі перамычкамі над аконнымі і дзвярнымі праёмамі. Унутраная прастора падзеленая на ярусы для размяшчэння прадуктаў вэнджання.

Ансамбль палаца ўключаў і фантан. У час археалагічных раскопак былі выяўлены рэшткі керамічнага водаправода XVIII стагоддзя. Уязная алея падводзіла да брамы, аформленай у барочным стылі. Яна складалася з моцных варот чыгуннага ліцця, падвешаных на мураваных пілонах, злучаных фігурным гербавым шчытом. Шырокія слупы прамавугольнага сячэння мелі па краях руставаныя лапаткі, у верхняй частцы завяршаліся карнізам з пастаўленымі на ім літымі скульптурнымі групамі ў выглядзе антычных кампазіцый, са сцягоў і ваенных атрыбутаў. Аўтарам гэтых скульптурных кампазіцый з'яўляўся К. Спампані.

Шчорсаўскі палац быў выдомы Еўропе сваёй вялікай і ўнікальнай бібліятэкай. Іахім Храптовіч быў заўзятым бібліяфілам. Менавіта ён заснаваў прыватную бібліятэку, вядомую як “Бібліятэка Храптовічаў”, якая стала значнай культурнай з’явай на Беларусі. Яна збіралася на працягу другой паловы XVIII і першай паловы XIX стагоддзя. Іахім Храптовіч пачаў збіраць сваю бібліятэку ў Варшаве, а потым перавёз у свой родны маёнтак у Шчорсы. У канцы XVIII стагоддзя спецыяльна для бібліятэкі ўзведзены двухпавярховы будынак у стылі класіцызму. Згодна з гістарычнымі звесткамі, бібліятэка налічвала больш за 15 000 асобнікаў (па некаторых крыніцах, нават да 20000). Па тэматыцы калекцыя кніг, рукапісаў і архіўных дакументаў, сабраная ў Шчорсах, вылучалася асаблівай разнастайнасцю. У ёй меўся амаль поўны збор твораў грэчаскіх і рымскіх класікаў, французскіх і італьянскіх аўтараў, літаратура па прыродазнаўству, філасофіі, рыторыцы, філалогіі. Значную частку бібліятэкі складалі каштоўныя выданні па гісторыі, геаграфіі, эканоміцы Польшчы XVI–XVIII стагоддзяў. Разнастайнымі шляхамі папаўнялася бібліятэка І. Храптовіча. Частка кніг, сярод якіх асабліва каштоўныя кірылічныя выданні, ён набыў за бясцэнак у час касацыі езуіцкіх кляштараў у 1773 г. у Галіцыі. Храптовічу таксама ўдалося «пазычыць» частку кніг са славутай бібліятэкі вядомага бібліяфіла Ю.Залускага, калі яе перавозілі з Варшавы ў С.-Пецярбург праз Гродна ў 1768 г. Многія рэдкія выданні І. Храптовіч атрымаў у падарунак ад прыватных асоб. Нейкім чынам Храптовічу ўдалося выкупіць частку вельмі каштоўнага кнігазбору кардынала Джузепе Імперыалі, які таксама збіраў сучасныя яму выданні на польскай, французскай і іншых мовах. У шчорсаўскім кнігазборы былі і заходнееўрапейскія выданні ХV−ХVIII стагоддзяў – творы антычных аўтараў, старажытнагрэчаскіх гісторыкаў. Храптовіч скамплектаваў большасць існуючых на той час энцыклапедычных выданняў, шматлікую перыёдыку Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, некаторых еўрапейскіх краін. Асабліва трэба адзначыць каштоўнасць рукапіснага аддзела. Выкарыстоўваючы свае магчымасці канцлера, Іаахім Храптовіч арганізаваў капіраванне важнейшых дакументаў і каштоўных кніг. Калі ў 1880 годзе зрабілі пералік Шчорсаўскай бібліятэкі, у кнігазборы аказалася каля 26 тысяч тамоў.

Багатая калекцыя ў Шчорсах прыцягвала да сябе вядомых людзей, вучоных, грамадскіх дзеячаў. Тут займаліся малады Адам Міцкевіч, яго настаўнік, прафесар−гісторык Іаахім Лялевель, віленскі астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі, паэты Антон Эдвард Адынец і Уладзіслаў Сыракомля, гісторыкі Мікалай Маліноўскі, Ігнат Даніловіч, Іосіф Ярашэвіч. Пасля смерці Адама Храптовіча (сына Іахіама Храптовіча) унікальная калекцыя кніг і рукапісаў распалася, ацалелая яе частка зараз знаходзіцца ў Нацыянальнай бібліятэцы Украіны імя У. І. Вярнадскага.

Адначасова з палацам у апошняй чвэрці XVIII ст. на раўнінным рэльефе быў закладзены парк пейзажнага тыпу плошчай каля 40 га . Парк лічыўся лепшым ва ўсім Наварудскім павеце. Цэнтрам кампазіцыі быў, зразумела, палац. Шырокая ўязная алея ў чатыры рады ліп вяла да асноўнага паркавага масіву, які цягнуўся на захад і паўночны захад ад палаца і меў пейзажную арганізацыю вакол велізарнага партэра з хмызняком і кветнікамі, ахоплены пандусамі. Ад цэнтральнага ўчастку аддзелены суцэльны лясны масіў, на ўзлеску якога знаходзіцца помнік прыроды, так званы “дуб Міцкевіча”, пад якім, паводле падання, паэт быццам пісаў сваю “Гражыну”. Першапачатковая кампазіцыя не захавалася. Зараз парк набыў рысы лесапаркавай зоны.

