Фарны касцёл Праабражэння Гасподняга (г. Навагрудак)
Помнік архітэктуры готыкі і позняга барока (пач. XV ст. – пач. XVIII ст.).
Першы драўляны храм пабудаваны ў 1395 г. пры вялікім князі Вітаўце на месцы колішняга язычніцкага капішча, перабудаваны ў стылі сармацкага барока ў пачатку XVIII ст. Першапачаткова касцёл быў асвячоны ў імя Усіх Святых, пазней − Касцёл Божага Цела, а з 1776 г. – Праабражэння Гасподняга. У гэтым старажытным храме польскі кароль Уладзіслаў Ягайла ў 1422 г. узяў шлюб з Соф’яй, князёўнай Гальшанскай. У 1920-я гады на сцяне старадаўняга гатычнага касцёла, уключанага ў сучасны храм у выглядзе капліцы, умуравалі табліцу на памяць аб вянчанні.
У 1643 г. па загаду навагдудскага кашталяна Яна Рудаміны-Дусяцкага ў паўночную сцяну капліцы Божага Цела ўмуравана мемарыяльная пліта ў памяць аб браце і паплечніках, загінуўшых у баі з туркамі пад Хоцінам у 1621 г. Твор манументальнага мастацтва выкананы ў стылі рэнесансу.
14 ліпеня 1714 г. каад’ютарам віленскага біскупа мацеем Анцутам быў асвячоны краевугольны камень новага мураванага касцёла. Будаўніцтва вялося ў 1719−1726 гг. Вядома, што святыню ўзводзілі мясцовыя будаўнікі-муляры: Якуб Бокша, Юрый Урлоўскі, Андрэй Шарэцкі, Юрый Стапкоўскі. У 1723 г. касцёл асвячоны пад тытулам Божага Цела. Уяўляў сабой аднанефавую базіліку з паўкруглай апсідай і дзвюма вежамі на галоўным фасадзе. У кампазіцыю касцёла былі ўключаны дзве гранёныя капліцы ранейшага гатычнага касцёла XIV−XV стст. У 1776 г. рэканструяваны і асявячоны біскупам Жулкоўскім у гонар Праабражэння Гасподняга. У гэтым храме 12 лютага 1799 г. быў ахрышчаны сын Барбары і Мікалая Міцкевічаў, які атрымаў імя Адам. З гэтай нагоды ў 1920-я гг. на сцяне касцёла, злева ад уваходу, усталявана мемарыяльная дошка. У 1812 г. французы ўчынілі ў храме прадуктовы склад, пасля чаго да 1857 г. касцёл не выкарыстоўваўся для набажэнства. Закрыты пасля падаўлення паўстання 1863 г., у выніку прыйшоў у заняпад. У 1905 г. храм быў вернуты каталікам, але яго аднаўленне пачалося толькі ў 1921 г. У 1922 г. біскуп З. Лазінскі нанава асвяціў касцёл. Парафія афіцыйна адрадзілася ў 1929 годзе, а святыня была аддадзена пад апеку сясцёр-назарэцянак.
Храм уяўляе сабой аднанефавую базіліку з паўкруглай апсідай і дзвюма вежамі на галоўным фасадзе. Да яе з паўночнага боку далучана прамавугольная ў плане сакрысція. Галоўны (заходні) фасад па вертыкалі мае трохчасткавае чляненне. Цэнтральная частка завершана высокім трохвугольным шчытом, бакавыя фланкіраваны невысокімі чацверыковымі вежамі. Асноўны дэкаратыўны матыў галоўнага фасада – плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы. Сцяна бакавога паўночнага фасада раскрапавана шырокімі лапаткамі, паміж якімі паўцыркульныя аконныя праёмы. З правага боку да касцёла дабудаваны дзве капліцы гатычнага паходжання (захаваліся ад першапачатковага касцёла XIV−XV стст). У капліцах захаваліся нервюрныя зоркавыя скляпенні. Унутранае памяшканне зальнага характару. Сцены члянёны пілястрамі. Памяшканне перакрыта цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, над уваходам – хоры. Паводле інвентара 1867 г., храм быў крыты гонтай. У касцёле налічваліся галоўны алтар, два бакавыя і два ў капліцах. Алтарны абраз быў выкананы мастаком Францішкам Смуглевічам. Паміж калонамі пастаўлены скульптурныя выявы 4 евангелістаў. Падлога была цагляная, пад ёй два вялікія скляпы. Усіх акон налічвалася сем і па два ў капліцах. З левага боку ад прастола была рызніца на адно акно.
Побач з касцёлам знаходзіцца памятны камень у гонар адзінаццаці сясцёр-назарэцянак, забітых гітлераўцамі 1 жніўня 1943 года. Саркафаг з астанкамі бласлаўлёных сясцёр знаходзіцца ў бакавой капліцы касцёла. Касцёл – помнік рэспубліканскага значэння.
Бібліяграфія:
1. Габрусь, Т. В. Навагрудскі фарны касцёл / Т. В. Габрусь // Архітэктура Беларусі : энцыкл. давед. / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск, 1993. – С. 360.
2. Казакова, І. В. Каменны пояс Беларусі / І. В. Казакова. – Мінск : РІВШ, 2009. – 170 с. Са зместу: [Навагрудскі Фарны касцёл]. С. 27-28.
3. Кулагін, А. М. Касцёл Перамянення Гасподняга (фарны) / А. М. Кулагін // Каталіцкія храмы на Беларусі / А. М. Кулагін ; фат. А. Л. Дыбоўскі. – Мінск, 2008. – С. 250−251.
4. Лапцэвіч, Л. Г. Фарны касцёл / Л. Г. Лапцэвіч, Т. І. Чарняўская // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.]. – Мінск, 1986. – С. 267.
5. Новогрудский костел Преображения Господнего // Туристская энциклопедия Беларуси / под. ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2007. – С. 398.
6. Новогрудский костел Преображения Господнего // Туристские регионы Беларуси / под ред. И. И. Пирожника. – Минск, 2008. – С. 325.
7. Татаринов, Ю. А. Новогрудок или Новый городок / Ю. А. Татаринов // Города Беларуси. Гродненщина / Ю. А. Татаринов. − Минск, 2009. − С. 162−163./p>
8. Новогрудский фарный костел // Регионы Беларуси: энцикл.: в 7 т. / редкол.: В. В. Андриевич (гл. ред.) [и др.]. – Минск, 2014. – Т. 4, кн. 2. – С. 164−165.
9. Фарны касцёл з надмагільным помнікам загінуўшым у бітве пад Хоцінам у 1621 годзе // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / [склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк]. – Мінск, 2009. – С. 393
10. Фарны касцёл Праабражэння Гасподняга (Навагрудак). – Рэжым доступу: https://be.wikipedia.org/wiki/. – Дата доступу: 16.06.2019.