Падчас Першай сусветнай вайны палацава-паркавы ансамбль у Шчорсах быў моцна пашкоджаны. Асабліва пацярпеў палац. У час грамадзянскай вайны ўся маёмасць Храптовічаў была нацыяналізавана, каштоўная калекцыя старажытнасцей і твораў мастацтва вывезена ў Маскву, а архіў – у Пецярбург. Пасля 1920 г. А. Храптовіч-Буцянёў упарадкаваў гаспадарку маёнтка. Ён адрамантаваў для пражывання шматлікай сям'і флігель эканома маёнтка. Пасля Другой сусветнай вайны маёнтак Шчорсы стаў часткай мясцовага калгаса. Асноўныя збудаванні комплексу прыйшлі ў канчатковы заняпад, парк запушчаны і забалочаны.

Да нашага часу захаваліся скляпеністыя падвалы цэнтральнага корпуса палаца, заходні флігель, бібліятэка, вяндлярня.

За 1 км на захад ад комплексу з чырвонай цэглы ў рэтраспектыўных формах замкавага дойлідства пабудаваны гаспадарчы двор, т.зв. мураванка Храптовічаў: карпусы стайняў і вуглавыя круглыя вежы.

Фрагменты ансамбля былога палаца Храптовічаў (флігель, вяндлярня, парк, бібліятэка) унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Бібліяграфія:

1. Аляксееў, Л. В. Гродна і помнікі Панямоння / Л. В. Аляксееў. – Мінск : Бел. навука, 1996. – 191 с.Са зместу: [Сядзіба ў Шчорсах]. С. 105−110.

2. Анціпаў, В. Р. Шчорсаўскі палацава-паркавы ансамбль / В. Р. Анціпаў, А. М. Кулагін // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. М. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 491.

3. Бібліятэка Храптовічаў // Гісторыя беларускай кнігі: у 2 т. / пад агул. рэд. М. В. Нікалаева. − Мінск, 2011. − Т. 2. − С. 173.

4. Габрусь, Т. В. Шчорсаўскі палацава-паркавы ансамбль / Т. В. Габрусь // Страчаная спадчына / Т. В. Габрусь [і інш]. – Мінск, 2003. – С. 227−230

5. Марціновіч, А. А. Вялікі духоўны скарб : [бібліятэка Храптовічаў] / А. А. Марціновіч // Гісторыя праз лёсы / А. А. Марціновіч. – Мінск, 2018. – Т. 4. − С. 163−166.

6. Мотульский, Р. С. Из прошлого в будущее. Библиотеки Беларуси : в 2 ч. / Р. С. Мотульский. – Минск : Бел. энцыкл. імя П. Броўкі, 2011. – Ч. 1. – 256 с. Из содерж.: [Библиотека Хрептовичей]. С. 219−220.

7. Наша спадчына. Гістарычны і сённяшні дзень вёскі Шчорсы : рэк. бiблiягр. спіс літ. / склад.: А. В. Макарэвіч [і інш.] ; Навагруд. цэнтрал. раён. б-ка, Шчорсаўс. б-ка-філіял. − Навагрудак, 2005. – 18 с./p>

8. Пракопчык, Л. “Дрэмле памятка дзён …” : краязн. нарысы / Л. Пракопчык. – Мінск, 1991. – 174 с.Са зместу: [пра Шчорсаўскаю бібліятэку]. С. 52−60.

9. Рошчына, Т. Бібліятэка Храптовічаў / Т. Рошчына, А. Фурс // Памяць. Навагрускі раён : гіст.-дакум. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Э. Н Гнеўка, П. В. Мікульчык, А. Л. Петрашкевіч. – Мінск, 1996. – С. 227−231.

10. [Фрагменты ансамбля былога палаца Храптовічаў: флігель, вяндлярня, парк, бібліятэка] // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 404−405.

11. Фурс, А. Бібліятэка Храптовічаў / А. Фурс // Вялікае княства Літоўскае : энцыкл. : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. – Т. 1. − Мінск, 2005. – С. 328.

12. Фурс, А. Бібліятэка Храптовічаў: пошукі, знаходкі, перспектывы / А. Фурс // Здабыткі : дакументальныя помнікі на Беларусі. − Мінск, 2005. − Вып. 7. − С. 43–49.

13. Шамов, В.П. Иохим Литавор Хрептович и его библиотека в Щорсах / В. П. Шамов // Краеведение Беларуси : пособие / В. П. Шамов. − Минск, 2014. – С. 110–114.

14. Шчорсаўскі палацава-паркавы ансамбль // Жывая даўніна : інфарм.-краязн. бюл. / Навагруд. цэнтрал. раён. б-ка. – 2-е выд., перапр. і дап. – Навагрудак, 2012. – Вып. 2. – С. 16.

15. Шчорсаўскі палацава-паркавы комплекс // Культура Беларусі : энцыкл. / рэдкал.: У. У. Андрыевіч (гал. рэд.) [і інш.] – Мінск, 2015. – Т. 6. – С. 467−468.

16. Щорсовский дворцово-парковый комплекс // Регионы Беларуси : энцикл. : в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2015. – Т. 4, кн. 2. – С. 474−475.

wwe wwe wwe wwe wwe wwe